rubeen
logo

Глусский

районный исполнительный комитет

Официальный сайт

Адрес: 213879, г.п. Глуск, ул. Кирова, 16
Телефон приемной: 8 (02230) 78-988
E-mail: rik@glusk.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Пятница, 15 марта 2024 09:00

Што адбывалася ў Глускім раёне ў 1967 годзе

У 1930 годзе, праз шэсць гадоў пасля ўтварэння Глускага раёна, выйшаў першы нумар раённай газеты «Камунар Глушчыны». Пазней раёнка выходзіла пад назвамі «Сцяг калектывізацыі», «Соцыялістычная вёска». Потым, на той час, што Глускі раён далучалі да Бабруйскага, выпуск газеты спыняўся. І вось, калі ў 1966 годзе Глускі раён аднавіўся, хутка аднавілася і раённая газета, якая цяпер ужо называлася «Сцяг Радзімы». Яе карэспандэнты прадоўжылі расказваць пра жыццё ў Беларусі і ў іншых рэспубліках Савецкага Саюза, пра глушчан і вяскоўцаў нашага раёна, аб працоўных поспехах калгаснікаў, дасягненнях рабочых, педагогаў, школьнікаў і спартсменаў.У вас, паважаныя чытачы, ёсць унікальная магчымасць разам з намі зазірнуць у мінулае, у 1967 год, калі пасля перапынку зноў пачала друкавацца раённая газета.

Першы нумар раёнкі ў 1967 годзе выйшаў, як ні дзіўна, у выхадны дзень — нядзелю 1 студзеня.

На першай старонцы калектыў рэдакцыі звярнуўся да чытачоў: «Дарагія таварышы! Сёння выйшаў першы нумар раённай газеты „Сцяг Радзімы“. Гэта важная падзея ў жыцці кожнага працаўніка вёскі, рабочага, служачага і інтэлігента... Рэдакцыя газеты „Сцяг Радзімы“... запрашае быць актыўнымі памочнікамі райгазеты... пішыце ў сваю раённую газету, паказвайце на яе старонках, як працаўнікі сельскай гаспадаркі, калектывы прадпрыемстваў змагаюцца за ажыццяўленне велічных планаў Камуністычнай партыі. Толькі з вашай дапамогай газета будзе больш цікавай і змястоўнай...»

І так з самага першага дня 1967 года ў рэдакцыю пачала паступаць інфармацыя з розных прадпрыемстваў і ўстаноў. «Далёка за межамі рэспублікі вядома прадукцыя ткацка-стругальнага ўчастка райпрамкамбіната. Жыхары паўднёвых раёнаў краіны, куды ідзе значная частка нашай прадукцыі, заўсёды ўдзячны нам за якасць і высокамастацкае выкананне палоцен „Спатры“... Асабліва старанна і спрытна працуюць ткачыхі Вольга Клыга, Ганна Лосева, Галіна Муха...» — пісаў майстар участка райпрамкамбіната Р. Скіндзель.

Той год, 1967-ы, быў годам святкавання 50-гадовага юбілею Кастрычніцкай рэвалюцыі, і ўсе працоўныя дасягненні прысвячаліся менавіта гэтай значнай даце. На старонках раённай газеты яе супрацоўнікі і пазаштатныя карэспандэнты расказвалі пра тое, што зроблена для людзей у юбілейны год. Вось, напрыклад, у клубах вёсак Мыслоціна, Заполле, Турыно ўстанавілі новую стацыянарную кінаапаратуру і шырокія экраны.

У Мыслоціне адкрыўся новы магазін, у якім «толькі за першы дзень было прададзена тавараў на 600 рублёў». Для вяскоўцаў актыўна будавалася жыллё: «У дзясяткі новых дамоў перасяліліся сёлета сем’і рабочых саўгаса „Глускі“. Толькі ў брыгадзе Калацічы новыя дамы пабудавалі пяць сем’яў. Са старых у новыя хаты перайшлі сем’і Фёклы Глаз, Леаніда Сёміна, Ягора Глаза, Вольгі Глаз і Івана Огура».

У 1967 годзе будаваўся і Глуск: на вуліцы Юбілейнай з’явілася шэсць аднакватэрных дамоў, на вуліцы Сацыялістычнай пачалося будаўніцтва 12-кватэрнага жылога дома. Колькасць школьнікаў у райцэнтры павялічвалася з кожным годам, і сярэдняй школе № 1 патрэбна было новае памяшканне. Новы будынак школы, разлічаны на 964 месцы, пачалі будаваць на ўскрайку Глуска.

У гэтым жа годзе пачалі будаваць памяшканне райвыканкама і яшчэ некалькі шматкватэрных дамоў у Глуску. Добраўпарадкавалі (забрукавалі) вуліцы Кірава, Пушкінскую і Карла Маркса, правялі асвятленне на вуліцу Новую.

На вуліцах Глуска было высаджана 450 фруктовых і 1500 дэкаратыўных дрэў.

А ці ведалі вы, што Глускі маслазавод у 1967 годзе выпускаў марожанае? Хоць у тагачаснай раёнцы гэты факт згадваецца ў крытычнай нататцы: пакупнікі ў ласунку знайшлі кавалкі масла і лёду — але ж нам важны сам факт, што глускае марожанае было.

Яшчэ крыху нязвыклых і незвычайных для нас фактаў. У 1967 годзе амаль усе калгасы раёна вырошчвалі лён. Як адзначала ў сваёй нататцы звеннявая па льне калгаса «Дружба» В. Алісевіч, «з кожнага гектара атрымалі па 8,4 цэнтнера валакна і 5,8 цэнтнера семя. Гектар ільну даў 1051 рубель даходу». Акрамя таго, у Глускім раёне, прынамсі, у калгасе «Гвардыя», вырошчвалі дзіўную расліну — куузіку. Гэта каштоўны кармавы караняплод, гібрыд бручкі і кармавой капусты, ураджайнасцю 800–900 цэнтнераў з гектара.

На будаўнічых пляцоўках, на фермах і палях працавалі адданыя сваёй справе людзі. Пра некаторых з іх пісалі карэспандэнты «Сцяга Радзімы». Магчыма, паважаныя чытачы, хтосьці з вас пазнае сваіх родных або знаёмых.

У калгасе імя Калініна, у першай яго брыгадзе, кавалём працаваў Пятро Жулега: «Кожную раніцу ўдарам молата аб накавальню абвяшчае пачатак новага працоўнага дня... Шмат у яго работы. Патрэбна рамантаваць сані, бароны, фурманкі і іншы сельгасінвентар...»

У калгасе «Зара» даяром быў мужчына — Мікалай Іванавіч Непачаловіч. «Яго правіла — першым прыйсці на ферму, пацікавіцца станам сваіх гадаванцаў, пачысціць станкі, падаслаць свежай саломкі і, пакуль збяруцца ўсе даяркі, пачаць ранішнюю дойку...» — пісаў пра даяра карэспандэнт раёнкі С. Анташкевіч.

Антаніна Басякова працавала даяркай на малочнатаварнай ферме пятай брыгады калгаса «Радзіма». «На працягу 10 год яна ўтрымлівае званне перадавой даяркі. Сярэднясутачныя надоі ад адной каровы складаюць па 10,5–10,8 кілаграма. Працоўныя поспехі даяркі адзначаны ўрадавай узнагародай — медалём «За працоўную доблесць», — пісалі ў раённай газеце.

У іншым нумары раёнкі была змешчана фатаграфія Вольгі Паўлаўны Любанец, даяркі калгаса імя Чапаева, з подпісам, што «яна даглядае 16 кароў... надаіла ад кожнай каровы па 1910 кілаграмаў малака...» За працоўныя дасягненні Вольгу Паўлаўну ўзнагародзілі медалём «За працоўную адзнаку».

Дарэчы, сучасная моладзь нават не ўяўляе, як у 1967 годзе пры адсутнасці халадзільнікаў на фермах захоўвалі малако. А вось як гэта рабілі ў калгасе «Радзіма» (і ва ўсіх іншых таксама): «Каб лепш захаваць малако ў летні перыяд, жывёлаводы сельгасарцелі праводзяць нарыхтоўку лёду. Першымі з гэтай справай справіліся працаўнікі шостай фермы. Сюды завезены 45 тон лёду. Ён надзейна закрыты торфакрошкай».

У 1967 годзе працоўныя заслугі экскаватаршчыка Глускага будаўніча-мантажнага ўпраўлення Івана Мацвеевіча Радкевіча ацанілі вельмі высока: ён атрымаў ордэн Леніна, найвышэйшую ўзнагароду ў СССР.

«У мінулым годзе меліяратары асушылі каля чатырох тысяч гектараў забалочаных зямель. Немалы ўклад у гэтую справу ўнёс і Іван Мацвеевіч», — чытаем у нататцы.

Дзякуючы стараннай і плённай працы глушчан і вяскоўцаў у 1967 годзе Глускі раён быў занесены на абласную Дошку пашаны.

Быць маці — гэта таксама вялікая і адказная праца. Таму савецкае кіраўніцтва высокімі ўрадавымі ўзнагародамі адзначала і шматдзетных жанчын. Вось і ў 1967 годзе Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР узнагародзіў ордэнам «Мацярынская слава першай ступені» калгасніцу калгаса імя Чапаева Глускага раёна Ніну Канстанцінаўну Серык, якая нарадзіла і выхавала 9 дзяцей.

Дарэчы, дзіцячыя садкі на той час былі яшчэ не ва ўсіх вёсках, таму нярэдка, калі бацькі ішлі на працу, дзеці заставаліся дома адны. Вось якую гісторыю расказала тагачасная раёнка. На пошту рэдакцыі прыйшло пісьмо ад бацькоў Ермаковых, калгаснікаў калгаса «Гвардыя»: «Аднойчы, калі мы былі на рабоце, а дома засталіся шасцігадовы Вася і трохгадовы Саша, Саша адправіўся вандраваць. Ён пайшоў у напрамку да вёскі Цяснова. Паглыбіўшыся ў лес, прайшоўшы кіламетраў тры-чатыры, Саша стаміўся, захацеў есці... Дзіцячы плач пачула жыхарка вёскі Сялец Вольга Ціханаўна Грамыка, якая ў гэты час збірала грыбы. Знайшоўшы Сашу ў лесе, жанчына супакоіла яго... прыйшла ў нашу вёску і прывяла Сашу...»

Паступова паляпшаўся быт савецкіх вяскоўцаў. У 1967 годзе ў Глускім раёне поўнасцю была скончана электрыфікацыя вёсак у калгасе імя Чапаева: «Разбегліся правады ад сілавой падстанцыі вёскі Слаўкавічы. Яны нясуць у кожны дом святло, прыводзяць у дзеянне на таках калгаса рухавікі зернеачышчальных машын, у майстэрнях — такарныя, фрэзерныя і іншыя станкі». У вёску Заеліца прыйшоў водаправод: «У вёсцы ўстаноўлена воданапорная вежа. На адлегласці 1400 метраў па вуліцы пракладзены трубы».

У быт вяскоўцаў паступова ўваходзілі тэлевізары. На здымку ў раённай газеце — сям’я камбайнера А. Р. Грамыкі з калгаса «Радзіма». Гаспадар, яго жонка і дзіця сфатаграфаваны рэпарцёрам за праглядам тэлеперадачы. Подпіс пад здымкам такі: «З кожным днём расце дабрабыт хлебаробаў сельгасарцелі „Радзіма“. Многія з іх у апошнія гады перасяліліся ў новыя дамы, набылі матацыклы, тэлевізары, пральныя машыны і іншыя каштоўныя рэчы».

Вясковыя магазіны ў той час не толькі прадавалі тавары насельніцтву, але і адначасова былі нарыхтоўчымі пунктамі, куды сяляне маглі прыносіць лішкі сельгаспрадукцыі, якую яны вырасцілі на сваіх падворках. «Дуброўскім магазінам нарыхтавана і здадзена на базу райзага 7 тысяч яек. Узята абавязацельства нарыхтаваць да першамайскіх свят яшчэ 5 тысяч яек», — пісала раёнка.

На старонках газеты «Сцяг Радзімы», безумоўна, былі навіны агульнасаюзныя і з іншых рэспублік СССР. Так, у 1967 годзе Камітэтам стандартаў, мер і вымяральных прыбораў пры Савеце міністраў СССР быў зацверджаны дзяржаўны знак якасці, які ўпрыгожваў лепшыя вырабы савецкай прамысловасці.

А як вам такая навіна з Азербайджана: «Азербайджанец Шыралі Мыслімаў у 162 раз сустрэў Новы год. У пераднавагодні вечар ён парушыў свой строгі рэжым, каб пачуць навагодні бой крамлёўскіх курантаў па радыё за святочным сталом»?

Напрыканцы хачу прывесці некаторыя лічбы і факты, якія адлюстроўваюць, як Глуск і раён жылі ў 1967 годзе.

У трох школах Глуска навучаліся 1715 вучняў, якіх вучылі 89 настаўнікаў, а ўвогуле ва ўсім раёне працавала 61 школа, дзе вучыліся 7099 вучняў. Штодзённа паштальёны разносілі падпісчыкам з Глуска 6400 экзэмпляраў перыядычных выданняў. У сярэднім кожная глуская сям’я атрымлівала па 5 выданняў. У 1967 годзе ў Глуску было ўстаноўлена 50 газавых пліт (дагэтуль гаспадыні карысталіся керагазамі і прымусамі). У раённай бальніцы працаваў 21 урач. У райцэнтры было 11 магазінаў, у якіх працавала 52 прадаўцы. Штодзённа з аўтастанцыі Глуска адпраўляліся аўтобусы па 63 маршрутах.

Падшыўку гартала А. ПЯТРОВА




При сканировании соответствующего QR-кода, будет осуществлен переход на портал рейтинговой оценки, и можно будет оценить результат оказанной административной процедуры или услуги работниками Глусского райисполкома

Фотогалерея

© 2007-2024
Глуский районный исполнительный комитет
Официальный сайт