rubeen
logo

Глусский

районный исполнительный комитет

Официальный сайт

Адрес: 213879, г.п. Глуск, ул. Кирова, 16
Телефон приемной: 8 (02230) 78-988
E-mail: rik@glusk.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Понедельник, 03 июня 2024 08:29

Да 100-годдзя Глускага раёна. 1974: поспехі аграрыяў, будаўніцтва, кіно


Да 100-годдзя Глускага раёна на старонках «Радзімы» мы з дапамогай архіва раённай газеты прадаўжаем расказваць, як жылі глушчане цягам гэтага стагоддзя.

На чарзе — 1974 год. Гэта быў год, калі Глускаму раёну споўнілася паўвека. Якія падзеі адбываліся на Глушчыне, з якім поспехамі і дасягненнямі прыйшоў наш раён да гэтай даты, мы вам сёння і раскажам.

У першым нумары раённай газеты за 1974 год (з працягам у нумары 2) быў надрукаваны спіс жыхароў нашага раёна, якія Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР былі адзначаны высокімі ўрадавымі ўзнагародамі «за поспехі, дасягнутыя ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве, праяўленую працоўную доблесць у выкананні прынятых абавязацельстваў па павелічэнню вытворчасці і продажу дзяржаве цукровых буракоў, збожжа, бульбы і іншых прадуктаў земляробства ў 1973 годзе».

Найвышэйшую ўзнагароду — ордэн Леніна — атрымаў брыгадзір саўгаса «Глускі» Леанід Кірылавіч Ахрэмчык. Канешне, раённая газета падзею такога маштабу не магла абмінуць, і карэспандэнт Н. Сандамірскі выехаў у вёску Барысаўшчыну, каб пагутарыць з ардэнаносцам. «Мая ўзнагарода — гэта ўзнагарода ўсёй брыгады. Працавалі добра ўсе, каб павялічыць сілу гектара і даць дзяржаве больш збожжа, бульбы, малака і мяса», — прыводзіць словы Леаніда Ахрэмчыка карэспандэнт.
Дарэчы, герой гэтага артыкула быў узнагароджаны не раз: да таго часу ў яго ўжо была Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР і ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. «Дзякуючы яго настойлівасці, прынцыповасці, уменню з сучасных пазіцый вырашаць многія вытворчыя пытанні барысаўшчанская брыгада стала адной з перадавых у саўгасе. Апошнія чатыры гады, напрыклад, яна нікому не ўступае першынства», — адзначаецца ў артыкуле.

У пачатку 1974 года за працоўныя дасягненні ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга былі ўзнагароджаны трактарыст саўгаса «Глускі» Мікалай Ахрэмчык, трактарыст паўднёвага аддзялення «Сельгастэхнікі» Міхаіл Брацянкоў, звеннявая калгаса «Праўда» Таццяна Дзядзюля, трактарыст калгаса «Дружба» Іван Дроб, брыгадзір калгаса імя Калініна Іван Слук, калгасніца калгаса «Гвардыя» Марыя Зайцава і іншыя.







Часта на старонках раённай газеты на працягу года з’яўляліся нататкі пра перадавых даярак нашага раёна. Да прыкладу, Марыя Архіпаўна Маеўская. На той час яна ўжо 18 гадоў працавала даяркаю цэнтральнай малочнатаварнай фермы калгаса «Дружба».

«Гадамі накоплены вопыт, старанне дазваляюць Марыі Архіпаўне дабівацца высокіх паказчыкаў у працы... Прозвішча жанчыны занесена на Дошку гонару... Яна ўдастоена высокай урадавай узнагароды — ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга... За мінулы год ад кожнай каровы сваёй групы яна надаіла па 3450 кілаграмаў малака», — так пісала раёнка.

Яшчэ адна даярка, Любоў Канстанцінаўна Малевіч, працавала ў калгасе «Праўда», на ферме ў вёсцы Заполле. «На ферме гэтая жанчына працуе амаль трэцюю частку свайго жыцця... У гэтым годзе яна дала слова павялічыць надой ад каровы супраць леташняга на 100 кілаграмаў і надаіць 2800 кілаграмаў малака ад каровы», — адзначала раённая газета.

Старанна працавалі мясцовыя калгаснікі і ў полі. Вось што пісала газета «Сцяг Радзімы»: «...Першым вывеў у поле бульбасаджалку ў калгасе „Праўда“ звеннявы механізаванага звяна па вырошчванню бульбы Сяргей Паўлавіч Навічонак. І вось у бульбасаджалку засыпаюцца першыя кілаграмы грануляваных мінеральных угнаенняў і першыя клубні гатунку „лошыцкі“. Саджальшчыкі Вольга Сяргееўна Бараноўская і Рыгор Фёдаравіч Лапека займаюць свае месцы. Агрэгат пракладвае першыя чатыры баразны, у якія кладуцца адсартаваныя клубні».
Былі ў нашым раёне і свае стаханаўцы — гэта трактарысты калгаса «Праўда» Мікалай Міхайлавіч Бабак і Іван Данілавіч Муха. Яны на ворыве глебы пад азімыя «за 24 гадзіны бесперапыннай работы — з 17 гадзін 21 жніўня па 17 гадзін 22 жніўня — на трактары „Т-74“ узаралі 25 гектараў глебы пры зменнай норме 4,9 гектара і ўстанавілі рэкорд па ворыве глебы пад азімыя».





З поспехаў калгаснікаў, працаўнікоў прадпрыемстваў складваўся і поспех нашага раёна. Так, у 1974 годзе «абком КПБ і выканком абласнога Савета дэпутатаў працоўных... прызналі пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва за павелічэнне вытворчасці малака за 1973 год Глускі раён». «Нашаму раёну пакінуты пераходны Чырвоны сцяг абкома КПБ і аблвыканкома, прысуджаны па выніках работы за трэці квартал, выдаецца грашовая прэмія ў суме 700 рублёў, раён занесены на абласную Дошку гонару», — паведамляла раённая газета.

І крыху лічбаў, якія паказваюць, як працавала сельская гаспадарка раёна ў 1974 годзе: «Сёлета саўгасы і калгасы раёна сабралі рэкордны ўраджай зерневых і зернебабовых. З кожнага гектара атрымана па 26,4 цэнтнера зерня... 194 трактары, 59 грузавых і спецыялізаваных аўтамабіляў, 45 зернеўборачных камбайнаў і шмат іншай тэхнікі пастаўлена гаспадаркам раёна за 3 гады і 9 месяцаў дзевятай пяцігодкі... З пачатку дзевятай пяцігодкі ў раёне ўведзены ў эксплуатацыю каля 2069 гектараў асушаных зямель».

У чэрвені 1974 года адзначалася 30-годдзе вызвалення Глускага раёна ад нямецкіх захопнікаў. Напярэдадні гэтай даты на працягу некалькіх месяцаў на старонках раёнкі друкаваліся тэматычныя матэрыялы, успаміны партызанаў і ваенных, якія вызвалялі раён, праводзіліся конкурсы, напрыклад, на веданне гісторыі Савецкай арміі.

Непасрэдна ў дні, калі быў вызвалены наш раён, прайшлі ўрачыстасці: ускладванне кветак да помніка Леніну на плошчы Глуска і на хваставіцкіх могілках, дзе пахаваны салдаты і афіцэры, якія вызвалялі Глускі раён.

А 30 чэрвеня быў адкрыты помнік, цяпер вядомы кожнаму глусчаніну.
«Да месца адкрыцця помніка-манумента Воінскай славы сабралася больш дзвюх тысяч працоўных раёна... Пад гукі Дзяржаўнага гімна здымаецца пакрывала і перад позіркамі прысутных паўстае велічная фігура жанчыны з мячом у руках», — так пісала пра гэту падзею раённая газета.

У жніўні 1974 года Цэнтральны Камітэт КПСС і Савет Міністраў СССР прынялі пастанову «Аб мерах па далейшым удасканаленні пашпартнай сістэмы ў СССР». У адпаведнасці з пастановай прадугледжвалася выдача пашпартоў усім грамадзянам савецкай дзяржавы, якія дасягнулі 16-гадовага ўзросту. Юнакі і дзяўчаты атрымлівалі свой першы вельмі важны дакумент ва ўрачыстай абстаноўцы, дарэчы, як і сучасная моладзь. «У раёне стала добрай традыцыяй ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаць шаснаццацігадовым пашпарты. Вось і нядаўна ў раённым Доме культуры арганізавана і цікава было праведзена такое мерапрыемства. Прысутнасць ветэранаў вайны і працы, прадстаўнікоў грамадскасці надала мерапрыемству асаблівую сур’ёзнасць і ўрачыстасць... Першымі атрымліваюць пашпарты Таццяна Меснік, Юрый Муха, Ала Грыневіч», — да гэтай нататкі ў раённай газеце ёсць і фотаздымак, дзе вучні Глускай сярэдняй школы № 1 з цікавасцю разглядваюць свае дакументы.





І яшчэ пра школы і школьнікаў. У 1974 годзе ў краіне Саветаў ішла актыўная падрыхтоўка да ўвядзення ўсеагульнай абавязковай сярэдняй адукацыі (10 класаў), а яшчэ праводзілася вялікая праца па ўзняцці адукацыйнага і культурнага ўзроўню насельніцтва. «Каля 95% былых васьмікласнікаў працягваюць вучобу ў дзевятых класах, тэхнікумах і вучылішчах... Для забеспячэння ўсенавуча (усеагульнае навучанне. — Прым. аўт.) у раёне працуе 12 школьных інтэрнатаў, у якіх пражывае 446 вучняў... Пабудавана Поблінская васьмігадовая, узводзіцца сярэдняя школа ў Макавічах, рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва Бярозаўскай і Дуброўскай школ... Завяршэнне пераходу да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі павышае адказнасць настаўнікаў за выхаванне і абучэнне маладога пакалення. А гэта патрабуе пастаяннага росту кваліфікацыі, педагагічнага майстэрства», — так на старонках раёнкі расказваў пра адукацыю на Глушчыне загадчык райана Р. Кісялевіч.

У адным з нумароў газеты «Сцяг Радзімы» была размешчана нататка пра выхавацельку дзіцячага сада № 3 Паліну Іванаўну Бруевіч. Тут жа і фотаздымак: Паліна Іванаўна з дзеткамі на ранішніку, прысвечаным
8 Сакавіка. Фотакарэспандэнт А. Сяргееў так расказвае пра выхавацельку: «Паліна Іванаўна Бруевіч... скончыла педагагічнае вучылішча якраз перад самай вайной. Але тады, у суровым сорак першым, замест вясёлых дзіцячых усмешак, гоману давялося пачуць разрывы бомб, посвіст куль, гулкую кананаду артылерыйскіх выбухаў. Усю вайну яна прайшла ваеннай радысткай. Толькі пасля вайны яна змагла вярнуцца да любімай прафесіі... І хоць узрост ужо даўно пенсійны, але ж душой ветэран не старэе і па-ранейшаму знаходзіцца сярод дзяцей».

Пра будаўніцтва. Сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя — гэта час, калі ў СССР узводзіліся новыя прадпрыемствы, будавалася жыллё, магазіны ў вёсках. Глуск не адставаў ад гэтай тэндэнцыі. Так, напрыклад, у раёне быў пабудаваны і ўступіў у строй новы асфальтавы завод.

Дырэктар прадпрыемства М. Г. Рыўкін на старонках газеты «Сцяг Радзімы» расказваў: «З уводам завода на поўную магутнасць ён штодня будзе выдаваць па 100 тон асфальту. Гэта дасць магчымасць паўней забяспечыць дарожнікаў будаўнічым матэрыялам. Ужо ў гэтым годзе яны плануюць здаць першую лінію асфальтавай дарогі, якая звяжа цэнтр саўгаса „Глускі“ з брыгадай Макавічы. Плануецца таксама асфальтаваць дарогу паміж раённым цэнтрам і вёскай Зелянковічы».

Дарэчы, была ў газеце «Сцяг Радзімы» размешчана і нататка пра асфальтавы завод. Акрамя дырэктара, там працавалі ўсяго толькі пяць чалавек: трактарыст, два рабочыя, фарсуншчык і электрык-аператар.

Будаваўся і прыгажэў Глуск. Так, у самым першым нумары раённай газеты за 1974 год змешчаны фотаздымак новага дома па вуліцы Кірава, дзе жылі працаўнікі ПМК-61. «З кожным годам усё больш прывабны выгляд набываюць вуліцы Глуска. Прыгажосць ім прыдаюць новыя сучасныя шматпавярховыя дамы, асфальт, неонавыя ліхтары», — такі тэкст быў пад фота.

Кожны месяц на старонках газеты «Сцяг Радзімы» друкаваўся анонс кінафільмаў, якія гледачы маглі паглядзець у глускім кінатэатры, а жыхары вёсак раёна — у сваіх клубах. Пра кожную кінастужку — якая кінастудыя здымала, акцёры, рэжысёр і крыху сюжэта — расказваў дырэктар галоўнага кінатэатра Ю. Фуксон. Дарэчы, гледачам паказвалі не толькі савецкія фільмы, але і замежныя — чэхаславацкія, польскія, румынскія.

У той час людзі з задавальненнем хадзілі ў кіно. І не толькі на мастацкія фільмы, але і навукова-папулярныя, і нават сельскагаспадарчыя. Для дзяцей таксама паказвалі фільмы і мультфільмы. За 1974 год кінафікатарамі раёна было «абслужана 18 тысяч 500 гледачоў, паведамляла раёнка.

Ну і напрыканцы крыху пра надвор’е. Трэба адзначыць, што ў 1974 годзе і надвор’е было не такім, як зараз, — зімы былі снежныя ды марозныя. Сталыя глушчане памятаюць, як у вёсках замятала вуліцы пад самыя вокны, як дзеці коўзаліся са снежных горак, вяршыня якіх пачыналася ад верхавіны самага высокага вясковага плота. Але ж хадзіць, а тым больш ездзіць па заснежаных дарогах і вуліцах патрэбна было і ў такое надвор’е. Каб забяспечыць «бесперабойны праезд транспарту па дарогах раёна», у Глускім райвыканкаме нават працавала пастаянная камісія па прамысловасці, транспарце і сувязі.

Падшыўку гартала А. ПЯТРОВА




При сканировании соответствующего QR-кода, будет осуществлен переход на портал рейтинговой оценки, и можно будет оценить результат оказанной административной процедуры или услуги работниками Глусского райисполкома

Фотогалерея

© 2007-2024
Глуский районный исполнительный комитет
Официальный сайт