Жыхар вуліцы Луначарскага расказаў (паказаў дакументы, схемы), што ўчастак водаправода на іх вуліцы чамусьці аказаўся безгаспадарным: пралягае па землях агульнага карыстання, але на балансе спецыялізаванай арганізацыі не значыцца, і калі здарылася там аварыя (парвалася труба), за ліквідацыю няспраўнасці заплаціць прапанавалі яму, гаспадару прыватнага дома, куды па гэтай трубе ідзе вада. Ён лагічна задаўся пытаннем: чаму? І на прыёме ў дэпутата выказаў абгрунтаваную прапанову: водаправод ёсць, гэта факт, і абслугоўваць яго павінна спецыялізаваная арганізацыя. Чаму гэты ўчастак своечасова не ўзялі на баланс, гаспадар не ведае.
А вось на вуліцы Інтэрнацыянальнай да калісьці пабудаванай гаспадарамі каналізацыі з урэзкай у цэнтральную сістэму спецыялізаваная арганізацыя падключыла іншага карыстальніка, нагрузка на трубы павялічылася, сталі ўзнікаць засоры, і з-за асаблівасці рэльефу (вялікі перапад па вышыні) усё ідзе ў калодзеж пенсіянеркі, у выніку яна каналізацыяй карыстацца практычна не можа, бо як толькі адкатае калодзеж, ён адразу ж напаўняецца наноў. З такой праблемай жыхарка Глуска і звярнулася да Алега Дзьячэнкі. Пры разглядзе абодвух пытанняў прысутнічаў начальнік глускага ўчастка «Водаканала» Андрэй Кандрацюк. Некаторыя дэталі ў сітуацыі з каналізацыяй патрабуюць удакладнення, ён паабяцаў разабрацца, а пытанне аб прыёме на баланс арганізацыі названых участкаў водаправоднай і каналізацыйнай сетак прымае вышэйстаячая арганізацыя. Запросы туды накіруе дэпутат Палаты прадстаўнікоў.
У Дзяржаўны камітэт маёмасці запрос Алег Дзьячэнка ўжо накіраваў, па раней паступіўшым звароце. Справа ў тым, што пры дыстанцыйным прывядзенні ў парадак адраснай сістэмы (яно адбываецца па ўсёй краіне) у некалькіх жыхароў Глуска памяняўся дамашні адрас. А раз так, то ім неабходна перааформіць некаторыя дакументы. Гэта адміністрацыйная працэдура платная, і людзі абураюцца: чаму яны павінны плаціць, калі такое дзеянне выконваецца не па іх віне і не па іх жаданні.
«Гэтым разам на прыём прыйшлі людзі пенсійнага ўзросту, узнялі хвалюючыя іх пытанні водазабеспячэння домаўладанняў, работы каналізацыі, — пракаменціраваў карэспандэнту рэдакцыі вынікі праведзенага прыёму Алег Дзьячэнка. — Мы са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Раманам Тычынам уважліва іх выслухалі, пастараліся ўнікнуць у сутнасць паднятых праблем. Заўважу, што некаторыя з іх патрабуюць прыцягнення дадатковых фінансавых сродкаў і чалавечых рэсурсаў. Усе, хто звярнуўся да мяне, атрымаюць абгрунтаваныя адказы».
Таццяна ЛУКАШЭВІЧ
Фота аўтара