rubeen
logo

Глусский

районный исполнительный комитет

Официальный сайт

Адрес: 213879, г.п. Глуск, ул. Кирова, 16
Телефон приемной: 8 (02230) 78-988
E-mail: rik@glusk.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Четверг, 13 июня 2024 11:11

Як Глускі раён адзначаў 30-годдзе вызвалення

Як Глускі раён адзначаў 30-годдзе вызвалення

Сёлета мы адзначаем 80-годдзе вызвалення Глускага раёна і Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта вельмі значная дата ў гісторыі раёна і краіны. Зараз ужо амаль не засталося жывых сведкаў тагачасных падзей, і таму, каб расказаць моладзі гісторыю мінулых часоў, нам усё часцей прыйдзецца звяртацца да розных архіваў. Адзін з іх — архіў раённай газеты «Сцяг Радзімы». З дапамогаю падшыўкі газеты за 1974 год мы дазнаемся, як адзначалі 30-ю гадавіну вызвалення ў нашым раёне пяцьдзясят гадоў назад.

У 1974 годзе ў нашым раёне пражывала шмат ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны: партызан і ваенных — непасрэдных удзельнікаў вызвалення Глушчыны. Менавіта яны ўспаміналі і пісалі жывую гісторыю. У раённай газеце да юбілейнай даты друкаваліся іх успаміны. Былы начальнік штаба партызанскага атрада імя Шчорса Яфім Балоцін у нататцы «Партызанская школа» расказваў:

«...Стварэнне партызанскай школы. Было гэта вясной 1942 года ў вёсцы Зелянковічы... Настаўніцамі сталі мясцовыя жыхары, меўшыя да вайны стаж педагагічнай работы аднафамільцы Надзежда Яфрэмаўна, Марыя Данілаўна і Ніна Іванаўна Булка. Камсамолкі з энтузіязмам узяліся за справу. На ўроках абавязкова выкарыстоўваліся зводкі Савінфармбюро, якія прымаліся па радыёпрыёмніку, а па геаграфічнай карце вучні разам з настаўніцамі ўважліва сачылі за лініяй фронту... [Дзеці] абучаліся чытанню, пісьму, арыфметыцы... Баявыя групы стараліся прынесці з кожнай аперацыі што-небудзь для школьнікаў: сшыткі, алоўкі, падручнікі... Былы настаўнік Ісідор Лаўрэнавіч Дудар з Побліна перадаў у школу больш за 500 сшыткаў і іншых вучэбных дапаможнікаў і прылад... Цяжкімі былі ўмовы заняткаў у школе. Фашысты часта бамбілі вёску. У час адной з бамбёжак... школа была разрушана. І добра яшчэ, што ў час бамбёжак усе вучні разам з настаўнікамі хаваліся ў спецыяльных траншэях, і таму ўсе ўцалелі...»

На старонках газеты «Сцяг Радзімы» за 1974 год, у некалькіх нумарах, публікуецца гісторыя партызанскага руху на Глушчыне, якую расказваюць былы камандзір партызанскага атрада імя Шчорса Усцін Мікітавіч Шваякоў і начальнік штаба гэтага ж атрада Яфім Яўсеевіч Балоцін:

«Да лістапада 1941 года з атрада Паўлоўскага была сфарміравана партызанская брыгада... У гэты час быў створан і наш атрад, якому пазней і было прысвоена імя легендарнага Шчорса... Арганізаваўся атрад у вёсцы Млын Акцябрскага раёна. У ліку першых байцоў атрада былі Матвей Сезік, Сцяпан Шарэц, Пётр Панкратаў, Іван Дацэнка, Васіль Маніцын і аўтары гэтых радкоў... У арганізацыйны перыяд вялікую дапамогу аказвалі нам калгаснікі Майсей Патапенка, Леанід Храпко, Цярэнцій Голуб з Зелянковіч, Іосіф Галамака, Яўсей Кабернік з Касарыч. Яны здабывалі і перадавалі ў атрад зброю, боепрыпасы, харчаванне... У маі 1942 года ў вёсцы Казловічы прама на вуліцы перад будынкам сельсавета была склікана сесія мясцовага Савета дэпутатаў працоўных... Вестка аб сесіі Казловіцкага сельскага Савета хутка распаўсюдзілася па ўсім раёне. Людзі ажылі духам: жыве савецкая ўлада, не ўдалося фашыстам растаптаць яе... Расло паступова баявое ўзбраенне атрада. У нас было нямала аўтаматычнай зброі, з’явіўся палкавы мінамёт, а аднойчы ў атрад была дастаўлена 45-міліметровая гармата са снарадамі да яе... Паступова атрад ператварыўся ў салідную баявую адзінку, у якой налічвалася 438 байцоў... Поспеху баявых аперацый нашага атрада садзейнічала ўсебаковая падтрымка і дапамога насельніцтва навакольных вёсак... Калі нам стала вядома, што ў вёсцы Падлужжа Глускага раёна ў складзе варожага гарнізона знаходзяцца чэхі, мы звярнуліся да іх праз нашых сувязных з заклікам спыніць барацьбу супраць савецкага народа і перайсці да партызан. Нашы лістоўкі аб становішчы спраў на франтах адкрылі вочы чэхам, і многія з іх потым знайшлі дарогі ў лес... У асобных населеных пунктах прымяняўся часам метад абавязковай мабілізацыі моладзі. Гэта рабілася для таго, каб ворагі не распраўляліся з іх роднымі. Маўляў, што тут зробіш: не добраахвотна пайшоў у партызаны, а быў мабілізаваны сілай... Напярэдадні аперацыі «Баграціён» з Масквы прыбыў загад, каб усе беларускія партызаны 20 мая 1944 года ў 24:00 адначасова пачалі «рэйкавую вайну»... Нам патрэбна было выйсці на ўчастак чыгункі Жыткавічы — Калінкавічы... Падыходы да чыгуначнага палатна былі завалены дрэвамі. Давялося прабірацца праз іх, рызыкуючы кожную мінуту выдаць сябе неасцярожным рухам... Але вось нарэшце чыгуначнае палатно. У цемры ўжо можна разлічыць фігуры нямецкіх салдат, якія патрулююць гэты ўчастак. З імі некалькі сабак. Мы прыціскаемся да зямлі, стрымліваем дыханне. Але ад аўчарак схавацца нельга: яны брэшуць і кідаюцца ў наш бок. Немцы пачынаюць стральбу, і мы ўжо вымушаны адказваць ім тым самым. У баі загінуў палітрук атрада, але заданне сваё мы выканалі з гонарам. А загінуўшага баявога таварыша мы на руках данеслі за 40 кіламетраў да месца распалажэння нашага атрада і там з воінскімі ўшанаваннямі пахавалі яго..."
У адным з артыкулаў, пад назвай «Такое не забудзецца ніколі», былы начальнік разведкі 1-га Краснаградскага механізаванага корпуса палкоўнік у адстаўцы І. Юркоў успамінаў, як вызвалялі Глускі раён: «...Асабліва трывала ўтрымлівалі акупанты пераход цераз раку Пціч. Тут зараней рыхтавалася абарончая паласа рэзервамі 9-й нямецкай арміі. І фашысты лічылі гэты ўчастак найбольш выгаднай пазіцыяй, непрыступнай для нашых войскаў. І калі ў канцы дня [25 чэрвеня] мы падышлі на некалькіх участках да ракі Пціч, то сустрэлі моцнае супраціўленне праціўніка. Асабліва ў тым раёне, дзе рака лугавінай выгіналася да гарадскога пасёлка. Фашысты сустракалі нашых воінаў флангавым перакрыжаваным агнём, не дапускаючы падыходу да пераправы ў раёне Глуска. І тады камандуючы прыняў рашэнне абысці яго ў двух напрамках: з поўдня і з поўначы... Рашучая і нечаканая атака прынесла поспех. А ў гэты час у раёне вёскі Касарычы фарсіравала Пціч 9-я гвардзейская кавалерыйская дывізія генерала Тутарынава... Паспяхова вялі дзеянні 37-я механізаваная і 19-я брыгады. Асабліва апошняя, якой камандаваў палкоўнік В. В. Яршоў. Гэтыя брыгады з двух супрацьлеглых напрамкаў уварваліся ў Глуск. Трэба сказаць, што і праціўнік не хацеў здавацца без бою, і часам баі прымалі вельмі жорсткі характар... На танку Т-34 малодшы лейтэнант Н. Р. Рафіеў вёў свой узвод у атаку. На максімальнай хуткасці ён першым урываецца ў распалажэнне супрацьтанкавай батарэі праціўніка. Адну гармату перакуліў, другую ўціснуў у зямлю, ва ўпор расстраляў гарматны разлік каля трэцяй... Нават будучы параненым, ён працягваў весці бой да поўнага вызвалення Глуска... Да зыходу дня 27 чэрвеня 1944 года Глуск быў поўнасцю ачышчаны ад фашысцкіх захопнікаў...»
На старонках газеты «Сцяг Радзімы» ў 1974 годзе друкуюцца і ўспаміны былога начальніка штаба 96-й дывізіі палкоўніка М. Перэльмана, таксама ўдзельніка вызвалення Глуска: «Разам з 293-м гвардзейскім палком мы падышлі да ракі Пціч. Тры масты праз яе былі ўжо ўзарваны. Акрамя бродаў, іншых перапраў не было... Раніцай 26 чэрвеня 295-ты стралковы полк перайшоў раку Пціч уброд і хутка прасунуўся наперад... Полк ірваўся да Глуска, які стаў умацаваным пунктам праціўніка... Трэба было абысці Глуск з усіх бакоў. Гэта і выканалі батальёны 293-га і 291-га палкоў. Яны занялі Хваставічы, Дуброву, Гарадок і тым самым завяршылі ўзяцце Глуска...»
Трыццацігоддзе вызвалення Глуска шырока адзначалася ў райцэнтры. «Два дні працягваліся ўрачыстасці, прысвечаныя гэтай знамянальнай падзеі, — пісала раёнка. — 29 чэрвеня калона ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, былыя партызаны, прадстаўнікі прамысловых прадпрыемстваў і будаўнічых арганізацый, устаноў райцэнтра з букетамі жывых кветак і вянкамі выстраіліся на плошчы. Яны ўсклалі ля помніка У. І. Леніна букеты кветак, а затым накіраваліся на Хваставіцкія могілкі, дзе пахаваны байцы і афіцэры, якія аддалі сваё жыццё за вызваленне глускай зямлі...»
А на наступны дзень, 30 чэрвеня, у Глуску адбылася вельмі значная падзея: быў адкрыты помнік-манумент Воінскай славы і прайшоў мнагалюдны мітынг працоўных раёна, прысвечаны вызваленню Беларусі
і раёна ад нямецкіх захопнікаў. У раёнцы адзначалася, што «да месца адкрыцця помніка-манумента Воінскай славы сабралася больш дзвюх тысяч працоўных раёна». На адкрыцці помніка прысутнічаў і адзін з яго аўтараў — І. У. Краўчанка. Права адкрыць помнік далі першаму сакратару райкама КПБ Л. Сіманаву, былому камандзіру партызанскага атрада імя Гастэлы
В. Багдановічу, камісару 100-й партызанскай брыгады П. Чарнушыну, даярцы племсаўгаса «Завалочыцы» кавалеру ордэнаў Леніна, Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга Н. Невяроўскай, ветэрану 1-га Краснаградскага механізаванага корпуса
К. Кавалёву. «Пад гукі Дзяржаўнага гімна здымаецца пакрывала, і перад позіркам прысутных паўстае велічная фігура жанчыны з мячом у руках. Ля помніка-манумента ў ганаровую варту становяцца ветэраны вайны, піянеры», — чытаем у раёнцы.
Падчас мітынгу яго ўдзельнікі «аднадушна прымаюць запавет нашчадкам». Тэкст запавету і спіс загінуўшых у баях воінаў і партызан, а таксама загінуўшых мірных жыхароў Глушчыны «ў спецыяльнай металічнай капсуле замуроўваецца ў нішы помніка-манумента».
Да адкрыцця гэтай капсулы нам засталося пачакаць яшчэ 20 гадоў. Згодна з запаветам, адкрыць яе патрэбна 30 чэрвеня 2044 года, падчас сотай гадавіны вызвалення Глускага раёна.
• На тэрыторыі нашага раёна дзейнічала 4 брыгады і 11 партызанскіх атрадаў.
• Камандавалі брыгадамі І. В. Кулакоўскі, А. В. Львоў, У. К. Якавенка, У. З. Пуцята.
• Камандзірамі партызанскіх атрадаў былі Ц. Шантар, В. Бабіч, У. Шваякоў, В. Багдановіч, П. Юневіч, Б. Цыкункоў, У. Жлобіч, а таксама Сталяроў, Патрын, Храпко, Пакуш.
• Камісарамі брыгад і атрадаў былі П. Чарнушын, К. Пінчук, У. Станкевіч і іншыя.
• Цэнтрам партызанскага руху на Глушчыне былі слаўкавіцкія лясы.

Падшыўку гартала А. ПЯТРОВА




При сканировании соответствующего QR-кода, будет осуществлен переход на портал рейтинговой оценки, и можно будет оценить результат оказанной административной процедуры или услуги работниками Глусского райисполкома

Фотогалерея

© 2007-2024
Глуский районный исполнительный комитет
Официальный сайт