Зрэшты, тое, што раённы цэнтр паступова мяняецца, пазбаўляецца непатрэбнай сухой расліннасці, старых аварыйных дрэў, паламаных платоў і лядашчых будынін з праваленымі дахамі, глушчане заўважаюць самі, бо ад такой маштабнай уборкі, як і ад пабеленых камлёў дрэў, быццам бы пасвятлела на местачковых вуліцах. Прычым не толькі тых, што ў цэнтры. Вось і мы, каб пераканацца, што не толькі «цэнтр ліжуць», паехалі на вуліцу Школьную. Там, як мы дазналіся, раёну газазабеспячэння было даручана знесці адну лядашчую будыніну: яна і выгляд псавала, і суседзі скардзіліся ў райвыканкам, што разводзяцца ды ў двары паўзуць непрыемныя істоты. Але ж знайшлі адрас не адразу, спачатку праехалі міма — да таго ўсё было там знесена, звезена і разраўняна. Выйшаўшая з дома насупраць гаспадыня падзякавала, што ўлада так хутка адрэагавала на просьбу і што работа зроблена насамрэч якасна.
Пабылі мы на рагу завулкаў Вілюгі, Паўночнага і вуліцы Берагавой. Там паўз невялікі ліўнёвы канал за будынкамі гаражоў навялі парадак работнікі Глускага ўчастка электрасувязі РУП «Белтэлекам». І сам канал, і тэрыторыя побач з ім цяпер у поўным парадку: смецце і лісце павыграбана, лішняя расліннасць выдалена і спалена, а паласа зямлі за гаражамі нават заарана. Зроблена ўсё належным чынам, адзначае Дзмітрый Кушын.
Зразумела, што найбольшыя аб’ёмы работ у раённым цэнтры выконваюцца камунальнай службай, у ліку самых прыкметных — абнаўленне лавак у цэнтральным парку, добраўпарадкаванне тэрыторыі перад гасцініцай — тратуар, бардзюры, клумбы, зялёныя насаджэнні. Акрамя таго, «Жылкамгас» пачаў бягучы рамонт жылля: зараз работы вядуцца на доме № 65 па вуліцы Кірава, усяго ў гэтым годзе такім чынам запланавана адрамантаваць 20 дамоў.
Робяць сваю справу і дарожнікі. У прыватнасці, па словах начальніка ДРБУ № 213 Аляксандра Харца, зараз на дарозе ў накірунку вёскі Бабірова вядзецца ямачны рамонт струменна-ін’екцыйным спосабам устаноўкай «Тайфун». Асфальта-бетоннай сумессю пад фрэзу рамантуюць (ямачны рамонт) дарогу на Дуброву, вядуцца работы і на аб’язной у Глуску — для далейшага ўкладання асфальту і завяршэння распачатых там яшчэ летась работ. Не засталіся незаўважанымі глушчанамі і падрыхтоўчыя работы, што пачаліся па вуліцы Максіма Горкага — бліжэй да перакрыжавання з Гагарына. Там, па словах Аляксандра Харца, будзе прадоўжана аўтастаянка, ліўневая каналізацыя, заменены бардзюрны камень, а тратуар зробяць з пліткі.