Наведаліся ў заеліцкае аддзяленне Глускага раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, каб паглядзець самім і вам расказаць, як там жывецца людзям на схіле гадоў.
У аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў першы ў гэтым годзе візіт мы зрабілі якраз напярэдадні старога Новага года. Завіталі туды разам з кіраўніцтвам раёна і разам з акцыяй «Ад усёй душы». Паглядзелі і паслухалі цікавы канцэрт, які для пастаяльцаў аддзялення падрыхтавалі работнікі культуры. Парадаваліся добрым пажаданням і падарункам, зробленым з нагоды зімовых святаў. Пазнаёміліся з некаторымі жыльцамі, зайшлі да іх у пакоі, паразмаўлялі. А найперш — пагутарылі з загадчыцай аддзялення Любоўю Бубіч, яна працуе тут ужо 18 гадоў, з самага яго адкрыцця.
«У нашым аддзяленні зараз пражываюць 53 чалавекі, — гаворыць яна, — мужчын і жанчын амаль пароўну (мужчын крыху болей). Сярэдні ўзрост жыльцоў — 72 гады, пры гэтым сярэдні ўзрост жанчын — 76 гадоў, а мужчын — 66 гадоў. Самая сталая наша жыхарка — Зоя Мікалаеўна Кавалеўская з Завалочыц, яна з 1928 года, а самаму маладому з пастаяльцаў — 36 гадоў, ён інвалід з дзяцінства. Жывуць у нас не толькі жыхары Глускага раёна, ёсць з Бабруйскага, Асіповіцкага, Магілёўскага раёнаў, некаторыя з іх прасіліся менавіта ў наша аддзяленне, хаця такія ўстановы ёсць і бліжэй да іх. Умовы ў нас і праўда добрыя, мы пастаянна стараемся іх паляпшаць. Тут не палаты, а пакоі, жывуць у іх па адным, па два, сама болей — па тры чалавекі, там і тэлевізары ёсць (можна свае прывозіць), і халадзільнікі, на сценах дываны і карціны, гардзіны на вокнах, на сталах — абрусы, на тумбачках — сурвэткі, усё, каб было ўтульна, па-дамашняму. Многія гэта цэняць і ўдзячны нам».
https://glusk.gov.by/news/news-raion-ru/item/7162-mestsa-dobrae-i-patrebnae#sigProId9455f8a6e0
Любоў Міхайлаўна расказала, што летась у аддзяленні завяршылі вялікі рамонт пральні, памяшканні абнавілі ад падлогі да столі, нават да даху. У жылым корпусе на першым і другім паверхах адрамантавалі калідоры, паўсюль, і ўнутры, і звонку, створана безбар’ернае асяроддзе. Тут гэта вельмі важна і запатрабавана: самі бачылі, як многія жыльцы ідуць, трымаючыся за поручні на сценах, зробленыя на ўсю даўжыню калідора. Абнаўляецца і абсталяванне, у прыватнасці, набылі новыя пасудамыечную і працірачную машыны, бульбачыстку, агароднінарэзку, электрапатэльню. Вось зараз райвыканкам падарыў куханны камбайн, ён таксама будзе вельмі дарэчы і палегчыць працу павароў і іх памочнікаў.
https://glusk.gov.by/news/news-raion-ru/item/7162-mestsa-dobrae-i-patrebnae#sigProIdb021e16316
Увогуле да кухні і харчавання ў загадчыцы аддзялення асаблівыя патрабаванні: усё павінна быць на высокім узроўні. Мы якраз і засталі час абеду. Хто сам ходзіць, усе накіраваліся ў сталовую, санітарка вяла за руку нават сляпога чалавека. І гэта таксама прынцыповая пазіцыя загадчыцы: усе, хто можа хадзіць, павінны хадзіць, нельга заседжвацца, залежвацца, трэба рухацца, пакуль гэта магчыма, трэба быць, як кажуць, на людзях, гэта важна і для фізічнага здароўя, і для псіхалагічнага стану. Пах са сталовай ішоў дужа прыемны, выглядала ў місках усё апетытна: пярловы суп на першае, тушаная бульба з катлетай і салат на другое, чай. І елі людзі свой абед таксама з апетытам. Хто хадзіць не можа, маламабільны, тым ежу носяць прама ў іх пакоі.
Зразумела, што пражыванне ў кругласутачным аддзяленні платнае: 26 рублёў 10 капеек за дзень, як няцяжка падлічыць, за 30 дзён выходзіць 783 рублі, а за 31 дзень — 809 рублёў
10 капеек. Дык вось з 53 пражываючых поўнасцю аплочваюць сваё пражыванне толькі 13 чалавек: хто са сваёй пенсіі, хто з дапамогай дзяцей. Іншыя жыльцы плацяць або 85 працэнтаў ад пенсіі, або 80 працэнтаў ад патрэбнага. Астатняе кампенсуе дзяржава.
У народзе такую ўстанову называюць домам састарэлых. Што казаць, і назва гэта мае негатыўнае адценне, і адносіны да ўстановы такія ж. Між тым гэта месца добрае і патрэбнае. Так, гэта не свой дом, не свая хата, але ж умовы пражывання тут у многіх выпадках значна лепшыя, чым былі дома ў некаторых жыльцоў. Адны толькі цяпло, чысціня і чатырохразовае харчаванне чаго вартыя. Паверце, не ўсе могуць сабе гэта забяспечыць.
«Некаторыя цяперашнія жыльцы траплялі да нас у такім фізічным стане, што мы не спадзяваліся іх нават выхадзіць, — прызнаецца Любоў Міхайлаўна, — брудныя, схуднелыя, знясіленыя. Але добрыя ўмовы і догляд сваю справу зрабілі. Ёсць і такія, што спачатку прыязджаюць са сваякамі паглядзець нашы ўмовы, а ўжо потым засяляюцца. Розныя сітуацыі ў людзей бываюць, жыццё ва ўсіх па-рознаму складваецца. І для многіх наша аддзяленне — найлепшы варыянт».
У гэтым пераканаліся і мы самі. Зайшлі ў пакой да Раісы Канстанцінаўны Багдановіч, яна былы малалетні вязень Азарыцкага канцлагера, сваё знаходжанне там і зараз згадвае са слязьмі на вачах, спалі, кажа, літаральна на снезе. Пасля вайны вывучылася на бухгалтара, працавала ў «Глускай Зары», у снежні мінулага года ёй споўнілася 90 гадоў. Сябе даглядаць сіл ужо няма, памалу ходзіць з хадункамі, тут,
у Заеліцы, яна толькі тры месяцы і ёй тут вельмі падабаецца. «Вельмі добры догляд, — кажа яна, — паглядзіце, на якім чыстым мы спім, — жанчына паднімае коўдру з пакрывалам і паказвае прасціну, — бялізну мяняюць кожны тыдзень, санітарачкі вельмі добрыя, калі мы і накрышым дзе, дык не сварацца, усё па-добраму. І ежа тут смачная, разнастайная, порцыі вялікія, я не з’ядаю ўсё. І Міхайлаўна наша вельмі добры чалавек, чулы. Шкадую, што раней не прыехала сюды».
Дзявяты месяц жыве ў Заеліцы Алена Ігнатаўна Васільева і таксама хваліць сваё новае месца жыхарства. І яе дзяцінства выпала на ваенны час, сама Алена Ігнатаўна з 1937 года, і яна прайшла праз Азарычы, абмарозіла там ногі. «Маму забілі немцы, — расказвае Алена Ігнатаўна, — бацька загінуў у партызанах. Мы, дзеці, засталіся сіротамі і гадаваліся ў гомельскім дзетдоме. Я скончыла вучылішча сувязі ў Рызе, атрымала накіраванне на Пскоўшчыну, там на адным месцы адпрацавала 34 гады. Потым прыехала ў Беларусь, у Жылічы, да сястры, была вахцёрам у інтэрнаце, у 1992 годзе выйшла на пенсію. У Глуску жыла ў пляменніка, калі ён памёр, сям’я вырашыла дом прадаць, а я пераехала сюды. Умовы тут добрыя, і адносіны да нас добрыя, кормяць смачна, і санітарачкі такія харошыя, у іх цяжкая работа, але яны працуюць, даглядаюць нас». Гаварыла Алена Ігнатаўна ахвотна і шчыра. Калі даведалася, што мы з раённай газеты, узрадавалася, бо газету нашу выпісвае і чытае.
У добрым настроі была і Надзея Спірыдонаўна Глаз — акуратная бабулька невысокага росту, у цёплай кофтачцы і мякенькай хусцінцы ў кветачкі. «Гэта наша весялуха і пявуння», — ахарактарызавала яе Любоў Бубіч.
«Так, тут усё добра, няма на што скардзіцца», — сказала Надзея Спірыдонаўна. Жанчыны абняліся і прытуліліся адна да адной.
На гэтым можна было б і скончыць матэрыял, але ж занадта салодкая канцоўка атрымліваецца, амаль што ідылія. Між тым жыццё не заўсёды бывае такім, асабліва тады, калі пакідаюць сілы, калі побач не застаецца тых, хто мог бы дапамагаць. Не ад салодкага жыцця людзі на старасць гадоў трапляюць у сацыяльную ўстанову. Але ў гэтай установе, у аддзяленні кругласутачнага знаходжання для састарэлых грамадзян і інвалідаў, што ў Заеліцы, сапраўды робяць усё, каб іх жыльцам тут было добра, цёпла, сытна і ўтульна. Дзякуй за гэта ўсяму персаналу, тут працуюць 23 чалавекі. Ну а ідылія, яна і ў сям’і не заўсёды складваецца, што казаць пра вялікі калектыў.
Т. ЛУКАШЭВІЧ
Фота І. ГРАМЫКІ


























© 2007-2026