
Як жывецца дзецям, калі іх бацькі ці іншыя члены сям’і злоўжываюць алкаголем, не цікавяцца іх справамі, а ў доме бруд і няма нават элементарнага, што патрэбна для жыцця. Стан спраў менавіта ў такіх сем’ях разглядалі члены каардынацыйнага савета па рэалізацыі ў раёне Дэкрэта № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях». Пасяджэнне прайшло пад старшынствам Анатоля Ласоцкага, намесніка старшыні раённага выканаўчага камітэта, і з удзелам розных зацікаўленых структур, КСН, раённага СПЦ і іншых. Пра гэтае пасяджэнне расказала сакратар каардынацыйнага савета, дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Людміла Сяленчык.


У адной сям’і абодва бацькі пітушчыя, прычым даўно і можна сказаць пастаянна, маці да ўсяго нідзе не працуе, а дзіця ў гэтай сям’і і раней пэўны час знаходзілася ў сацыяльна небяспечным становішчы, нават прымянялася такая мера, як адабранне. У другой сям’і сітуацыя іншая, але, па ўсім відаць, не лепшая: бацька ў ЛПП, маці не спраўляецца глядзець за ўсімі трыма дзецьмі, кантраляваць іх паводзіны, вось падлетак і стаў здзяйсняць проціпраўныя ўчынкі. У трэцяй сям’і праблемы з алкаголем у сужыцеля мамы непаўналетняга, ён п’е, пазбаўлены бацькоўскіх правоў і з’яўляецца абавязанай асобай, у доме антысанітарыя, няма неабходных у побыце рэчаў (нават халадзільніка), а значыць, не задавольваюцца асноўныя патрэбнасці дзіцяці.
Разгледзеўшы ўсе тры сітуацыі, члены каардынацыйнага савета прызналі, ці, лепш сказаць, канстатавалі: дзеці ў гэтых сем’ях знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. А значыць, з гэтымі сем’ямі будуць працаваць усе зацікаўленыя структуры (па спецыяльна распрацаваных планах), ад школы, міліцыі (у асобе ўчастковых) да сельвыканкамаў і сацыяльна-педагагічнага цэнтра, каб агульнымі намаганнямі ўхіліць прычыны і ўмовы нядобранадзейнасці. На ўсё гэта даецца тры месяцы, калі за гэты час сітуацыя не палепшыцца, дзяцей могуць адабраць (ёсць такая працэдура). Як бы там ні было, а шанц усё паправіць ёсць, ён даецца.
Так, у дзвюх сем’ях, каго разглядалі на папярэдніх пасяджэннях, сітуацыя палепшылася і статус аб сацыяльна небяспечным становішчы зняты. Яшчэ па дзвюх сем’ях прынята рашэнне работу прадоўжыць (на тры месяцы), у адной зрухаў да лепшага, на жаль, не назіраецца, бацькам дадзены адзін месяц, а потым іх дзяцей, хутчэй за ўсё, пад сваю апеку возьме дзяржава.
Т. ЛУКАШЭВІЧ
Фота Г. АЎТУХОВАЙ