rubeen
logo

Глусский

районный исполнительный комитет

Официальный сайт

Адрес: 213879, г.п. Глуск, ул. Кирова, 16
Телефон приемной: 8 (02230) 78-988
E-mail: rik@glusk.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Понедельник, 24 июня 2024 08:10

Чэрвень 1941-га. Успаміны глушчан

Чэрвень 1941-га. Успаміны глушчан

Указам Прэзідэнта Беларусі 22 чэрвеня аб’яўлена Днём усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа.

Безумоўна, адна з самых трагічных дат у гісторыі нашай краіны — 22 чэрвеня 1941 года. У той цёплы летні дзень жыццё ўсіх савецкіх людзей падзялілася на да і пасля, калі ў 4 гадзіны раніцы без аб’яўлення вайны войскі фашысцкай Германіі перайшлі дзяржаўную мяжу СССР. Пачалася Вялікая Айчынная вайна. Праз 83 гады мы памятаем гэту трагічную дату. Думаю, яе ніколі не забудуць і нашы нашчадкі.

У адным з нумароў раённай газеты «Радзіма» за 1994 год былі надрукаваны ўспаміны глушчан пра той самы страшны дзень у іх жыцці, калі пачалася вайна.

«Па-святочнаму маляўніча выглядаў Глуск 22 чэрвеня 1941 года. Ажыўлена і мнагалюдна было ў цэнтры мястэчка. З усіх гаспадарак, школ раёна сюды прыбывалі спартыўныя каманды для ўдзелу ў спартыўных спаборніцтвах... Усюды смех, вясёлыя твары. Спартыўныя баталіі былі ў самым разгары, калі...» — пісала раёнка.

З успамінаў жыхара Глуска, падпольшчыка, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Івана Фёдаравіча Баглая: «Я разам з Георгіем Казаком удзельнічалі ў гэты дзень у спартыўных спаборніцтвах,
і мы беглі дыстанцыю на 400 метраў. Не паспелі дасягнуць фінішу, як з гучнагаварыцеля, устаноўленага на месцы цяперашняга ўнівермага (зараз гэта магазін „Глушчанка“. — Заўв. аўт.), было аб’яўлена аб нападзенні фашысцкай Германіі на нашу краіну. Людзі натоўпам кінуліся да гэтых двух чорных рупараў... Адразу прапаў святочны настрой, хмурымі сталі твары людзей. Пасля выступлення па радыё В. М. Молатава глушчане збіраліся ў невялікія групы і бурна абмяркоўвалі пачутыя весткі. Чуваць былі воклічы: „Вось, нарэшце мы раздавім фашысцкую гадзіну“.
Я ж у кругу сваіх аднакласнікаў сказаў: „Хлопцы, жыццё наша паламана...“ А далейшыя падзеі ў Глуску развіваліся наступным чынам... Члены райкама КПБ, актыў раёна сабраліся ў кабінеце першага сакратара райкама партыі, дзе была праведзена нарада, на якой выступаў старшыня райвыканкама Палтаранаў, райваенкам маёр Левін і іншыя. Быў распрацаваны і прыняты план па правядзенні мабілізацыі мужчын старэйшага прызыўнога ўзросту, створаны знішчальны батальён, камандзірам якога быў прызначаны Шантар Уладзімір Цімафеевіч. На працягу двух першых дзён вайны ў батальён запісалася больш за 300 чалавек. Усе былі ўзброены паляўнічымі стрэльбамі і дробнакалібернымі вінтоўкамі...»

З успамінаў жыхара вёскі Бярозаўкі, былога сакратара камсамольскай арганізацыі калгаса «Чырвоная Зорка», удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Гаўрылавіча Падаляка: «Вестка аб вайне застала мяне ў Глуску. Цяжка перадаць словамі нашы адчуванні... Людзі добра разумелі, якую пагрозу ўяўлялі фашысты... У канцы дня я вярнуўся ў сваю вёску Касарычы, а там мяне ўжо чакала павестка з патрабаваннем тэрмінова прыбыць у сельскі Савет.

Тут я ўбачыў ужо многіх сакратароў камсамольскіх арганізацый суседніх калгасаў. Тады калгасы былі амаль у кожнай вёсцы. Старшыня сельсавета Антон Коўзун паставіў перад намі задачу: арганізаваць з ліку камсамольцаў і моладзі знішчальныя атрады, устанавіць патруляванне на дарогах, затрымліваць усіх падазроных асоб, праводзіць праверку дакументаў байцоў, якія адсталі ад сваіх часцей, а мужчын прызыўнога ўзросту накіроўваць у пункт збору, які размяшчаўся за паўтара кіламетры, у лясным масіве за халопеніцкімі мастамі. Тут жа ўсім нам была выдадзена зброя: я атрымаў карабін і дзве гранаты... Кіраўніцтва раёна ў гэты час праводзіла работу па эвакуацыі дзяржаўнай маёмасці. Падбіраліся кадры для партызанскай барацьбы. Былі створаны базы са зброяй і харчаваннем. А ядром партызанскага атрада стаў знішчальны батальён пад камандаваннем У. Шантара... У мястэчку былі разгорнуты два медсанбаты: адзін — каля райбальніцы, другі — на месцы цяперашняга раённага вузла сувязі... Цераз раён ішлі бежанцы, воінскія часці, асобнымі групамі на ўсход адступалі чырвонаармейцы. На Глушчыну прыйшла вайна.

24 чэрвеня каля 11 гадзін дня з боку вёскі Малінава з-за лесу паказаўся савецкі бамбардзіроўшчык. З надрывам раўлі яго маторы, дым валіў з-пад левага крыла, машына на вачах губляла вышыню...»

З успамінаў жыхара вёскі Клетнае Антона Дамінікавіча Гушчы: «У той час мы з сябрамі абганялі за рэчкай пасевы бульбы. І раптам убачылі, як падае наш бамбардзіроўшчык. Ён, зніжаючыся, зачапіў прапелерамі сасну і рухнуў. Гулкі выбух ускалыхнуў наваколле. Полымя ахапіла машыну... Выратавацца экіпажу не было ніякай магчымасці... 27 чэрвеня першая група мабілізаваных у армію жыхароў раёна была адпраўлена ў раён станцыі Ратміравічы, але яна сюды не дайшла. Ратміравічы ўжо захапілі немцы, а калону па дарозе абстралялі. Многія загінулі, а тыя, хто застаўся ў жывых, адразу ж уступілі ў мясцовы партызанскі атрад...»

З успамінаў жыхара Глуска, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Васіля Іосіфавіча Ясючэні: «28 чэрвеня немцы акупіравалі Глуск, але тэрыторыя Слаўкавіцкага і Каткаўскага сельсаветаў заставалася яшчэ свабоднай. Выконваючы загад аб мабілізацыі, я са сваімі аднагодкамі быў накіраваны ў вёску Катка. З усяго раёна нас сабралася каля 400 чалавек. Сустрэў нас і амаль з кожным пагутарыў ваенкам Левін. Гэтаму чалавеку многія з нас удзячны за сваё жыццё... Калі стала вядома, што вораг прасунуўся далёка на ўсход, Левін вырашыў весці нас на поўдзень на злучэнне з часцямі Чырвонай Арміі...»

Наперадзе глучшан і ўсіх беларусаў чакалі доўгія і жахлівыя тры гады акупацыі — а гэта смерці блізкіх, гора, голад, страх. Але надзея на перамогу ніколі не пакідала нашых землякоў, яны верылі і дачакаліся...

Падшыўку гартала А. ПЯТРОВА
Фота з інтэрнэту, носіць ілюстрацыйны характар




При сканировании соответствующего QR-кода, будет осуществлен переход на портал рейтинговой оценки, и можно будет оценить результат оказанной административной процедуры или услуги работниками Глусского райисполкома

Фотогалерея

© 2007-2024
Глуский районный исполнительный комитет
Официальный сайт