У мінулую пятніцу Мікалаю Іванавічу прыйшлося парушыць звыклы графік, каб прыняць віншаванні, пачуць словы ўдзячнасці за сумленную працу на хлебнай ніве раёна. Падзячнае пісьмо ад раённага выканаўчага камітэта, Падзяку райкама прафсаюза работнікаў АПК, грашовыя прэміі, кветкі, вымпел і наклейку лідара прама ў полі, што каля вёскі Чапаева, яму ўручалі намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Аляксандр Кульба і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Лугін. Яны жадалі вадзіцелю-тысячніку моцнага здароўя і далейшых поспехаў, дзякавалі за высокія паказчыкі ў працы. Да добрых слоў далучыліся кіраўнік аграфірмы «Слаўгарадскі» Уладзімір Штылёў і яго намеснік па ідэалагічнай рабоце Вікторыя Самусева. З гонарам глядзеў на дзядулю (а я з замілаваннем на абодвух) шасцігадовы ўнук Паўлік, ён таксама прыехаў з добрай нагоды, туліўся да дзеда-перадавіка, абдымаў, радаваўся яго поспехам, мне ж здавалася ў той момант, што гэта, мабыць, і ёсць самы лепшы падарунак для вадзіцеля-тысячніка Мікалая Штылёва. А пасля ў жытнёвым полі гучалі звонкія песні — музычныя віншаванні ад самадзейных артыстаў Заеліцкага сельскага Цэнтра культуры і вольнага часу.