На святочнай сцэне праходзіла тэатралізавана-канцэртная праграма «Масленіца ідзе — блін ды мёд нясе!», у гандлёвых радах можна было набыць сувеніры, згуляць у латарэю, паспытаць масленічныя бліны, гарачую гарбату і іншыя прысмакі, а таксама патанчыць і паспяваць.
https://glusk.gov.by/news/news-raion-ru/item/5890-vyasjolaya-maslenitsa-prajshla-glusku#sigProId69ae026304
Асаблівую цікавасць у дарослых і дзяцей выклікалі спартыўныя спаборніцтвы: перацягванне каната, гіравы спорт і масленічны слуп.
Вось ужо другі год у спаборніцтвах па перацягванні каната ўдзельнічаюць не толькі прадстаўнікі арганізацый, але і глускія школьнікі. Так, самай дружнай і дужай стала каманда гімназіі, у яе дыплом за першае месца, на другім месцы — каманда СШ № 1, на трэцім — СШ № 2. Сярод дарослых у спартакіядзе перамагла каманда аддзела ўнутраных спраў, на другім месцы — каманда аддзела па надзвычайных сітуацыях, на трэцім — каманда лясгаса. Таксама прымалі ўдзел у спаборніцтве каманды «ПМК № 86 «Вадбуд», райгаза і райбальніцы. Арганізацыі, якія занялі прызавыя месцы, былі адзначаны дыпломамі і грашовымі ўзнагародамі.
https://glusk.gov.by/news/news-raion-ru/item/5890-vyasjolaya-maslenitsa-prajshla-glusku#sigProIdd3cbcfacfe
Паспрабавалі свае сілы ў падняцці гіры (32 альбо 24 кілаграмы) у гэты раз пяць мужчын і нават дзве дзяўчыны. Іх усіх актыўна падтрымлівалі балельшчыкі. Першае месца заняў Уладзіслаў Болбатаў, другое — Юрый Алёхна, трэцяе — Сяргей Прыдыбайла. Ім таксама дасталіся грашовыя прэміі.
А вось жадаючых дастаць прыз з масленічнага слупа аказалася не так і многа. Два разы на яго залазіў Аляксандр Саўчук і зняў тры прызы, а за чацвёртым палез яго брат Міхаіл — таксама ўдала.
Ну і, безумоўна, па добрай традыцыі на Масленіцу патрэбна спаліць пудзіла Зімы, павязаўшы на яго рознакаляровыя стужкі, якія сімвалізуюць нешта дрэннае, ад чаго людзі хочуць пазбавіцца, каб яно згарэла разам з пудзілам. Так глушчане і зрабілі: завязвалі стужкі і праходзілі праз вароты шчасця. А затым усіх чакаў масленічны карагод!

Алена ЗМІТРОВІЧ
Фота аўтара