Не будзе памылкай сказаць, што глушчане асабліва пільна сачылі за тым, як літаральна на вачах мяняўся і набываў сучасны воблік наш кінатэатр «Арыён». Цяпер гэта ўжо не проста кінатэатр, які сумяшчаў адначасова і ролю канцэртнай залы, і — адзін час — дыскатэкі. Цяпер гэта мультыпрофільны Цэнтр культуры і вольнага часу, памяшканне стала ўтрая большым (была прыкладна тысяча «квадратаў», стала тры тысячы), і цяпер тут ёсць і глядзельная зала, і дысказала, і раённы ЗАГС, і класы для творчых заняткаў... Засталася, здаецца, толькі назва, а аблічча і ўнутранае «начынне» сталі зусім іншымі. Несумненна, абноўлены кінатэатр (думаецца, так «Арыён» яшчэ доўга будуць па старой памяці называць) зараз галоўнае ўпрыгажэнне Глуска, а бульвар Грахоўскага стане адным з любімых месцаў для адпачынку.
Усю гэту прыгажосць, дарэчы, паспелі давесці да толку ў тэрмін (а памятаеце, сумняваліся, гледзячы на «руіны», маўляў, работы непачаты край, хоць бы за год зрабілі), і падчас раённых «Дажынак» адбылося ўрачыстае адкрыццё Цэнтра культуры і вольнага часу «Арыён». Сярод людзей, што сабраліся да гэтай падзеі на бульвары Грахоўскага, часта гучалі словы «даўно» і «ніколі»: ніколі ў Глуску не было такіх «Дажынак», даўно (а можа, і ніколі) не было ў нас такіх грандыёзных пераўтварэнняў, даўно не было такіх мнагалюдных свят...
Тут можна ўспомніць, што з просьбай пра новы Дом культуры глушчане звярталіся да Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі (праз яго давераную асобу падчас сустрэчы ў верасні 2015 года). Тады ж задаваліся пытанні пра рэканструкцыю гарадской лазні, басейна, будаўніцтва сацыяльнага жылля. І, як бачым, усё паступова робіцца, працуюць у нас адрамантаваныя і лазня, і басейн, цяпер з’явіўся новы Цэнтр культуры.
Адкрыццё ў маленькім Глуску культурнага Цэнтра — падзея важная для ўсёй вобласці, бо і працавалі тут будаўнікі з усяго рэгіёна, і грошы — шэсць мільёнаў рублёў — выдзяляліся з абласнога бюджэту. Адкрываць «Арыён» прыехалі старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Міхаіл Русы, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Харытончык, прысутнічалі епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім, старшыня Глускага райвыканкама Сцяпан Чачуха, старшыня раённага Савета дэпутатаў Генадзь Ліпскі. Сярод ганаровых гасцей свята былі намеснікі губернатара, старшыні райвыканкамаў, кіраўнікі абласных, гарадскіх, раённых ведамстваў.
«Сёння ў Глуску мы маем магчымасць сустракаць свята працаўнікоў вёскі ў добрым, дагледжаным месцы, — сказаў Леанід Заяц. — Вялікія матэрыяльныя рэзервы, будаўнічыя сілы былі задзейнічаны, каб надаць новае аблічча гэтаму гарадку. Тое, што ёсць, мы маем дзякуючы будаўнікам, дарожнікам, службам камунальнай гаспадаркі...» Віншуючы глушчан з «абноўкай», Леанід Канстанцінавіч адзначыў, што добраўпарадкаванне гарпасёлка было адным з даручэнняў Прэзідэнта яму як губернатару — «асаблівую ўвагу звярнуць на аддаленыя рэгіёны». «Дзякуючы падтрымцы кіраўніка дзяржавы, дзякуючы жыхарам Глуска ў нас атрымалася ў кароткія тэрміны надаць новы воблік вашаму населенаму пункту», — падкрэсліў Леанід Заяц. Усяго на добраўпарадкаванне Глуска было выдзелена больш за 18 мільёнаў рублёў.
Работы вяліся па ўсіх напрамках — на аб’ектах адукацыі, медыцыны, на вуліцах і дарогах, у жылым сектары, зазначыў, выступаючы перад глушчанамі, кіраўнік Глускага раёна Сцяпан Чачуха і выказаў падзяку ўсім будаўнікам, якія працавалі ў гарпасёлку, а таксама Магілёўскаму аблвыканкаму, Бабруйскаму гарвыканкаму (хакейная пляцоўка — падарунак глушчанам ад горада Бабруйска). Добраўпарадкаванне на гэтым не спыніцца, запэўніў Сцяпан Чачуха, і важна, каб мы маглі не толькі прадоўжыць пачатае, але захаваць тое, што ўжо зроблена.
У завяршэнне мерапрыемства Сцяпан Чачуха перадаў сімвалічны ключ ад памяшкання Цэнтра культуры і вольнага часу яго дырэктару Наталлі Харц. Пасля гэтага ганаровыя госці, удзельнікі цырымоніі адкрыцця перарэзалі сімвалічную чырвоную стужку.
Дзякуй будаўнікам
Над рэканструкцыяй «Арыёна» працавала больш за дзвесце чалавек, некаторым з іх Леанід Заяц уручыў узнагароды. Ганаровай граматай Магілёўскага аблвыканкама адзначана ўнітарнае прадпрыемства «Дзяржбудэкспертыза па Магілёўскай вобласці», таксама за добрасумленную працу і значны асабісты ўнёсак Ганаровыя граматы атрымалі намеснік старшыні Глускага райвыканкама Аляксандр Анцюшэня, цясляр ААТ «Магілёўскі домабудаўнічы камбінат» Ілья Бако, муляр будаўнічага ўпраўлення № 59 Віталь Казакоў. Падзякі Магілёў-скага аблвыканкама аб’яўлены тынкоўшчыку Глускай ПМК № 249 Сяргею Шаехаву, арматуршчыку будаўнічага ўпраўлення № 53 Сяргею Духовічу, намесніку дырэктара ТАА «КрэатыўТэхБуд» Віктару Васіленку, мантажніку ААТ «Магілёўскі домабудаўнічы камбінат» Уладзіміру Бяляеву і муляру ўнітарнага прадпрыемства «Міжраённы домабудаўнічы камбінат» Сяргею Шапялевічу.
Калі мы разам
Размова пра змены, якія адбыліся ў Глуску за апошні час, вяліся і ў глядзельнай зале «Арыёна», куды запрасілі ганаровых гасцей і працаўнікоў сяла. Губернатар Леанід Заяц яшчэ раз падкрэсліў, што такія вялікія перамены — яскравы прыклад таго, што можна зрабіць, калі ўзяцца за справу разам, талакою. У райцэнтры адначасова ішла праца на амаль 100 аб’ектах, адрамантавана за гэты год 10 кіламетраў дарог, 4 кіламетры тратуараў... За добраўпарадкаванне і падрых-тоўку гарадскога пасёлка да святочных мерапрыемстваў Леанід Заяц уручыў Падзяку Магілёўскага аблвыканкама кіраўніку Глускага раёна Сцяпану Чачуху.
Звяртаючыся да аграрыяў, Леанід Заяц заўважыў, што Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК, напярэдадні якога ў Глуску праходзяць «Дажынкі», — гэта свята людзей, верных сваёй справе, людзей, якія ствараюць багацце краіны, і ўся краіна аддае ім даніну. У абласным караваі ёсць лепта і глускіх земляробаў, і яна можа і павінна з кожным разам павялічвацца. «Нам тут трэба вырабляць 30 тысяч тон хлеба, 30 тысяч тон малака, — падкрэсліў Леанід Заяц, — дзеля гэтага трэба пасябраваць з тэхналогіямі, падцягнуць дысцыпліну...» А для ўмацавання матэрыяльнай базы сельгаспрадпрыемстваў кіраўніку раёна перадалі ключы ад новых трактароў МТЗ 82.1 — яны адправяцца ў «Глускае райаграпрамтэхзабеспячэнне», «Турыно-агра» і «Зару Камуны». Ганаровыя граматы Магілёўскага аблвыканкама ад губернатара атрымалі трактарыст-машыніст Глускага РАПТЗ Сяргей Зімаеў, былы майстар-сырадзел Глускага масласырзавода Святлана Хаменка, аператар машыннага даення «Зары Камуны» Люба Скіндзер адзначана Падзякай аблвыканкама.
Лічбы і факты
«Уборачная кампанія заўсёды сур’ёзны экзамен для хлебаробаў, які выстаўляе рэальныя ацэнкі, і ўборка-2019 не выключэнне, — старшыня Глускага райвыканкама Сцяпан Чачуха ў сваім дакладзе падвёў вынікі і назваў лічбы, з якімі Глушчына сустракае "Дажынкі". — Было зроблена ўсё, каб пазбегнуць страт. Удзельнікамі жніва былі 27 экіпажаў, на адвозцы зерня — больш за 30 машын. Ураджайнасць зерневых і зернебабовых культур у раёне склала 19 цэнтнераў з гектара, што на 1,3 цэнтнера вышэй, чым у мінулым годзе. Валавы збор зерня — 14 190 тон, у тым ліку намалот зерня кукурузы — 2769 тон. Рост валавога намалоту зерня атрымалі тры гаспадаркі з шасці: "Глуская Зара" (на 30%), "Турыно-агра" (на 22%) і "Слаўгарадскі" (на 16,7%). Задача на наступны год: павялічыць валавы збор зерня як мінімум у два разы».
Сцяпан Чачуха заўважыў, што сяголета праведзена вялікая работа па ачыстцы палёў ад пустазелля: унесены гліфасаты на плошчы 5700 гектараў. Ідзе накапленне мінеральных удабрэнняў. У раёне нарыхтавана болей за 27 тысяч тон кармавых адзінак травяністых кармоў, гэта 114,5 працэнта да мінулагодняга ўзроўню. Каб яшчэ болей умацаваць кармавую базу, налета пашырацца плошчы пад кукурузу, прадоўжыцца залужэнне і перазалужэнне сенакосаў і паш, асаблівая ўвага — пасеву бабовых, канюшыны і люцэрны. Працягнецца абнаў-ленне машынна-трактарнага парку. У параўнанні з мінулым годам адзначаецца рост пага-лоўя буйной рагатай жывёлы ва ўсіх гаспадарках (на 1634 галавы ў цэлым па раёне), а рэканструкцыя васьмі памяшканняў для ўтрымання жывёлы, якая будзе завершана да канца года, дасць магчымасць размясціць дадаткова каля 1000 галоў.
Сваё выступленне Сцяпан Чачуха завяршыў віншаваннямі з нагоды свята і словамі падзякі ўсім, хто мае дачыненне да сельскай гаспадаркі і да вырашэння праблем і клопатаў Глушчыны, а таксама ўручыў дыпломы пераможцам раённых спаборніцтваў за своечасовае і якаснае правя-дзенне вясенняй сяўбы і за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых раслін (іх імёны і прозвішчы мы друкавалі ў мінулым нумары раённай газеты). Акрамя гэтага, Ганаровыя граматы і Падзячныя пісьмы Глускага райвыканкама атрымалі ад старшыні і некаторыя іншыя працаўнікі вёскі.
Эстафета віншаванняў
Эстафету віншаванняў пад-хапілі ў гэты дзень яшчэ многія: на сцэну «Арыёна» з узнагародамі і падарункамі падымаліся старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўс-кага аблвыканкама Віктар Віткоўскі, старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Харытончык, старшыня Магілёўскага абкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Гейдэль, старшыня Глускага райкама галіновага прафсаюза Надзея Жук, генеральны дырэктар ААТ «Бабушкіна крынка» Генадзь Скітаў, кіраўніцтва ААТ «Бабруйскі мясакамбінат». Кветкі і падарункі таксама атрымалі ветэраны сельскагаспадарчай працы. Агульным жа падарункам для ўсіх запрошаных на афіцыйнае мерапрыемства стаў цудоўны канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.
Тое, што трэба!
Такой колькасці людзей, такога багацця і разнастайнасці тавараў Глуск, мабыць, яшчэ не бачыў, ва ўсялякім выпадку, на маёй памяці такога не было. Местачкоўцы, вяскоўцы, іх сваякі, госці, прыезджыя гандляры і артысты — усе сышліся, з’ехаліся, сабраліся на вялікім дажынкавым кірмашы, што разгарнуўся ў цэнтры Глуска 8 лістапада. Гандлёвыя палаткі з трох бакоў ахіналі парк, звярнулі ў бок стадыёна і расцягнуліся траха не на ўсю вуліцу Жыжкевіча. Мабыць, каб паставіць іх у адзін рад, то больш за кіламетр выйшла б. І паўсюль было на што паглядзець, чаму падзівіцца.
Найперш трэба сказаць пра гасцінны глускі падворак з багата напакаванымі рознай садавіной і агароднінай калёсамі, драўлянай альтанкай, наздраватымі блінцамі, што пякліся тут жа, на падворку, і іншымі прысмакамі, з драўлянымі бочачкамі, цэбрамі і кадушкамі, з прыгожымі дзяўчатамі ў нацыянальных строях. З густам і фантазіяй свае падворкі абсталявалі холдынг «Бабушкіна крынка», «Дамачай», нашы суседзі з Асіповічаў, Кіраўска, Клічава — яны зазывалі людзей песнямі пад гармонік, гульнямі ды пачастункамі. Дарэчы, песні ад самадзейных артыстаў вобласці, не сціхаючы, ліліся ўвесь дзень з вялікай сцэны каля РДК і шмат каго прымусілі спыніцца, пасядзець, паслухаць.
А колькі ж таленавітых людзей жыве на Магілёўшчыне! Узяць хаця б майстроў дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва. У іх руках і гліна, і дрэва, метал, саломка, воўна, лён, стужкі і нават сухія расліны ператвараюцца ў сапраўдную прыгажосць — хоць пастаў на паліцу і любуйся, хоць карыстайся ў штодзённым побыце. Таму ці дзіва, што людзі і глядзелі, і прыцэньваліся, і куплялі — ад упрыгажэнняў і сувеніраў да ўжытковых рэчаў.
Харчовыя рады вабілі вока прыгожымі, развешанымі, як цацкі на ёлцы, каляровымі пернікамі, адмыслова аздобленымі караваямі (адзін, казалі, на 75 кіло быў) ды хлябамі, прыцягвалі здалёку смачнымі пахамі — водарам свежай выпечкі (трдло — трубачкі з дражджавога цеста — пяклі прама на вуліцы), папкорну, усходніх ласункаў і гарбаты з трапічнымі пладамі, усялякіх спецый, смажанага на вуголлі мяса («Бабушкіна крынка» нават цалкам дзве тушы засмажыла). Грэх казаць — ежы хапала — на розны густ, смак і кашалёк, на розныя ўзрост і патрэбу — і з сябрамі пасядзець, і дадому торбу спакаваць ды занесці.
Да хлеба, зразумела, хапала і відовішчаў, асабліва для дзяцей, абы ў бацькоў ды бабуляў з дзядулямі грошай хапіла — на праехацца на кані ці поні, на машынках і паравозіку, паскакаць на батуце... Некаторыя ж, не чакаючы грошай ад старэйшых, самі сабе наладзілі адпачынак: узялі ролікі і пайшлі катацца па новых бегавых дарожках стадыёна — шмат дзяцей прыйшло, людна было, весела.
Знайшліся ахвотныя і ў спаборніцтве паўдзельнічаць, новая хакейная каробка стала вельмі зручным месцам для гэтага (пры гаспадарскім падыходзе яна і без лёду пуставаць не будзе). Менавіта там праходзіла свята «Спартыўная сям’я — здаровая краіна». Для ўдзелу ў ім шэсць сем’яў з дзецьмі аб’ядналіся ў тры каманды: першая — Бадуновы і Прытуленка, другая — Усік і Шчэрба, трэцяя — Падбярозкіны і Лапуховіч. Конкурсы патрабавалі ад удзельнікаў і пэўнай спартыўнай падрыхтоўкі, і спрыту, і ўмення дзейнічаць разам. У выніку не прайграў ніхто, усе атрымалі дыпломы ад аддзела па адукацыі, спорце і турызме, падарункі ад грамадскага аб’яднання «Белая Русь», а каманда Бадуновых і Прытуленка заваявала яшчэ і кубак.
Прадаўжаючы спартыўную тэму, зазначу, што ўсе заяўленыя ў праграме гульні адбыліся, больш таго — футбалісты гулялі на роўных і па забітых галах выходзілі на нічыю, але па пенальці «Белшына-Бабруйск» выйграла ў каманды «Днепр-Магілёў», а зборная Глуска перамагла зборную школьнікаў. У міні-футболе сярод трох каманд-удзельніц месцы, пачынаючы з першага, размеркаваліся наступным чынам: гімназія, СШ № 2, СШ № 1.
Калі ж стала паціху цёмніцца, гучней загучала музыка на розных канцэртных пляцоўках. Уседзець, устояць на месцы было ўжо амаль немагчыма (дзе тая стома падзелася?), і людзі пусціліся ў скокі проста на вуліцы — а чаму б і не, калі свята такое?! Тут, выконваючы просьбы працоўных, перадаём асобную падзяку холдынгу «Бабушкіна крынка» за цудоўную і завадную дыскатэку, добрая музыка там была, што трэба! Ды і ўвесь гэты кірмаш быў тое, што трэба, каб выйсці ў людзі, адпачыць, пабачыць, паслухаць, падзівіцца, паспытаць, парадавацца ды павесяліцца. Так усё і сталася, як планавалася, а мо нават і лепш.
І я там была, глінтвейн піла, трдлом заядала і ў адказ на пытанне, як вам «Дажынкі», ад усіх чула: «Добрае свята атрымалася!».
https://glusk.gov.by/news/news-raion-ru/item/776-svyata-radzhayu-svyata-abna-lennya#sigProIdf9e84172cd