https://glusk.gov.by/news/news-raion-ru/item/5666-pryjshli-i-ne-pashkadavali-u-glusku-naladzili-bal-dlya-pazhylykh-lyudzej#sigProId9b5dacb7b3
Адкрылі баль і сваім прыкладам падбадзёрылі астатніх (а прыйшло больш за паўсотні чалавек) удзельніцы народнага вакальнага ансамбля «Зносіны» Цэнтра культуры і вольнага часу «Арыён». З віншаваннямі і добрымі словамі звярнуліся да сабраўшыхся старшыня савета ветэранаў Тамара Толсцік і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Алена Кірэй.
І, канешне, перадусім панавала музыка. Пад выступленні артыстаў пары вальсавалі, вадзілі карагоды, танчылі ў хуткім ці ў павольным рытме. Валерый Прыбыш з Дубровы прызнаўся пасля, што не толькі на ўзрост — на пратэз нагі забыўся. Во як было весела, як было слаўна. Але не толькі танцавалі — вершы, байкі расказвалі, нават па ролях, песні спявалі, цукеркі-падарункі ад Дзеда Мароза і Снягурачкі атрымлівалі, фатаграфаваліся.
Дарэчы, пра Дуброву. Мяне шчыра парадавала, што на баль выбраліся не толькі глушчане, але і людзі з вёскі. Старшыня савета ветэранаў Тамара Толсцік зазначыла, што гэта такая актыўная пярвічная ветэранская арганізацыя ў ААТ «Глускае райаграпрамтэхзабеспячэнне», старшыня пярвічкі Уладзімір Клыга вызваўся прывезці і адвезці «сваіх ветэранаў», сельгаспрадпрыемства не пашкадавала дзеля гэтага аўтобуса. Вельмі спадабалася вяскоўцам свята, і яны шчыра дзякуюць яго арганізатарам.
Сярод найбольш актыўных удзельнікаў свята Тамара Сямёнаўна назвала таксама ветэранскія пярвічкі райпо і «Жылкамгаса». Былі на гэтым мерапрыемстве і людзі, якія прыйшлі, так бы мовіць, самі па сабе, прачытаўшы аб’яўленне ў газеце. Прыйшлі — і не пашкадавалі.
А. ВАСІЛЕЎСКАЯ, фота аўтара