rubeen
logo

Глусский

районный исполнительный комитет

Официальный сайт

Адрес: 213879, г.п. Глуск, ул. Кирова, 16
Телефон приемной: 8 (02230) 78-988
E-mail: rik@glusk.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Понедельник, 24 июня 2024 08:13

Да 100-гадовага юбілею Глускага раёна. Успамінаем падзеі 1984 год


Да 100-гадовага юбілею Глускага раёна з дапамогаю архіва раённай газеты працягваем успамінаць самыя значныя падзеі, што адбываліся ў мінулыя гады. На чарзе — 1984 год.

Працавітыя людзі

Даўно вядома, што самае галоўнае багацце любога грамадства — гэта яго працавітыя людзі. На Глушчыне жылі (і сёння таксама жывуць) менавіта такія. Пра іх працоўныя дасягненні і поспехі пісалі карэспандэнты раёнкі амаль у кожным нумары тагачаснай газеты.

У першым жа нумары газеты «Сцяг Радзімы» за 1984 год змешчаны фотаздымак дзвюх жанчын — гэта лепшыя ткачыхі цэха «Спатры» (унікальная вытворчасць, дзе ткалі асінавую стружку) мэблевай фабрыкі Зоя Васілеўна Цвірко і Марыя Васілеўна Галамака. «Кожны месяц перадавыя работніцы выконваюць план не менш як на 150 працэнтаў, — піша раёнка. — Ад месяца да месяца набег амаль год апераджэння вытворчага задання». Акрамя пералічаных дасягненняў, Зоя Васілеўна Цвірко яшчэ была кавалерам ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга.

У дарожнікаў таксама меліся свае перадавыя працаўнікі — іх фотапартрэты не раз сустракаліся на старонках раённай газеты. Гэта Уладзімір Мітрафанавіч Краўчанка і Станіслаў Віктаравіч Альхімовіч. Дарэчы, у апошняга вельмі цікавы знешні выгляд: ці то малады Фідэль Кастра, ці то Чэ Гевара глядзіць на мяне са старонкі раённай газеты. А вось як характарызаваў працаўнікоў карэспандэнт газеты: «...Як адзін, так і другі — правафланговыя сацыялістычнага спаборніцтва, ударнікі камуністычнай працы. У прайшоўшым годзе [1983] камуністы ДЭУ-213 дабіліся выдатнага поспеху: датэрмінова рапартавалі аб выкананні трох гадоў пяцігадовага плана».

У першыя дні 1984 года даярку эксперыментальнай базы «Глуск» Ганну Уладзіміраўну Пяхоту ўзнагародзілі ордэнам «Знак Пашаны». Карэспандэнт раёнкі Г. Янкоўскі ўзяў у яе інтэрв’ю.

«На ферме з маладых гадоў працую, — адказвала даярка на пытанні журналіста. — Што датычыцца надояў, то тут патрэбна ўвесь час прытрымлівацца парад заатэхніі... Заўсёды ласкава патрэбна адносіцца да жывёлы, бо яна таксама з норавам. За ўсім стараюся прыгледзець. Хутчэй за ўсё, таму і надоі малака ў маёй групе высокія. У 1982 годзе ў сярэднім ад каровы яны раўняліся 2889 кілаграмам, гэта было лепшым паказчыкам у гаспадарцы. У 1983 годзе зноў выйшла на першае месца. Гадавы надой малака ў разліку на карову давяла да 3217 кілаграмаў».

Глуская нафта

У канцы 1983 года на тэрыторыі нашага раёна геолагі Рэчыцкай нафтаразведвальнай экспедыцыі адкрылі залежы нафты. Гэта была першая свідравіна ў Магілёўскай вобласці з прамысловай здабычай нафты. У раёне вёскі Бабровічы і зараз стаяць нафтавыя вышкі, якія качаюць «чорнае золата». У 1984 годзе была адкрыта другая свідравіна, і ўжо ў другі раз карэспандэнты газеты «Сцяг Радзімы» прыехалі да бурыльшчыкаў на Усходне-Драздоўскую геалагічную плошчу. «Па сваіх якасных характарыстыках нафта з другой свідравіны адпавядае першай. Але ёсць адна цікавая дэталь. Геалагічны разрэз тут быў больш складаным. Бурыльшчыкі дайшлі да нафты ў адным гарызонце і, не дасягнуўшы вызначанай глыбіні, працягвалі бурэнне. Праз 30 метраў бурэння шчыльных парод адкрыўся новы нафтаносны пласт», — пісаў карэспандэнт С. Антоша ў рэпартажы з месца падзеі.

Новабудоўлі нашага гарадка

Сталыя глушчане і доўгажыхары Глуска памятаюць, як у цэнтры нашага мястэчка стаяла царква. Пасля таго як рэлігійную ўстанову зачынілі, у яе памяшканні быў і магазін, і кінатэатр. І вось напрыканцы 1983 года на гэтым месцы пабудавалі рэстаран. «Гасцінна расчыніў дзверы рэстаран першай катэгорыі. Ён прыцягвае ўвагу гасцей незвычайнасцю архітэктурнай формы, аздабленнем і ўнутраным убранствам, а таксама культурай абслугоўвання і разнастайнасцю меню. Адначасова ў рэстаране могуць паабедаць 60 чалавек».

Яшчэ адна новабудоўля — двухпавярховы дзіцячы садок у Катцы, які быў пабудаваны яшчэ ў 1983 годзе. Карэспандэнты раёнкі пачакалі, пакуль маленькія жыхары новага будынка трохі абжывуцца, і ў пачатку 1984-га завіталі да іх у госці, а пасля напісалі ў нататцы: «...48 малышоў весела праводзяць свой час у дзіцячым садзе, які ўжо паспеў стаць для іх родным домам. Пройдзе час, і рабят стане тут больш, таму што вёска расце, прыгажэе, павялічваецца колькасць маладых сем’яў...»

Каб Глуск выглядаў прыгожа, кожную вясну ў райцэнтры праводзілі «двухтыднёвік добраўпарадкавання».

У раённай газеце старшыня выканкама гарпасялковага Савета народных дэпутатаў Уладзімір Чабан расказваў, што было зроблена «па добраўпа-радкаванню і далейшаму паляпшэнню санітарнага стану райцэнтра»: «За апошнія гады добра ўладкавана цэнтральная плошча, здадзены ў эксплуатацыю чатыры шматкватэрныя жылыя дамы па вуліцы Кірава. Пабудаваны і дзейнічае рэстаран „Пціч“, ідуць апошнія наладачныя работы ў кінатэатры, будуецца музычная школа... Побач з сучаснай паліклінікай узняліся ў вышыню карпусы раённай бальніцы. Працягваецца стварэнне зоны адпачынку... У мінулым годзе наш гарадскі пасёлак па добраўпарадкаванню быў у ліку лепшых у вобласці...»

Дарэчы, мы прывыклі, што мулярамі звычайна працуюць мужчыны, бо праца гэта вельмі цяжкая. А вось мураваныя сцены бальнічнага будынка ўзводзіла жанчына-муляр — Фядора Якаўлеўна Голуб, работніца ПМК № 61.

У хуткім часе ў Глуску запрацаваў і кінатэатр. «Яшчэ адзін прыгожы сучасны будынак упісаўся ў гарадскі пейзаж — у райцэнтры ўступіў у строй кінатэатр з паэтычнай назвай „Арыён“... Кінатэатр мае залу на 400 месцаў, шырокі экран, сцэну, светлае фае, буфет», — пісала раёнка.







40-годдзе вызвалення Глускага раёна і Беларусі

Да такой знамянальнай даты на старонках «Сцяга Радзімы» друкаваліся ўспаміны ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, гутаркі з ветэранамі і ўдзельнікамі вайны членаў гуртка «Чырвоны следапыт», рэпартаж з музея баявой і працоўнай славы Каткаўскай сярэдняй школы. Раённы камітэт камсамола правёў агітпрабег на матацыклах па памятных месцах Глускага раёна. Так пісала раёнка пра гэту падзею: «Грамадзянскія могілкі ў вёсцы Хваставічы. Тут устаноўлены помнік байцам, якія загінулі ў баях пры вызваленні Глуска. Ад гэтага помніка і ўзяў пачатак агітпрабег. Спачатку яго ўдзельнікі ўсклалі кветкі на магілы савецкіх воінаў. Потым сакратар райкома партыі Ю. Былінскі расказаў прысутным аб мэтах і маршруце агітпрабега... І вось ужо кавалькада матацыклістаў з чырвонымі стужкамі цераз плячо, на якіх напісана „Дарогай бацькоў — дарогай перамог“, праехала па вуліцах райцэнтра і ўзяла кірунак на вёску Бярозаўка». Яшчэ ўдзельнікі прабегу праехалі па памятных мясцінах вёсак Зубарэвічы, Зелянковічы, Халопенічы і даехалі аж да Акцябрскага.



Пісала раённая газета і пра вельмі кранальную сустрэчу напярэдадні знамянальнай юбілейнай даты. Па запрашэнні школьнікаў з гуртка «Чырвоны следапыт» Слаўкавіцкай школы на Глушчыну з далёкага ўкраінскага сяла Хрысцінаўка (зараз сяло знаходзіцца ва Уманьскім раёне Чаркаскай вобласці) прыехала Акуліна Маркаўна Беўз, маці загінуўшага на Слаўкаўшчыне партызана Дзмітрыя Беўза. «Акуліна Маркаўна пабывала на партызанскіх могілках, наведала магілу свайго сына. Гэты момант адлюстраваў на фотаздымку наш фотакарэспандэнт А. Фішчанкаў», — адзначалася ў газеце.

Святкаванне 40-годдзя вызвалення Глускага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў працягвалася два дні — 29 і 30 чэрвеня 1984 года. У наш раён з розных куткоў Беларусі і ўсяго Савецкага Саюза прыехалі былыя партызаны, камандзіры, камісары, начальнікі штабоў воінскіх часцей і партызанскіх злучэнняў — тыя, хто ваяваў тут і хто вызваляў нашу Глушчыну. Ветэраны ўскладвалі кветкі і вянкі на месцах пахавання савецкіх воінаў, сустракаліся ў школах з дзецьмі і настаўнікамі, прысутнічалі на раённым урачыстым сходзе і на святочным канцэрце. На другі дзень было традыцыйнае шэсце ветэранаў і працоўных да мемарыяла Воінскай славы, урачысты мітынг, канцэрт, спартыўныя мерапрыемствы і вечар адпачынку.

Глушчане-салдаты

У нумары раённай газеты, прымеркаваным да Дня Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога флоту, былі надрукаваны вытрымкі з лістоў глушчан, якія якраз у той час праходзілі тэрміновую службу ў розных кутках савецкай дзяржавы. Ураджэнец вёскі Сіманавічы радавы Мікалай Горбель пісаў: «Вось ужо паўгода, як я нясу сваю службу ў Адэсе... ужо асвоіўся ў армейскай абстаноўцы, і служба праходзіць цікава... Нядаўна ў нас прайшоў страявы агляд роты. Хачу падзяліцца радаснай навіной: пры падвядзенні вынікаў агляду я атрымаў падзяку ад камандзіра».

Вось яшчэ вытрымкі з ліста аднаго глускага салдата, Пятра Багука, які ён даслаў маці. «Як ты там, мама, як тваё здароўе? — пісаў Пётр. — Дарагая, беражы сябе. Што датычыцца мяне, то хачу паведаміць, што я здароў, служба праходзіць нармальна». Бацькам Пятра з ваеннай часці прыйшло паведамленне аб тым, што іх сын стаў выдатнікам баявой і палітычнай падрыхтоўкі.

Глушчане-дружыннікі

У 1984 годзе адзначалася 25-годдзе народных дружын. Карэспандэнт раённай газеты Л. Мікалаева пабывала на адным з дзяжурстваў дружыннікаў, і вось што яна пісала: «У дзяжурным пакоі раённага аддзела ўнутраных спраў раздаўся тэлефонны званок: „Дапамажыце ўтаймаваць хуліганаў... яны ўжо доўгі час на аўтастанцыі абражаюць пасажыраў, брыдкасловяць“. У міліцыі палічылі, што з хуліганамі справяцца дружыннікі. „Ваша задача, — звярнуўся да іх участковы інспектар С. Я. Чыркоўскі, — выехаць на месца і прыняць меры, гледзячы па сітуацыі“. Прайшло некалькі хвілін, як група дружыннікаў прыбыла на месца, а яшчэ праз некаторы час парушальнікі грамадскага парадку былі дастаўлены ў аддзел унутраных спраў. Так члены добраахвотнай народнай дружыны ПМК-77 Пётр Пятровіч Семеж, Міхаіл Мікалаевіч Новік і Міхаіл Міхайлавіч Калошка ў каторы раз прынялі ўдзел у навядзенні належнага грамадскага парадку...» Дарэчы, у рэпартажы былі напісаны сапраўдныя прозвішчы, месца вучобы і працы хуліганаў — магчыма, каб іншы раз «праславіцца» ім не хацелася.

Падшыўку гартала
А. ПЯТРОВА




При сканировании соответствующего QR-кода, будет осуществлен переход на портал рейтинговой оценки, и можно будет оценить результат оказанной административной процедуры или услуги работниками Глусского райисполкома

Фотогалерея

© 2007-2024
Глуский районный исполнительный комитет
Официальный сайт