rubeen
logo

Глусский

районный исполнительный комитет

Официальный сайт

Адрес: 213879, г.п. Глуск, ул. Кирова, 16
Телефон приемной: 8 (02230) 78-988
E-mail: rik@glusk.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Среда, 16 августа 2023 12:26

Дружна! Разам! Расказваем як прайшоў турыстычны злёт у Глуску

Дружна! Разам! Расказваем як прайшоў турыстычны злёт у Глуску

Турыстычны злёт у Глуску — гэта не проста спаборніцтва, гэта турыстычна-спартыўна-гастранамічна-культурнае свята. Свята для людзей усіх узростаў, розных прафесій, заняткаў і пасад. Злёт праходзіць два дні, а не забываецца і праз два месяцы. Бо калі ў добрым месцы збіраюцца добрыя людзі дзеля добрай мэты — гэта сапраўды варта добрых і доўгіх успамінаў.

Сяголета раённы турыстычны злёт быў прысвечаны Году міру і стварэння і накіраваны на прапаганду сям’і і іншых нашых традыцыйных каштоўнасцей. Праходзіў 11 і 12 жніўня ва ўрочышчы Лысуха, гэта прыгожае і зручнае месца, здаецца, проста створана для такіх мерапрыемстваў. (Хочацца спадзявацца, што за час злёту прырода не пацярпела.) Удзел у злёце бралі восем каманд: «БНБК-АГРА» (ТАА «БНБК-АГРА Глуск»), «СуперМед» (ЦРБ), «КаМОН» (УКП «Жылкамгас»), «Максімум» (райпо), «Лясны дазор» (лясгас), «Глускія буслы» (аддзел па адукацыі), «Арыён» (установы культуры), «Разам — мы сіла» (Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый).

Арганізатары падрыхтавалі для іх дзевяць розных выпрабаванняў: у першы дзень былі візітоўка, конкурс турыстычнага быту, валейбол, перацягванне каната, турыстычная паласа перашкод, паходная страва і творчы конкурс. Назаўтра раніцай турысты (так і хочацца напісаць «з лёгкасцю») пераадолелі паласу перашкод, якую для іх наладзілі ратаўнікі, а потым спаборнічалі ў корнхоле. Гэта новы від спаборніцтваў на нашым злёце, сутнасць гульні ў тым, каб закінуць торбачку з зярнятамі (ці бабовымі) у круг, прарэзаны ў драўляным шчыце. Спачатку ў турыстаў справа ішла не надта, а як налаўчыліся, дык і добра цалялі. Новай на сяголетнім злёце была і сустрэча каля вогнішча. Праходзіла яна ў першы вечар, як ужо сцёмнілася і завяршыліся запланаваныя спаборніцтвы і конкурсы. Унушальнага памеру касцёр, унушальнага памеру лавы з дрэваў (лайк таму, хто рабіў гэтыя лавы). На сустрэчу з моладдзю прыйшлі старшыня Глускага райвыканкама Уладзімір Кніга, старшыня раённага Савета дэпутатаў Вячаслаў Асташэвіч, намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Ласоцкі.

Як заўважыў кіраўнік раёна, гэты турыстычны злёт — добрае мерапрыемства з асаблівай душэўнай атмасферай. У жніўні яно праводзіцца нездарма, у раён на першае рабочае месца прыязджаюць маладыя спецыялісты. Удзел у злёце — гэта для іх выдатная магчымасць уліцца ў калектыў, пазнаёміцца ў нефармальнай абстаноўцы, пасябраваць. «Глускі раён невялікі, тут прыгожая прырода, добрыя душэўныя людзі. Я прыехаў сюды год назад і адразу адчуў гэта, у маёй камандзе і ў працоўных калектывах працуюць прафесіяналы», — падзяліўся сваімі ўражаннямі старшыня райвыканкама Уладзімір Кніга і запрасіў моладзь да адкрытай размовы, задаваць пытанні і выказваць прапановы. І яны прагучалі: пытанні пра арэндныя кватэры і кошт квадратнага метра пры будаўніцтве (ён чамусьці вышэйшы, чым у Бабруйску), рамонт інтэрната і гасцініцы, бяспеку дарожнага руху, а член футбольнай каманды «Пціч» папрасіў пасадзейнічаць, каб на выязныя матчы маглі ездзіць і балельшчыкі, бо падтрымка футбалістам вельмі патрэбная. Размова каля кастра была не вельмі працяглай, але, як падалося, шчырай і сапраўды адкрытай, а песні, якія потым спявалі пад гітару (дзякуй Аляксандру Голубу і Сяргею Байдакову), дабавілі настрою і пазітыву; спявалі нават тыя, хто не надта ўмее (гэта я найперш пра сябе).

Пра турыстычны злёт у сваім нататніку я спісала шэсць лісцікаў, дванаццаць старонак, занатавала свае назіранні і ўражанні, але, думаецца, няма патрэбы ўсё гэта пісаць, бо тут той выпадак, калі лепш адзін раз пабачыць (а лепш паўдзельнічаць), чым прачытаць. Таму чытач няхай лепш глядзіць фотарэпартаж з месца падзеі (маёй каляжанцы з фотаапаратам давялося нямала пабегаць).

А я скажу, што кожная каманда добра падрыхтавалася, кожная чымсьці здзівіла, кожная чымсьці запомнілася: «Лясны дазор» і «Арыён» — выдатна наладжаным бытам, «СуперМед» і «Глускія буслы» — прыгожым валейболам, «БНБК-АГРА» — сілай і гасціннасцю, «КаМОН» і «Максімум» — добрымі песнямі, «Разам — мы сіла» — спрытам і хуткасцю, а яшчэ — маленькай прыгажуняй з ільнянымі валасамі.

Прызы для заахвочвання ўдзельнікаў раённага турыстычнага злёту падрыхтавалі грамадскія аб’яднанні БРСМ і «Белая Русь», раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын і раённае аб’яднанне прафсаюзаў. За валейбол прызамі адзначаны каманды раённай бальніцы і аддзела па адукацыі; за праходжанне паласы перашкод ад ратаўнікоў — Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый і ЦРБ; за перацягванне каната — «БНБК-АГРА»; за візітоўку — каманда «Жылкамгаса»; за турыстычны быт — лясгаса, устаноў культуры і «БНБК-АГРА»; за турыстычную паласу перашкод — Цэнтра па забеспячэнні бюджэтных арганізацый; у агульным спартыўным заліку — аддзела па адукацыі; за паходную страву — установы культуры; за творчы конкурс — каманды «Жылкамгаса» і лясгаса.

У выніку ўсіх спаборніцтваў трэцяе месца ў раённым турыстычным злёце 2023 года заняла каманда «КаМОН» УКП «Жылкамгас», на другім месцы — каманда «Разам — мы сіла» Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, а пераможцам сяголета стала каманда «СуперМед» цэнтральнай раённай бальніцы.

Віншуем усіх удзельнікаў і арганізатараў злёту, вялікі ім дзякуй за тое, што змаглі і зрабілі.




При сканировании соответствующего QR-кода, будет осуществлен переход на портал рейтинговой оценки, и можно будет оценить результат оказанной административной процедуры или услуги работниками Глусского райисполкома

Фотогалерея

© 2007-2024
Глуский районный исполнительный комитет
Официальный сайт