Валерыя Рыгоравіча мы заспелі каля зернясклада. Свае рабочыя моманты ён абмяркоўваў тут з інспектарам па кадрах Таццянай Мішур, аграномам Уладзімірам Рыбачонкам і загадчыцай склада Таццянай Баравой. Напагатове са сваім Амкадорам быў тут і трактарыст-машыніст Сяргей Кандраценя, зараз ён заняты на пагрузцы насення. У кожнага свае задачы, свая зона адказнасці, кажа галоўны аграном, вось, да прыкладу, аграном Уладзімір Рыбачонак (ён, дарэчы, малады спецыяліст, працуе ў гаспадарцы другі год) адказвае за насенне, яго ачыстку, пратручванне, рэпрадукцыйны склад. На загадчыцы склада — улік, кантроль і выдача насення, таксама яна адпускае гаруча-змазачныя матэрыялы і запчасткі, але гэта ўжо на іншым складзе. Шмат работы ў Сяргея Кандрацені, ён грузіць не толькі насенне, але і кармы для жывёлы, у тым ліку камбікорм, сілас, а яшчэ — удабрэнні, арганіку. Незадоўга да нашага прыезду загружаўся трактарыст-машыніст Дзяніс Гізун і павёз насенне зернебабовых аж да Старога Сяла, там іх сее Віктар Кончыц, механізатар з «Турыно-агра». Закончыў рамонт і таксама ўключыўся ў сяўбу зерневых механізатар «Зары Камуны» Васіль Вежнавец.
«З кадрамі ў нас праблема, — кажа Валерый Шарстнёў, — таму даводзіцца дамаўляцца з іншымі гаспадаркамі, з БНБК, каб дапамаглі. На падрыхтоўцы глебы ў нас сёння заняты таксама камандзіраваны механізатар, Мікалай Медзвядок з „Глускай Зары“. Ігар Драздоў з „БНБК-АГРА Глуск“ вадкімі азотнымі ўдабрэннямі вядзе падкормку азімых, гэта ўжо другая падкормка, падкормлена 111 гектараў ячменю.
https://glusk.gov.by/news/news-raion-ru/item/4513-pratso-nyya-budni-zary-kamuny-gluskaga-rajona#sigProIdbdc646b68c
Кожная пасяўная мае свае асаблівасці. Сяголета яна пачалася дзён на дзесяць раней, чым звычайна, рана сышоў снег, рана пацяплела, аднак трапіш зараз не на ўсе палі, у нізінах яшчэ даволі гразка, тэхніка туды пакуль не пойдзе. Працуем там, дзе можна, і робім тое, што можам. Паклапаціліся пра насенны фонд: прывезлі 10 тон ячменю з аграфірмы „Лучнікі“, што ў Слуцкім раёне, у Полацкім раёне купілі авёс, 19 тон, травы набылі ў „Ніва-Барсукі“ (гэта сельгаспрадпрыемства Кіраўскага раёна) і КСУП „Жылічы“, прывезлі люцэрну, яе ўжо і пасеялі, 32 гектары. А ўсяго ранніх яравых у нас зараз пасеяна каля 110 гектараў, у тым ліку 35 гектараў зернебабовых і 73 аўса».
Т. ЛУГАВАЯ
Фота аўтара