
Акрамя заканатворчай дзейнасці, дэпутаты Парламента вялікую ўвагу ўдзяляюць рабоце з выбаршчыкамі. Для гэтага яны выязджаюць у рэгіёны, сустракаюцца з людзьмі ў аўдыторыях і залах, на рабочых месцах, на вясковых вуліцах. Дзень такой выязной работы ў Глускім раёне з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Алегам Дзьячэнкам правяла карэспандэнт раённай газеты.
У папярэдні месяц да мяне праз сацыяльныя сеткі паступіла некалькі зваротаў ад нераўнадушных грамадзян, якія занепакоены станам спраў на іх малой радзіме, — патлумачыў выбар маршруту Алег Дзьячэнка. — Гэта і стан дарог, грамадзянскіх могілак, экалагічная праблематыка, наяўнасць пустуючых дамоў, і іншае. Для вывучэння сітуацыі мы разам са старшынёй Глускага раённага Савета дэпутатаў Раманам Тычынам выехалі ў Казловіцкі і Хваставіцкі сельсаветы«.
Едзем у Старое Сяло, асфальт змяняецца гравійкай, дарога без ям і каляін, адзначаюць усе члены нашай невялікай экспедыцыі, легкавы аўтамабіль едзе без праблем. Спыняемся побач з агароджанай тэрыторыяй прыватнага прадпрыемства, якое займаецца вырабам драўніннага вугалю (ТАА «СП-ЦімКарбо»). Раней тут была калгасная піларама, потым дрэваапрацоўкай займаўся прыватнік, цяпер вось робяць вугаль. Цікавы факт: па словах намесніка дырэктара таварыства, уся прадукцыя ідзе на знешні рынак, на экспарт (вугаль робяць з грабу). Працуе 14 чалавек. Праўда, не мясцовыя: адны з іх не затрымаліся самі, бо цяжка, другіх «папрасілі» з-за праблем з дысцыплінай. «Працуем, ні з кім не канфліктуем, — кажа суразмоўца. — Бывае, скардзяцца некаторыя, што часам дым ідзе на вёску (вытворчая тэрыторыя размешчана за вёскай. — Заўв. аўт.), ну дык такая гэта вытворчасць, такая спецыфіка, нас правяралі адпаведныя службы — усё ў норме. Што, лепш было б, каб тут нічога не рабілі?» Вядома ж, не лепш, бо дробны бізнес на вёсках дае вяскоўцам дадатковую магчымасць працаваць (на жаль, не ўсе да працы падкія), зноў жа тэрыторыя і будынкі не пустуюць.
Вось чаго-чаго, а пустуючых будынкаў, яшчэ крэпкіх і ўжо зусім лядашчых, мы ўбачылі нямала, калі заехалі ў вёску Сцяпанаўку. Не надта вясёлы пейзаж, скажу я вам, ды яшчэ і ў пахмурны дзень. Праехаўшы па ўсёй вуліцы, сустрэлі толькі чараду гусей, спыніліся каля месца, куды, паводле аб’яўкі, пад’язджае райпоўская аўталаўка. Тут насупраць некалькі жылых дамоў, з аднаго да нас выйшаў гаспадар. Як аказалася, гусі гэта яго, а яшчэ яны з жонкай трымаюць на падворку коз і трусоў. Самі гаспадары жылі і працавалі ў Бабруйску, а як выйшлі на пенсію (льготную), пераехалі сюды, на радзіму жонкі, у бацькоўскі дом. Жыць у Сцяпанаўцы нармальна, кажа мужчына, двойчы на тыдзень прыязджае аўталаўка, ездзіць і паштовая машына, таксама прывозіць некаторыя тавары. Так што ўсё неабходнае ёсць, для свойскага пагалоўя выпісаў у гаспадарцы зерня. Ёсць чым і душу адвесці — парыбачыць (недалёка пажарная сажалка), на паляванне схадзіць (ён палюе на зайцоў). Алег Дзьячэнка пытаецца пра пустыя дамы, селішчы, ці ёсць у іх гаспадары. Высветлілася, што ў аднаго з бліжэйшых дамоў пасля смерці гаспадыні ёсць спадчыннікі, дзеці, адзін сын нават і жыве недалёка, у Асіповіцкім раёне. Гэта таксама дэпутацкая акруга Алега Віктаравіча, і ён запісвае прозвішча, назву вёскі. Менавіта дзеці павінны даглядаць бацькоўскія сялібы (хаця б абкошваць) або адмаўляцца і перадаваць сельвыканкамам.
«Праблемы ў раёне, вядома ж, ёсць, — кажа Алег Дзьячэнка. — Але яны характэрныя для ўсяго ўсходняга рэгіёна Беларусі і з’явіліся не год і не два назад, а значна раней, яшчэ ў 60-х — 70-х гадах мінулага стагоддзя. Працоўная міграцыя моладзі „абязлюдзіла“ вёскі, і ў выніку сёння фактычна няма каму падтрымліваць у добрым стане рэшткі сацыяльнай інфраструктуры ў сельскіх населеных пунктах, дзе жыве па некалькі чалавек, палова з якіх — так званыя дачнікі. Звяртаюць на сябе ўвагу пустуючыя дамы, напаўгнілыя гаспадарчыя пабудовы, старыя яблыневыя сады. Прычына такога запусцення банальная: гаспадары сяліб памерлі, а спадчыннікі не спяшаюцца на малую радзіму, каб удыхнуць новае жыццё ў „хату бацькоў“. Як правіла, яны пражываюць у іншых населеных пунктах, далёка за межамі Глускага раёна і нават Магілёўскай вобласці. Па праўдзе і па законе ім патрэбна або прывесці спадчыну ў належны парадак, або адмовіцца ад яе і даць магчымасць уладзе ўтылізаваць будынкі, а зямлю ўвесці ў гаспадарчы абарот. Аднак гарадскія дзеці і ўнукі вяскоўцаў не спяшаюцца гэта рабіць, у выніку мы бачым гэту сумную і дэпрэсіўную карціну ўпадку некалі былой велічы беларускай вёскі. Аднак жа нават у гэтай складанай сітуацыі дзяржава адшуквае фінансавыя магчымасці для падтрымання жыцця ў гэтых вёсках. Трэба разумець, што ўсё залежыць ад эканомікі. І як толькі з’яўляецца магчымасць, то грошы ўкладваюцца ў тым ліку і ў паляпшэнне стану дарог, і ў рашэнне тых пытанняў, якія сёння трывожаць людзей. Але і самім нераўнадушным грамадзянам патрэбна актыўна ўключацца ў працэс добраўпарадкавання тэрыторый, як гэта раней талакой рабілі нашы бацькі і дзяды».
Наступны наш прыпынак і наступная сустрэча былі ўжо ў Засценку Усцярхі, аграгарадку. Тут Алег Дзьячэнка і Раман Тычына пагутарылі са старшынёй Казловіцкага сельвыканкама Уладзімірам Каблашом, зайшлі ў тамтэйшы «Родны кут», былі прыемна здзіўлены: такога шырокага асартыменту, такой разнастайнасці тавараў, адзначыў дэпутат Парламента, не ў кожным магазіне раённага цэнтра ўбачыш. Ёсць садавіна і агародніна, шмат пячэння і цукерак (нават навінка ад «Бабушкінай крынкі» — цукеркі з сухога малака). Асабіста я, калі ўбачыла ў халадзільніку масла сметанковае з грыбамі, з зелянінай, з лімонным перцам, моцна пашкадавала, што няма з сабой кашалька (толькі фотаапарат ды нататнік з ручкай), — абавязкова купіла б пакаштаваць. У Глуску такога масла я датуль чамусьці не бачыла (праўда, цяпер ужо з’явілася). Дэпутат Палаты прадстаўнікоў і кіраўнік дэпутатаў раённага Савета фатаграфуюць поўныя паліцы сельскага магазіна, дзякуюць прадаўцу Святлане Лядзян за яе выдатную працу.

У чарговы раз пераконваемся, кажа Раман Тычына, што чалавечы фактар нямала значыць, ад спецыяліста, які працуе ў тым ці іншым месцы, ад яго адносін да справы залежыць вельмі многае. Так, з гэтым цяжка спрачацца.
Далей наш маршрут пралягаў па тэрыторыі Хваставіцкага сельсавета, і першая кропка, дзе яго старшыня Галіна Лясун прапануе нам спыніцца пасля наведвання воінскага пахавання ў Хваставічах, — месца ў лесе каля вёскі Карніцы. Тут знаходзіцца магіла невядомага салдата, які загінуў і пахаваны ў 1941 годзе. Помнік з чырвонай зоркай пастаўлены яшчэ за савецкім часам, а вось новую агароджу сельвыканкам зрабіў сяголета. Усё выглядае зграбна, акуратна, Галіна Іванаўна дзеліцца планамі з цягам часу памяняць тут і помнік на сучасны. Алег Дзьячэнка раіць гэтага не рабіць, бо стары помнік досыць крэпкі, а галоўнае — адлюстроўвае дух той эпохі.



У вёсцы Дуброве дэпутаты сустрэліся і пагаварылі з фермерам Аляксандрам Сокалам, кіраўніком сялянскай гаспадаркі «Дуброўская гародніна», і яшчэ раз пераканаліся, што прыватнік у вёсцы — гэта найперш рабочыя месцы: у гэтай гаспадарцы працуе 22 чалавекі, у асноўным мясцовыя людзі, а ў час уборкі ўраджаю на заробкі і глускія ездзяць. Па-другое, гэта, у названым выпадку, харчовая бяспека дзяржавы, бо дуброўская морква закладзена ў стабілізацыйны фонд, прадаецца ў буйных гандлёвых сетках краіны, ідзе за мяжу. Такая разваротлівасць дастойная ўвагі. Як і прапановы фермера, якія дэпутат Парламента падчас размовы ўзяў на заметку.

«Такія візіты накіраваны на вывучэнне ўмоў вядзення бізнесу, асабліва ў сферы вытворчасці і рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі, — каменціруе вынікі размовы Алег Дзьячэнка, — яны дазваляюць выявіць надзённыя праблемы ў гэтай галіне. Увага да дэталяў і гатоўнасць да дыялогу з прадпрымальнікамі робяць гэтыя сустрэчы не толькі інфармацыйнымі, але і прадуктыўнымі з заканатворчай кропкі гледжання».
Тут жа, у Дуброве, заходзім у вясковы магазін, ён значна меншы, чым усцярхоўскі, але ўсе неабходныя групы тавараў ёсць. Добра, што ў вёсцы прадаўжае працаваць стацыянарная гандлёвая кропка, кажа старшыня сельвыканкама Галіна Лясун, асабліва з улікам таго, што тут закрылася паштовае аддзяленне.
У вёсцы Даколі, куды мы таксама прыехалі ў той дзень, ёсць свой магазін, пошта, ФАП, фермерская гаспадарка «Даколь-агра», ферма, лясніцтва і «Домік паляўнічага» (а гэта ўсё рабочыя месцы і якасць жыцця сяльчан). А яшчэ там ёсць вуліца Маладзёжная, дзе дарога такая разбітая, што адны ямы і яміны, аб чым жыхары вуліцы напісалі дэпутату калектыўны зварот. Алег Дзьячэнка пабыў на месцы, пабачыў усё сам, абяцаў пасадзейнічаць, хаця зразумела, што хутка адрамантаваць дарожнае пакрыццё не выйдзе, бо патрэбны значныя сродкі. Хутчэй за ўсё, на той год.
Прыкметнай кропкай на нашым маршруце стала вёска Ольніца — з яе маляўнічым возерам, дзе ўсё ўладкавана для зручнага і бяспечнага адпачынку. І з яе добраўпарадкаванымі грамадзянскімі могілкамі, дзе людзі самі сабраліся, паставілі спачатку крыж на месцы былой царквы, а потым правялі суботнік і ўзвялі прыгожую капліцу на ўваходзе. Вось дзе выдатны прыклад самакіравання, актыўнай грамадзянскай пазіцыі, калі людзі арганізоўваюцца і робяць сабе тое, што самі могуць, заўважае Алег Дзьячэнка, слухаючы расказ старшыні сельвыканкама пра вясковыя справы. Парламентарый паўтарае ўжо выказаную думку: рабіць разам, самім і для сябе — даўняя і добрая традыцыя беларусаў, вартая працягу і падтрымання.

Таццяна ЛУКАШЭВІЧ
Фота аўтара