Адзначым, што з рамонтам фасада галоўнага корпуса будаўнікі ўжо справіліся, завершана і ўстаноўка вокнаў у будынку гаспадарчага корпуса і новых дахавых вокнаў. Запланаваны рамонты галоўных уваходаў у паліклініку і бальніцу, пляцоўкі і дарожкі каля паліклінікі. Зараз у самым разгары рамонт прыёмнага і педыятрычнага аддзяленняў, тут жа павінны з’явіцца новая медыцынская мэбля і інвентар. Тэрміны завяршэння ўсіх гэтых работ розныя, а выконваюць іх адразу некалькі падрадных арганізацый — ТАА «Алюр Груп», ТАА «СаламеяСтрой», ТАА «СаммусПласт», ТАА «СК Прафесіянал» і ПГУП «ВіАнЛі-ТРАНС».
Як бачым, змены сапраўды адбываюцца вялікія, усё дзеля таго, каб наведвальнікам паліклінікі і пацыентам бальніцы было больш камфортна і ўтульна. А каб павысіць тэхналагічны ўзровень раённай бальніцы, сюды будзе пастаўлена некаторае неабходнае абсталяванне. У рэанімацыйным аддзяленні з’явіцца новы апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх, выдзелены грошы на набыццё наркозна-дыхальнага апарата ў аперацыйны блок і сучаснага эндаскапічнага абсталявання (двух фібрагастрадуадэнаскопаў). Таксама для баль-ніцы ўжо набыта новая машына хуткай медыцынскай дапамогі з усім неабходным абсталяваннем.