Прадоўжылася дзея спяваннем купальскіх песень і пошукамі чароўнай папараць-кветкі, якая, усім вядома, можа ажыццявіць спрадвечныя мары чалавека. Музычныя падарункі ў святочную ноч усім глушчанам падарылі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці раённага Дома культуры — Дзмітрый Сокал, Людміла Усеня, Аляксандр Ермакоў, Міхаіл Абжальян, Алеся Гваздзярова і Наталля Аншыц. Ну а якая купальская ноч без кірмашу, карагода і вогнішча? Гасцям свята раздалі драўляныя чурачкі, іх людзі кінулі ў купальскае вогнішча, пры гэтым згадаўшы ў думках усё нядобрае і непрыемнае, — каб яно згарэла і больш не вярталася.