rubeen
logo

Глусский

районный исполнительный комитет

Официальный сайт

Адрес: 213879, г.п. Глуск, ул. Кирова, 16
Телефон приемной: 8 (02230) 78-988
E-mail: rik@glusk.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Среда, 18 декабря 2024 13:58

Наведаліся да глушчанкі Таццяны Сцельмашок, каб даведацца, як гэта — быць гаспадыняй, мамай, выхавацелькай сямейнага дзіцячага дома

Наведаліся да глушчанкі Таццяны Сцельмашок, каб даведацца, як гэта — быць гаспадыняй, мамай, выхавацелькай сямейнага дзіцячага дома

Яшчэ як толькі зайшла ў веранду, пачула прыемны пах свежага печыва, не салодкага, а з мясной начынкай. Так і аказалася: у доме Таццяны Мікалаеўны Сцельмашок смажыліся смажанкі з каўбасой і сырам, з духавой шафы пры мне яна дастала дзве бляхі гарачых апетытных піражкоў. Таццяна Мікалаеўна — гаспадыня і маці-выхавацель дзіцячага дома сямейнага тыпу, аднаго з чатырох, што дзейнічаюць у Глускім раёне.

Пра сям’ю

Зараз тут гадуюцца, выхоўваюцца, жывуць восем дзяцей. Мама Таня знаёміць са сваёй вялікай сям’ёй і настойвае на тым, што жывуць яны і сапраўды сям’ёй, а не калектывам.

Яны — гэта Маргарыта Лугіна, вучыцца ў 10-м класе СШ № 2, Кацярына Шпакоўская, 9-класніца санаторнай школы, Насця Гіль, таксама ходзіць у санаторную школу, у 6-ы клас, Уладзіслаў Кончыц, пяцікласнік першай школы райцэнтра (ён родны сын Таццяны Мікалаеўны), Марыя Юрэвіч, яшчэ адна вучаніца санаторнай школы, 3-класніца, яе брат Косцік сяголета пайшоў у першы клас, ён вучыцца ў СШ № 1. Іх старэйшы брат Сяргей Юрэвіч (ён пяцікласнік) — таксама выхаванец гэтага дома сямейнага тыпу, але вучыцца ў Каменскай школе-інтэрнаце, там жа па стане здароўя і васьмікласнік Арцём Лугін.

«Сяргей толькі ў гэтым годзе паехаў туды, а Арцём з першага класа вучыцца ў Каменцы, хлопец там на добрым рахунку, яго хваляць за паводзіны, фатаграфія вісіць на Дошцы гонару», — кажа, не хаваючы гонару за выхаванца, Таццяна Мікалаеўна і расказвае, што ўсе яе дзеці заняты не толькі вучобай. Пяцёра наведваюць дзіцячую школу мастацтваў, асаблівыя надзеі на гэтую ўстанову ў сувязі з Косцікам, ён самы меншы, але ж самы непаседлівы, і мама-выхавацель спадзяецца, што заняткі харэаграфіяй пойдуць хлопцу на карысць, накіруюць яго энергію ў мірнае рэчышча. Уладзіслаў займаецца футболам і кіданнем мяча, Маргарыта таксама сябруе са спортам, але цяпер вырашыла больш часу аддаваць усё ж вучобе, бо хоча стаць медыкам, а для паступлення патрэбен высокі бал атэстата. Кацярына думае быць цырульнікам, у яе сяголета экзамены за 9 класаў, таму перад іншымі заняткамі вучоба таксама выходзіць на першы план.

Пра выхаванне

Выхаванне дзяцей, іх падрыхтоўка да самастойнага жыцця немагчымы без працы, лічыць Таццяна Мікалаеўна. Зрэшты, навучыць дзяцей абслугоўваць сябе, выконваць звычайныя хатнія справы яна бачыць адной з галоўных сваіх задач як маці-выхавацеля, бо пераканана: усе дзеці павінны ведаць, адкуль бярэцца яда на стале, што рабіць з брудным посудам, як прыбраць у доме, заслаць ложак і гэтак далей. Як гэта адбываецца на практыцы? Ды самым звычайным і натуральным чынам. Па-першае, пры доме ёсць агарод, хай і невялікі, але для цяпліцы і градак месца хапае. Па-другое, сям’я мае гаспадарку, у асноўным пярнатую. Напрыклад, зараз трымаюць індакачак, паўсотні нясушак. Даглядаюць за ўсім і маці, і дзеці пад яе чулым кіраўніцтвам. Летам і восенню ўсёй сям’ёй ходзяць у лес па грыбы ды ягады, робяць нарыхтоўкі, зноў жа разам. У хаце прыбіраюць дзеці, а мама Таня ў гэты час гатуе ім што-небудзь смачненькае, каб заахвоціць і падтрымаць іх працавітасць. Расказваючы пра ўсе гэтыя выключна калектыўныя справы, Таццяна Мікалаеўна прыемна здзівіла мяне, сказаўшы, што дзеці — гэта не нагрузка, а дапамога. І тут жа падзялілася сваім сакрэтам: у вялікай сям’і галоўнае выхаваць старэйшых дзяцей, а яны ўжо прыгледзяць за меншымі, падкажуць, навучаць. Вось і тут галоўная памочніца яе — Маргарыта, яна старэйшая за іншых па ўзросце і працягласці пражывання (дзесяць гадоў у сям’і Таццяны), меншыя дзеці яе слухаюць. Навічкі глядзяць на іншых і таксама выконваюць ужо заведзены парадак.

Праблемы і пакаранне

Зразумела ж, на справе не ўсё так проста і бесклапотна. Бываюць і праблемы пераходнага ўзросту, і проста непаслушэнства, бывае, і нашкодзіць хтосьці ці ў школе сябе дрэнна паводзіць. Па галоўцы за ўсё гэта мама Таня не пагладзіць. Часам і пакараць неслуха даводзіцца: у кут паставіць, каб падумаў, мультфільмаў пазбавіць ці настольных гульняў (дзеці любяць гуляць у манаполію). Ну а калі праблемы больш сур’ёзныя, калі канфлікт узнікае, то дапамагаюць спецыялісты сацыяльна-педагагічнага цэнтра, яны заўсёды трымаюць дзіцячы дом сямейнага тыпу ў полі зроку, і маме-выхавацелю падкажуць, і з дзецьмі паразмаўляюць. Такая дапамога вельмі адчувальная і патрэбная, кажа Таццяна Мікалаеўна.

Але цяжэй за ўсё бывае, калі захварэе хто, за ім і астатнія хваробу падхопліваюць, і тады дома цэлы лазарэт атрымліваецца. Вось гэта насамрэч дрэнна. І тут гаспадыня вялікага дома кажа дзякуй участковаму педыятру райбальніцы Таццяне Платукіс, яна вельмі ўважліва адносіцца да дзяцей, калі бывае дзесьці паблізу, то проста забягае, паслухае, дасць парады.

Не хлебам адзіным

Як гаспадыня ў гаспадыні не магла не папытацца ў Таццяны Мікалаеўны пра прыгатаванне ежы: што, з чаго і колькі яна варыць (пераканана: гэтыя пытанні цікавяць многіх жанчын).

Мабыць, не памылюся, калі скажу: ёсць людзі, якія лічаць, што ў дзіцячым доме, няхай сабе і сямейным, дзяцей ледзь не голадам мораць, на хлебе і вадзе трымаюць. Дык вось не. Стол, засланы кляёнкай, на якім я рабіла свае запісы, аказаўся зусім не сталом, а... маразільнай скрыняй. Паднялі крышку гэтага «стала», а ў ім — мяса, фарш, каўбасы «пальцам піханыя» — да самага верху.

«Гэта ўсё сваё, — кажа гаспадыня. — Партыю бройлераў (40 штук) з’елі за лета, яшчэ адну партыю паклалі ў маразільнік, накруцілі з дзецьмі 20 кілаграмаў дамашняй курынай каўбасы. Ёсць у нас аўтаклаў, там робім тушонку. Робім і іншыя нарыхтоўкі. За восень назбіралі і закаталі адных толькі зялёнак 25 літраў. Летам агуркі закрываем, салаты варым, прычым адразу некалькі порцый. Дзеці наразаюць, а я вару і катаю. Яны ў мяне ўсё ўмеюць. Вось дзяўчаты сёння смажанкі пяклі. (Мяне таксама пачаставалі, а я з каляжанкай падзялілася: смачнае печыва, нам спадабалася. — Заўв. аўт.)

На зіму мы тону бульбы купілі, яе нам да лета хопіць, можна не эканоміць. Калі суп ці боршч вару — дык сем літраў адразу, каб на два дні хапіла. Калі крупу ці макароны — дык па два пачкі, а купляем іх упакоўкамі. За выхадныя ў нас пяць батонаў разыходзіцца.

Наконт яды дзеці, я б сказала, непераборлівыя, хаця штосьці любяць больш, штосьці менш, напрыклад, хто вельмі грэчку засмажаную любіць, хто галубцы не есць. Ну а так усё ядуць, што прыгатую».

Калі ў дзяцей папытала пра любімыя стравы, то найперш пачула: аліўе, бульба па-вясковаму, блінчыкі і «напалеон». Ну хто ж гэтага не любіць? Смаката! (Асабліва калі хто прыгатуе ды падасць.)

Вольная гадзіна

Дзяцінства без гульняў ды забаў не дзяцінства. Дзеці Таццяны Мікалаеўны, як, мабыць, і ўсе глускія дзеці, летам любяць на рэчцы адпачываць, на веласіпедах катаюцца, на самакаце. Батут у двары стаіць, арэлі (восенню яны сталі часовым прытулкам для гарбузоў), альтанка ёсць, мангал, мячоў хапае. Зімой іх на ёлкі запрашаюць (былі і на губернатарскай), падарункі дораць. Увосень у цырк арганізавана ездзілі, на параходзе каталіся. Маргарыта летам у Італіі была. А так і ў санаторыі дзеці ездзяць, і ў лагеры адпачынку. Дома гульні ладзяць. На сценах паразвешвана багата малюнкаў, карціны ў тэхніцы дыяментавай мазаікі — гэта ўсё дзеці робяць у вольны час. Святы спраўляюць таксама ўсе разам, за святочна накрытым сталом, з тортам і пачастункамі, а часам і з песнямі. Косціку, напрыклад, вельмі падабаецца «Хата бацькоў», гэта яго любімая песня. На Новы год ёлку абавязкова ставяць, дом агеньчыкамі ўпрыгожваюць.

«У нас усё, як у звычайнай сям’і, — часта паўтарае Таццяна Мікалаеўна. — Мы і працуем, і адпачываем разам. Шумна бывае, але не сумна. Таму і сябры да нас часта заходзяць, мае знаёмыя, бо весела ў нас».

Асабістае

Таццяна Сцельмашок мае педагагічную адукацыю, гадоў 20 працавала выхавацелем у санаторнай школе. Сваіх дзяцей у яе тады не было, а на чужых сірот там нагледзелася, шкадавала іх. Вырашыла хоць каму дапамагчы, узяць дзяўчынку, стаць прыёмнай мамай і прадаўжаць працаваць. Узяла, а ёй кажуць, што брат у дзяўчынкі ёсць, не трэба іх разлучаць. Узяла і брата. Зусім хутка зразумела, што сама неўзабаве стане маці. Спачатку спалохалася, разгубілася, але за адну ноч усё перадумала і супакоілася, зразумела, што ўсё будзе добра. Так і сталася.

Прыёмная сям’я Таццяны Сцельмашок была створана роўна 10 год назад, у 2020 годзе павялічылася і атрымала статус дзіцячага дома сямейнага тыпу. Ёсць тут ужо і тры выпускнікі, дзве дзяўчыны свае сем’і маюць, адна ў Бабруйску жыве, другая ў Салігорску, хлопец у Любані вучыцца. Трохгадовую дзяўчынку Танечку ўсынавілі бабруйчане тым летам. Таццяна Мікалаеўна расказвае пра гэта з радасцю і шкадаваннем, цудоўнае дзіця, трапіла сюды ў паўтара годзіка, агульная любіміца і пястуха. Добра, што для яе сям’я знайшлася, але вельмі ж шкада было расставацца, да слёз.

Таццяна ЛУКАШЭВІЧ
Фота аўтара




При сканировании соответствующего QR-кода, будет осуществлен переход на портал рейтинговой оценки, и можно будет оценить результат оказанной административной процедуры или услуги работниками Глусского райисполкома

Фотогалерея


© 2007-2025
Глуский районный исполнительный комитет
Официальный сайт