Захапленні глушчан
Захапленні ў глушчан заўсёды былі разнастайныя: ад вязання да кветкаводства, ад рыбалоўства да радыё-аматарства. У 1984 годзе на старонках раёнкі выйшла нататка пра радыёспартсмена Івана Паўлавіча Прыдыбайлу: “У Калацічах непадалёку ад канторы эксперыментальнай базы “Глуск” паміж двух высокіх апор нацягнута антэна. Адвод ад яе ідзе ў кватэру адзінага ў нашым раёне радыёспартсмена Івана Прыдыбайлы. За пяць гадоў ён правёў больш за 4000 радыёсувязей, аб чым сведчаць спецыяльныя картачкі. Карэспандэнтамі Івана былі радыёспартсмены з Амерыкі, Англіі, Манголіі, Нарвегіі, Чэхаславакіі, ГДР, Венгрыі і многіх іншых краін свету. А самая далёкая сувязь была ўстаноўлена са спартсменам з Бразіліі”.
Раёнка пісала і пра глушчаніна, які захапляўся вырабамі з каранёў дрэў. Гэты чалавек — Анатоль Міхайлавіч Вабішчэвіч, інжынер, начальнік аператыўнага вытворчага аддзела МПМК-108. “Усё пачалося з агульнага захаплення лесам. Раз нешта падгледзеў у прыро-дзе, другі, трэці… і пачалося. Калі бяру ў рукі дрэва, быццам адключаюся ад усяго непрыемнага. Нервы супакойваюцца. У апошнія гады сына з сабою ў лес бяру, няхай вучыцца “чытаць” прыроду”, — расказваў глушчанін пра сваё захапленне карэспандэнту раённай газеты Н. Сандамірскаму.
Не абміналі ўвагай на старонках газеты і традыцыйныя захапленні глушчан. Калі ў раённай газеце быў размешчаны фотаздымак глускага рыбака з яго ўловам, думаю, пазайздросцілі яму не толькі калегі па захапленні. Фота было названа “Рыбацкае шчасце”.
“Шафёр райсельгасэнерга Г. І. Арцёмчык гэтым летам вывудзіў у Пцічы сазана вагою 5 кілаграмаў 800 грамаў”, — пісаў фотакарэспандэнт А. Фішчанкаў.
Дзеці таксама не адставалі ад дарослых. Так, карэспандэнт раёнкі сфатаграфаваў юннатаў Кіраўскай васьмігадовай школы Валодзю Анісаўца, Зіну Ёшчык, Ларысу Кісляк з в’етнамскім агурком, “які яны вырасцілі на калекцыйным участку пад кіраўніцтвам настаўніцы біялогіі Вольгі Цітаўны Карбавец”. Агурок і сапраўды незвычайны і больш падобны на кабачок: доўгі-доўгі, метра паўтара, аж закруціўся.
Хадзілі глушчане і на ціхае паляванне, а вынікі яго часам прыносілі ў рэдакцыю. Навошта? Каб паказаць усім чытачам незвычайныя экзэмпляры: “Вясёлую сямейку баравікоў, якую прынесла ў рэдакцыю, каб сфатаграфаваць, знайшла амаль каля хаты жыхарка вёскі Падкаленда А. А. Буневіч”.
А вось звычайныя грыбныя знаходкі глушчане часцяком неслі на нарыхтоўчыя пункты, пра адзін з якіх таксама быў фотарэпартаж у газеце “Сцяг Радзімы”:
“На здымках нашага фотакарэспандэнта вы бачыце адну з лепшых нарыхтоўшчыц раёна Вольгу Рыгораўну Сакалоўскую, якая засыпае чарговую партыю баравікоў у кацёл, і яе мужа Івана Васільевіча. Ён закрывае бочкі з гатовай прадукцыяй — грыбамі. Больш за 16 тон далікатэсу глускіх лясоў адправілі яны ў гандлёвую сетку”.
Лічбы і факты. 1984 год.
• На тэрыторыі раёна ёсць пасялковы Савет і дзевяць сельскіх Саветаў, якія аб’ядноўваюць 109 населеных пунктаў.
• У раёне працуюць чатыры прамысловыя прадпрыемствы, чатыры будаўнічыя арганізацыі, 11 калгасаў і 3 саўгасы.
• У раёне 11 сярэдніх і 11 васьмігадовых школ.
• Да паслуг насельніцтва раёна — камбінат бытавога абслугоўвання, 16 комплексна-прыёмных пунктаў, 24 аддзялення сувязі, 4 бальніцы, 19 фельчарска-акушэрскіх пунктаў, 95 гандлёвых прадпрыемстваў, 30 сталовых, 28 Дамоў культуры і клубаў, 31 бібліятэка, 15 ашчадных кас.
Падшыўку гартала А. ПЯТРОВА