Спецыялізаваная тэхніка і работнікі «Водаканала» на адрэзку гэтай вуліцы ад перакрыжавання з Кірава і да перакрыжавання з К. Маркса працуюць больш за тыдзень, з 29 жніўня. Іх задача — памяняць старую азбеставую трубу са стопрацэнтным зносам на новую поліэтыленавую, такога ж дыяметру, 100 мм, працягласцю 360 метраў. На гэтым участку водаправод часта рваўся, даводзілася тэрмінова яго рамантаваць, жыльцы на нейкі час заставаліся без вады, з заменай трубы такіх непрыемнасцяў ужо не будзе, даводзяць спецыялісты. На работах заняты людзі і тэхніка глускага ўчастка: брыгада слесараў аварыйна-аднаўленчых работ пад кіраўніцтвам Аляксандра Дзяшчэні, задзейнічаны экскаватар, машыны для адкачкі каналізацыі. Для бестраншэйнай пракладкі трубы праколы выконвала спецтэхніка «Бабруйскводаканала». Асноўная труба ўжо пракладзена, цяпер выконваецца пераўрэзка індывідуальных водаправодаў да жылых дамоў. Пакуль работы вядуцца, вада спажыўцам падаецца па старой трубе, калі ўсё будзе зроблена, увядуць у дзеянне новую, па словах майстра глускага ўчастка «Водаканала» Дзмітрыя Кісляка, адбудзецца гэта ў канцы верасня.
Сяголета «Водаканал» запісаў на свой рахунак планавую замену водаправоднай сеткі на вуліцы Кірава (570 м), па вуліцы Новай у Хваставічах (450 м), мяняў водаправод у Калацічах (590 м), Барысаўшчыне (350 м) і Жалвінцы (450 м), таксама мянялі напорную каналізацыйную сетку па Глуску, ад Юбілейнай вуліцы да раёна «сем вятроў» (больш за 700 м). Плюс да гэтага ўхіленне аварыйных сітуацый. Словам, працуюць актыўна.
Т. ЛУКАШЭВІЧ, фота аўтара