rubeen
logo

Глусский

районный исполнительный комитет

Официальный сайт

Адрес: 213879, г.п. Глуск, ул. Кирова, 16
Телефон приемной: 8 (02230) 78-988
E-mail: rik@glusk.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Понедельник, 26 января 2026 08:37

Гарадзішча і селішча каля вёскі Халопенічы. Наш новы творчы праект «Кропка на карце»

Гарадзішча і селішча каля вёскі Халопенічы. Наш новы творчы праект «Кропка на карце»

Рэалізацыя турыстычнага патэнцыялу — адзін з сямі прыярытэтаў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026–2030 гады. І калі хто думае, што турызм — гэта не пра Глускі раён, то памыляецца. Апрача добра вядомых турыстычных аб’ектаў, накшталт старажытнай царквы ў Гарадку, ёсць у нашым раёне нямала іншых цікавых і адметных мясцін. Пра іх пастараемся расказаць у нашым новым праекце «Кропка на карце».

На стаянках каменнага ці бронзавага вякоў, на гарадзішчах і селішчах жалезнага веку і сярэднявечча — асаблівая атмасфера. Калі ж яшчэ маецца магчымасць узняцца на абрывістую тэрасу селішча ці абарончы вал гарадзішча, то не знойдзецца слоў, каб перадаць усе пачуцці. Гэта захапленне, узнёсласць і нават подых старажытнасці заўсёды адчуваюцца ў час наведвання Халопеніцкага гарадзішча.

Насельніцтва жалезнага веку жыло на селішчах і гарадзішчах. Гарадзішчы ствараліся на берагах рэк, пагорках, узвышэннях сярод балот. Для абароны ад ворагаў на гарадзішчы насыпалі вал, ставіліся загародкі з бярвення, рабіліся равы. Жыць на гарадзішчах было не вельмі зручна, таму паступова людзі перасяляліся на неўмацаваныя селішчы. На месцы многіх селішчаў жалезнага веку ўзніклі сярэдневяковыя вёскі.

Гарадзішча каля Халопеніч пабудавана насельніцтвам мілаградскай культуры не раней канца IV — пачатку III стагоддзя да нашай эры. У пачатку нашай эры гарадзішча засялілі і перабудавалі прадстаўнікі зарубінецкай культуры.

Археолаг Вольга Мельнікоўская лічыла, што мілаградцы — гэта неўры, пра якіх упамінае «бацька гісторыі» Герадот. А неўры адпаведна яе тэорыі з’яўляюцца продкамі сучасных усходніх славян. Даказаць існаванне Неўрыды (краіны неўраў) і вызначыць яе межы Мельнікоўскай і іншым маскоўскім археолагам перашкодзіла аварыя на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Амаль што ўся тэрыторыя рассялення мілаградцаў апынулася ў зоне радыеактыўнага забруджвання. Археалагічныя даследаванні былі спынены.

Паўночна-заходняя ўскраіна гіпатэтычнай Неўрыды — Халопеніцкае гарадзішча — знаходзіцца на адлегласці каля аднаго кіламетра на паўднёвы захад ад вёскі Халопенічы. Пляцоўка гарадзішча мае амаль круглую форму дыяметрам да 74 метраў. Ледзь прыкметнае ўзвышша сярод былых балот абаронена валам даўжынёй 266 метраў і шырынёй асновы 12–13 метраў. Вышыня вала дасягае паўтара-двух метраў над мясцовасцю і 0,8 метра над узроўнем пляцоўкі. Уваход зроблены з паўднёва-ўсходняга боку, дзе вал крыху паніжаецца. Цяпер паверхня пляцоўкі і абарончы вал удзірванелі, параслі дрэвамі і хмызняком.

Як помнік археалогіі гарадзішча вядома з апытальных лістоў народнага камісарыята асветы БССР 1924 года. Упершыню яго даследаваў, зняў план і зрабіў апісанне археолаг Антон Рынейскі ў 1930 годзе. Пасля гарадзішча даследавалі і шурфавалі маскоўскія і беларускія археолагі. У 1978 годзе былі праведзены раскопкі пад кіраўніцтвам Аляксандра Егарэйчанкі.

Па матэрыялах даследавання гарадзішчаў Халопенічы, Івань, Леніна, першага і другога Ясенецкіх вучоны выдаў у 1996 годзе манаграфію «Древнейшие городища Белорусского Полесья».

Насельніцтва гарадзішча займалася жывёлагадоўляй, земляробствам і рамяством. У час даследаванняў былі знойдзены вырабы з крэменю, гліны, косці, жалеза і бронзы. Культурны слой гарадзішча не вельмі магутны. Для вядзення гаспадаркі на яго невялікай пляцоўцы не хапала месца, таму пазней людзі перасяліліся на селішча непадалёк ад гарадзішча. Да селішча можна свабодна прайсці, да яго метраў дзвесце ад гарадзішча на паўднёвы ўсход. Селішча існавала на невялікім узвышшы, якое нахілена ў напрамку да лесу.

Каму можа быць цікава наведаць гарадзішча і селішча? Бацькам і дзецям як сямейнае падарожжа выхаднога дня, настаўніку пры планаванні школьнай паездкі ў час канікул, аматарам гісторыі і культуры як чарговы прыпынак у маршрутным лісце.

Неабходна ведаць, што гарадзішча і селішча ў Халопенічах з’яўляюцца матэрыяльнымі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі рэспубліканскага значэння, знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Таму, перш чым туды адпраўляцца, лепш спачатку атрымаць дазвол і ўзгадніць паездку з уласнікам (карыстальнікам) — кіраўніцтвам ААТ «Глуская Зара».

Як на гарадзішчы і селішчы, так і ў 50-метровай ахоўнай зоне вакол іх забаронена любая гаспадарчая дзейнасць. Таму гэта не месца для адпачынку з вогнішчам, пікнікамі і гульнямі. Аўтамабіль або аўтобус трэба пакінуць на дарозе каля лесу і прайсці да гарадзішча пешшу. Апрануцца неабходна адпаведна ўмовам мясцовасці адкрытага поля і забалочанай лугавіны.

Будзе добра, калі хтосьці дасведчаны зможа расказаць гісторыю ўтварэння гарадзішча з селішчам і паказаць іх асаблівасці. А таксама нагадае, што археалагічныя помнікі — значная і каштоўная культурная спадчына, якую пакінулі нам нашы продкі. Берагчы і захоўваць яе трэба незалежна ад таго, знаходзіцца яна пад аховай дзяржавы ці не.

А. Емяльянаў




При сканировании соответствующего QR-кода, будет осуществлен переход на портал рейтинговой оценки, и можно будет оценить результат оказанной административной процедуры или услуги работниками Глусского райисполкома



Фотогалерея


© 2007-2026
Глуский районный исполнительный комитет
Официальный сайт