На днях ён разам са сваім першым намеснікам — начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Юрыем Дымшам пабылі ў «Глускай Зары». Менавіта тут, на полі каля вёскі Замасточча, ва ўрочышчы «Лодкі», дзе растуць азімыя жыта і свірэпіца (кулісныя пасевы), гаспадарка ў гэты дзень пачала важны этап сельскагаспадарчых работ — корманарыхтоўку, зялёнае жніво. На касьбе траў тут заняты Мікалай Медзвядок, падбірае зялёную масу Сяргей Ляпко. Першую сянажную траншэю закладваюць каля жывёлагадоўчага комплексу «Пціч», будучы корм туды прама з поля возяць Андрэй і Дзмітрый Лазовікі, Дзмітрый Грыпінскі, Сяргей Пась, Анатоль Касько. Скошаныя ўчасткі пасля ўнясення мінеральных удабрэнняў адразу ж заворваюць, каб неўзабаве пасеяць тут кукурузу, з плугамі працуе Сяргей Малаковіч. Работы шмат, трэба ўхапіць кожны ўчастак, бо начныя маразы надта шкодзяць культурам, што ў канчатковым выніку адаб’ецца на якасці і колькасці кармоў. Пра гэта Аляксей Жураўлёў і Юрый Дымша гавораць з дырэктарам «Глускай Зары» Максімам Валадзько.
https://glusk.gov.by/news/news-raion-ru/item/6183-kormanarykhto-ka-adkazny-etap#sigProIdbad57f6a45
Калі мы прыехалі на поле, быў якраз час абеду, вадзіцель Фёдар Яльчык і раздатчыца Святлана Хацько прывезлі механізатарам гарачыя абеды (іх гатуюць у кафэ «Маладосць»). У той дзень у меню былі бульбяны суп, макароны, каўбаскі па-дамашняму, салата і булачка з кампотам. На вячэру давалі смажанку, сасіску, варанае яйка і хлеб (усё гэта мужчыны забралі з сабой). Кошт харчавання, можна сказаць, сімвалічны:
абед абыходзіцца механізатарам менш як па два рублі, асноўную частку аплочвае гаспадарка. Карміць людзей у полі сталі адразу, як пачаліся актыўныя палявыя работы, гаворыць Святлана Хацько, зараз штодня развозяць і раздаюць па 35 абедаў і па 20 порцый вячэры. За дзень аб’язджаюць дзесьці па 10 палёў, пакуль пакормяць усіх, хто арэ, сее, косіць, возіць, угнойвае, пасе жывёлу.
Таццяна ЛУКАШЭВІЧ
Фота Ірыны ГРАМЫКІ