rubeen
logo

Глусский

районный исполнительный комитет

Официальный сайт

Адрес: 213879, г.п. Глуск, ул. Кирова, 16
Телефон приемной: 8 (02230) 78-988
E-mail: rik@glusk.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Вторник, 24 декабря 2024 11:27

Пра што пісала глуская раёнка 30 гадоў назад. Гісторыка-сацыяльны праект «Паралелі»

Пра што пісала глуская раёнка 30 гадоў назад. Гісторыка-сацыяльны праект «Паралелі»

Працяг. Папярэдняя частка — у № 95
№ 22, 26 сакавіка 1994 года

«Аб прагнозных паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця пасёлка на 1994 і выканання іх за 1993 год» — так была сфармулявана павестка дня чарговай сесіі гарпасялковага Савета народных дэпутатаў... Скажам, тых жа тавараў народнага спажывання выпушчана ў параўнанні з мінулым годам менш аж на 92 працэнты... На агульным негатыўным фоне хіба толькі райспажыўсаюзу і калектыву лясгаса ўдалося захаваць стабільнасць. Лясгасаўцы, да прыкладу, выпуск прадукцыі, нягледзячы на цяжкасці, давялі да 102,6 працэнта...
Тым не менш на сесіі ішла дзелавая, заклапочаная размова... Так, у гэтым годзе за лік усіх крыніц фінансавання плануецца ўвесці ў эксплуатацыю жылля агульнай плошчай 12,388 метраў квадратных, здаць «пад ключ» 80-кватэрны жылы дом для грамадзян, якія маюць у гэтым першапачатковую патрэбу«. (Аб выніках і прагнозах)
«Вось ужо тыдзень, як спынілі сваю работу кацельня, размешчаная ў завулку Калгасным, і кацельня МПМК-249. Асноўная прычына — адсутнасць паліва. Якая сітуацыя з палівам у далейшым, ці з’явіцца нарэшце цяпло ў кватэрах?» — пытаюцца нашы чытачы. Адказаць мы папрасілі галоўнага інжынера раённага вытворчага аб’яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мікалая Сцяпанавіча Пархамовіча.
— Сітуацыя з палівам па-ранейшаму складаная. Нягледзячы на тое, што з раённага бюджэту нам выдзелена 35 мільёнаў рублёў на паліва і мы іх адразу пералічылі Мазыру, да гэтага часу не можам яго завезці. Калі раней прывозілі з Мазыра па 2 машыны паліва ў тыдзень, то зараз, нягледзячы на шматлікія просьбы, нам пакуль нічога не абяцаюць. Калі б дазвалялі сродкі, можна было б дамовіцца аб пастаўцы паліва з камерцыйнымі структурамі. І няхай не хвалююцца жыхары: плату за ацяпленне за той час, калі іх кватэры не ацяпляліся, ніхто ў іх браць не будзе. Так было і ў лютым". (З ацяпленнем зноў праблема«)
№ 24, 2 красавіка
«З-за адсутнасці паліва вось ужо цэлы месяц прастойвае цэх плодаперапрацоўкі плодаагародніннага завода. Прадпрыемства пакуль не мае сродкаў для яго набыцця. Каб нейкім чынам заняць людзей і не пакінуць іх без работы, адміністрацыя прадпрыемства вырашыла частку рабочых цэха плодаперапрацоўкі перавесці ў кісельны, другую частку —
у крухмальны цэх. Дарэчы, работа ў крухмальным цэху не спыняецца і зараз. Гэта, бадай, адзінае падраздзяленне, якое яшчэ не ведала прастояў і працуе з поўнай нагрузкай. Прадукцыя, выпускаемая рабочымі, карыстаецца шырокім попытам у спажыўцоў. Частка яе адпраўляецца ў Расію, астатняя рэалізуецца ў гандлёвых прадпрыемствах Беларусі». (Крухмальшчыкі працуюць без прастояў«)
«Нестабільна, з вялікімі перапынкамі працаваў у сакавіку калектыў МПМК-249. У пачатку месяца рабочых адпраўлялі на „канікулы“, і толькі два тыдні яны працавалі. Работы вяліся на асноўных будаўнічых аб’ектах: будаўніцтве 70- і 80-кватэрных жылых дамоў, а таксама малочнатаварнай фермы ў вёсцы Заеліца». (Работа з перапынкамі)
№ 25, 6 красавіка
«З 1 красавіка не жартоўна ўзняліся цэны ў сацыяльнай сферы. Кошт батона з пшанічнай мукі вышэйшага гатунку з 570 рублей падняўся да 800. <...> Удвая павышаны тарыфы на праезд на міжгародніх трасах... У Мінск аўтобусы з Глуска наогул не ходзяць». (Цэны шалеюць)
«На мінулым тыдні працягвалася работа 13-й сесіі Вярхоўнага Савета дванаццатага склікання. Пасля прыняцця Асноўнага Закона Рэспублікі Беларусь дэпутаты разгледзелі законапраекты „Аб выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь“, „Аб Канстытуцыйным судзе“ і кадравыя пытанні. У разрадзе апошніх была заслухана інфармацыя Аляксандра Лукашэнкі, падрыхтаваная камісіяй па барацьбе з карупцыяй. <...> Вярхоўны Савет зацвердзіў дату выбараў прэзідэнта — у чацвер, 23 чэрвеня 1994 года. Гэты дзень аб’яўлен нерабочым». (23 чэрвеня — выбары першага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь)
№ 26, 9 красавіка
«1 красавіка пачаўся другі квартал года. І мы, падпісчыкі перыядычных выданняў з вул. Вілюгі, што ў Глуску, чакалі газеты, за якія заплацілі не так ужо і мала. Чакалі і не дачакаліся ў той дзень. Ну, думаем, у Дзень гумару жартуюць сувязісты. Але газеты не прыйшлі ні 2, ні 3, 4, 5 красавіка. Вось гэта ўжо „жартачкі“!
Асабіста я званю начальніку, намесніку начальніка РВС — трубку ніхто не падымае. Дазванілася ў цэх сартыроўкі газет.
— Вам „Рэспубліку“? — пытаецца работніца. — Не атрымаеце яе — у нас укралі цэлы пачак гэтай газеты.
Але пры чым тут мы, падпісчыкі з вуліцы на ўскрайку Глуска? Няхай бы нам прынеслі газеты, якія трапілі ў розніцу. (Н. Царык)» (Сувязісты жартуюць)
Працяг будзе

Падшыўку гартала А. ВАСІЛЕЎСКАЯ




При сканировании соответствующего QR-кода, будет осуществлен переход на портал рейтинговой оценки, и можно будет оценить результат оказанной административной процедуры или услуги работниками Глусского райисполкома

Фотогалерея


© 2007-2025
Глуский районный исполнительный комитет
Официальный сайт