rubeen
logo

Глусский

районный исполнительный комитет

Официальный сайт

Адрес: 213879, г.п. Глуск, ул. Кирова, 16
Телефон приемной: 8 (02230) 78-988
E-mail: rik@glusk.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Пятница, 27 декабря 2024 08:55

Паўвекавы юбілей адзначае народны вакальны ансамбль «Крынічанька»

Паўвекавы юбілей адзначае народны вакальны ансамбль «Крынічанька»

Паўвекавы юбілей адзначае ў гэтым годзе народны вакальны ансамбль «Крынічанька», што дзейнічае пры Цэнтры культуры і вольнага часу «Арыён». Паўстагоддзя ў дачыненні да творчага калектыву — гэта многа ці мала? Здаецца, і нямала, калі ўзяць пад увагу ўсё тое, што змясцілі ў сабе гэтыя пяцьдзясят год. Колькі рэпетыцый прайшло, колькі канцэртаў, конкурсаў! А колькі ж было пошукаў таго адметнага, тых мелодый і тых песень, што вылучаюць калектыў сярод іншых! З другога боку, творчым калектывам уласціва з кожным годам маладзець, бо прыходзяць новыя ўдзельнікі, абнаўляецца рэпертуар, дадаюцца сучасныя рысы. Здаецца, так і з «Крынічанькай». З’явіўшыся паўвека назад, перажыўшы ўзлёты і падзенні (так, усякае было, з песні слоў не выкінеш), сёння ансамбль «Крынічанька» працягвае радаваць свайго слухача і трымае высокі ўзровень, нездарма кожныя тры гады пацвярджае званне народнага.

Давайце згадаем дзень мінулы. Пачыналася ўсё ў 1974 годзе. Аднойчы на рэпетыцыі ўдзельніцы мастацкай самадзейнасці пры раённым Доме культуры вырашылі стварыць вакальны калектыў. Назвалі яго «Крынічанька». Быццам крынічны струменьчык, ільецца мелодыя, гучыць-пераліваецца песня і гукае, вядзе за сабою зачараванага слухача. Так ці не так думалі дзяўчаты, калі выбіралі назву, а з цягам часу ўсё збылося і «Крынічанька» стала адным з вядучых вакальных калектываў раёна. Кіраўніком на працягу многіх гадоў была Галіна Сяргееўна Былінская, на той момант дырэктар дзіцячай музычнай школы, а складаўся ансамбль з выкладчыкаў музычнай школы і работнікаў раённага Дома культуры. Валянціна Васільеўна Ясючэня, Таццяна Мікалаеўна Макарэвіч, Таццяна Мікалаеўна Баглай, Ірына Уладзіміраўна Янушэўская, Ганна Мікалаеўна Кажушка, Раіса Фёдараўна Сокал — гэтыя імёны добра знаёмы многім глушчанам.

З канцэртамі артысты пабывалі ва ўсіх клубах раёна (а тады ж клубы былі ці не ў кожнай вёсцы), «Крынічанька» хутка заваявала сэрцы землякоў. Прыхільна прымалі глушчан на абласных конкурсах і фестывалях: выступалі ў Бялынічах, Шклове, Асіповічах, Магілёве... А праз дзесяць год прыйшоў галоўны поспех: у 1984 годзе вакальны ансамбль «Крынічанька» з Глускага раёна атрымаў званне народнага, між іншым, гэта быў першы калектыў у вобласці, удастоены такога тытула.

У розны час кіраўнікамі ансамбля, пасля Галіны Сяргееўны, былі Аксана Віктараўна Мельнік, Алег Мікалаевіч Пагаржэльскі.

У асноўным гурт працаваў у эстрадным і акадэмічным напрамках. У 2001 годзе «Крынічаньку» ўзначаліла Алена Матусевіч, якая прыйшла ў РДК па размеркаванні пасля Магілёўскага вучылішча культуры, дзе вучылася на спецыяльнасці «народныя спевы». Учарашняя выпускніца, яна, безумоўна, хвалявалася, што не атрымаецца, што ёй няма чаму навучыць вопытных сталых артыстаў, але ж усё склалася як мае быць. у той час у рэпертуары народнага ансамбля з’явілася больш фальклорных матываў, ён папоўніўся беларускімі народнымі песнямі — у апрацоўцы і а капэла, побытавымі танцамі.

Алена Мікалаеўна кіравала гуртом да 2015 года, ёй на змену на нядоўгі час прыйшла Наталля Аншыц, а праз некаторы час ансамбль... распаўся з-за адсутнасці кіраўніка.

Адраджэнне прыпала на 2021 год, калі кіраўніком вярнулася Алена Матусевіч. Канешне, перапынак не пайшоў на карысць, зноў трэба было збіраць удзельнікаў, падбіраць рэпертуар, узнаўляць прызабытае. Усё атрымалася, і зараз народны вакальны ансамбль «Крынічанька», як і раней, дорыць радасць і асалоду сваім слухачам. Акрамя Алены Матусевіч, у складзе ансамбля Валянціна Долбік, Наталля Аншыц, Вераніка Ермакова, Вераніка Кудзёлка, Алена Сініцына, Алена Грынёва.

Гурт — пастаянны ўдзельнік раённых, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў і свят. Штогод «Крынічанька» становіцца жаданым госцем на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы народных рамёстваў «Вясновы букет» у Мінску, з задавальненнем іх запрашаюць на рэгіянальны фестываль «Кліч над Вольсай» у Клічаве, не абыходзіцца без глускіх вакалістаў рэспубліканскае купальскае свята ў Александрыі Шклоўскага раёна.

На пачатку снежня ў «Арыёне» адбыўся канцэрт, прысвечаны юбілею народнага вакальнага ансамбля «Крынічанька». Артысты спявалі самі і прымалі музычныя віншаванні ад другіх народных калектываў Глушчыны. Далучаемся да гэтых віншаванняў і жадаем «Крынічаньцы» творчага даўгалецця.

А. ВАСІЛЕЎСКАЯ
Фота І. ГРАМЫКІ




При сканировании соответствующего QR-кода, будет осуществлен переход на портал рейтинговой оценки, и можно будет оценить результат оказанной административной процедуры или услуги работниками Глусского райисполкома

Фотогалерея


© 2007-2025
Глуский районный исполнительный комитет
Официальный сайт