rubeen
logo

Глусский

районный исполнительный комитет

Официальный сайт

Адрес: 213879, г.п. Глуск, ул. Кирова, 16
Телефон приемной: 8 (02230) 78-988
E-mail: rik@glusk.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Пятница, 28 февраля 2025 12:13

З дынастыі педагогаў. Гераіня сённяшняга артыкула педагог-арганізатар Завалочыцкай школы Таццяна Герман

З дынастыі педагогаў. Гераіня сённяшняга артыкула педагог-арганізатар Завалочыцкай школы Таццяна Герман

Гераіня сённяшняга артыкула Таццяна Герман працуе ў Завалочыцкай сярэдняй школе педагогам-арганізатарам. Аднак жа наша з ёй размова неяк хутка выйшла за рамкі прафесійнай дзейнасці, не ў апошнюю чаргу таму, што сама Таццяна Міхайлаўна — чалавек рознабаковы, камунікабельны і пазітыўны.

Завалочыцкая школа для яе — свая, родная, бо тут, у Завалочыцах, мая субяседніца нарадзілася, у школе мясцовай вучылася, сюды ж вярнулася пасля заканчэння Магілёўскага педагагічнага каледжа. Спачатку выхавацелькай у саўгасны дзіцячы садок, а праз два гады, у 1993-м, перайшла ў школу, выхавацелем групы падоўжанага дня. Пасля была старшай важатай, настаўнікам пачатковых класаў і вось ужо шмат гадоў працуе педагогам-арганізатарам.

Таццяна Міхайлаўна згадвае: раней, калі школьнікаў было паболей, у сцэнарыі да свят і мерапрыемстваў старалася ўключыць як мага больш персанажаў, бо кожны вучань прасіў хоць маленькую, але ж самастойную ролю. І такое жаданне ёй зразумела, бо сама Таццяна Міхайлаўна чалавек творчы, лёгкі на пад’ём. Яна ўспамінае, як у былыя гады спявала ў мясцовым народным ансамблі, а ў навагодніх мерапрыемствах, прызнаецца, яе кароннай роляй была роля Бабы Ягі — энергічнай, дзейнай, няўрымслівай.

І яшчэ прызнаецца, што вельмі любіць танцаваць. Чалавек сам стварае сваё асяроддзе, сам аздабляе сваё жыццё, лічыць Таццяна Герман, і няважна, нарадзіўся і жыве ён у вёсцы ці ў вялікім горадзе, важна, колькі ў яго ёсць энергіі і жадання быць актыўным.

Яна і зараз хутка «загараецца» і любіць асвойваць нешта новае, цікавае. Так, у шэрагу захапленняў маёй субяседніцы — вышыванне, вязанне, алмазная мазаіка, цяпер вось вырашыла заняцца шыццём, ужо і машынку прыдбала. Вышываць крыжыкам ці выкладваць мазаіку — гэта падобна да медытацыі, кажа Таццяна Міхайлаўна, такое рукадзелле дае магчымасць прыпыніцца ў бегу дзён, унутрана расслабіцца, назапасіць энергіі. Натхніцца дапамагаюць і падарожжы, экскурсіі — вельмі любіць Таццяна Міхайлаўна бываць у новых мясцінах, лічыць карысным час ад часу мяняць абстаноўку і абавязкова з кожных паездак прывозіць новыя ідэі для работы.

Бо, безумоўна, работа займае вялікую частку ў яе жыцці (кожны настаўнік, думаю, гэта зразумее), асабліва калі гаварыць пра падрыхтоўку да конкурсаў ці працу над новымі праектамі. З маладосці, згадвае Таццяна Герман, з’явілася ў яе звычка працаваць па начах. А як інакш?
З работы прыйшла — дома двое малых дзяцей, а гаспадарка вялікая. Муж Таццяны Міхайлаўны родам з суседніх Яўсеевіч, так што абодва яны вясковыя, да зямлі і працы прывучаныя. Трымалі ў свой час каня, пад 100 галоў птушак, дзве каровы, авечак, свіней... Дык вось дзяцей спаць палажыла, па гаспадарцы ўправіліся — і тады хоць да раніцы сядзі, пішы сцэнарыі ды праекты. Цяпер дзеці ўжо дарослыя, і хатняй жывёлы паменей,
а прывычка тая, працаваць па начах, засталася. Бо хочацца ж, каб іх сельская школа была не горшай за другія, хоць і гарадскія, каб дзеці былі актыўнымі і прывучаліся да грамадскіх спраў. Школа ж — гэта не проста ўстанова, дзе «выдаюцца» веды, школа выхоўвае ў чалавеку асобу, гаворыць Таццяна Міхайлаўна.

Таму ў Завалочыцах стараюцца не пакідаць па-за ўвагай ні аднаго творчага конкурсу, ні адной акцыі ці праекта. Шосты школьны дзень тут — гэта заўсёды цікава, пазнавальна, весела або, наадварот, мерапрыемствы застаўляюць задумацца. Напрыклад, у студзені піянеры школы арганізавалі збор у памяць свайго земляка-Героя Ульяна Рыбака, у лютым вучні школы правялі лыжныя гонкі, прысвечаныя гадавіне вываду войск з Афганістана. А не так даўно вучні Завалочыцкай школы ўдзельнічалі ў занальным этапе рэспубліканскага агляду-конкурсу «Здравствуй, мир!» у Бабруйску.

Адзін чалавек, зразумела, нічога не зробіць, абавязкова павінна быць згуртаваная каманда, гаворыць Таццяна Герман. Вучэбную і выхаваўчую работу каардынуе намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Таццяна Казакевіч. З афармленнем, дэкарацыямі заўсёды выручае настаўніца працоўнага навучання Ірына Клязовіч, з праектамі — настаўніца гісторыі Алена Сушчынская.

У педагогіцы Таццяна Міхайлаўна Герман больш за трыццаць год. Праца настаўніка, у любым варыянце, ці то філолаг, ці то матэматык, ці вось, як яна, педагог-арганізатар, ніколі не была простай. Аднак жа значна лягчэй яна даецца таму, хто любіць сваю справу, для каго педагогіка — прызванне. Для Таццяны Міхайлаўны яно так. Дарэчы, яна і яе сястра Наталля Міхайлаўна, дырэктар Завалочыцкай школы, педагог з саракагадовым стажам, — прадстаўнікі вялікай педагагічнай дынастыі. Працоўны стаж іх бацькі, Міхаіла Аляксандравіча Храпко, матэматыка, выдатніка народнай асветы, — 37 год (35 з іх ён узначальваў школу), маці Тамара Парфір’еўна была школьным бібліятэкарам, і дзяўчынкі выраслі ў атмасферы педагогікі. Дачка Таццяны Герман Наталля скончыла фізіка-матэматычны факультэт універсітэта імя Аркадзя Куляшова і пэўны час працавала ў Завалочыцкай школе, яе муж — настаўнік фізкультуры. Пляменніца Алена пасля Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта працавала некалькі год у СШ № 1 Глуска, цяпер узначальвае ўпраўленне па адукацыі Бабруйскага гарвыканкама. Унукі яшчэ малыя, але, можа, і з іх хто абярэ для сябе такую высакародную прафесію, як настаўнік.

Сама ж Таццяна Міхайлаўна неаднаразова была адзначана за свой прафесіяналізм і адказнае стаўленне да выбранай справы. Узнагароджана Ганаровымі граматамі аддзела па адукацыі Глускага райвыканкама, Ганаровай граматай Магілёўскага аблвыканкама, Граматай Міністэрства адукацыі, была «Лепшай па прафесіі».

А. ВАСІЛЕЎСКАЯ




При сканировании соответствующего QR-кода, будет осуществлен переход на портал рейтинговой оценки, и можно будет оценить результат оказанной административной процедуры или услуги работниками Глусского райисполкома

Фотогалерея


© 2007-2025
Глуский районный исполнительный комитет
Официальный сайт