rubeen
logo

Глусский

районный исполнительный комитет

Официальный сайт

Адрес: 213879, г.п. Глуск, ул. Кирова, 16
Телефон приемной: 8 (02230) 78-988
E-mail: rik@glusk.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Суббота, 13 мая 2023 10:03

Па сцежках памяці

Па сцежках памяці

Тамара Архіпаўна Купчэня нарадзілася ў 1937 годзе ў вёсцы Харомцы, якая ў той час уваходзіла ў склад Глускага раёна. У сям’і ўжо расло двое хлопчыкаў — Іван і Васіль. Сям’я трымала гаспадарку, бацькі працавалі ў калгасе, дзе за працу, як колісь казалі, ставілі «палачкі» — працадні. І выехаць у іншае месца, куды пажадаеш, было немагчыма, не адпускалі. Хіба толькі «на вярбоўку».

Так сталася, што ў 1940 годзе, пасля заканчэння савецка-фінляндскай вайны, была створана Карэла-Фінская ССР. Тут пачалі хуткімі тэмпамі развівацца лясная і цэлюлозна-папяровая прамысловасць. Патрэбна было багата рабочых на прадпрыемствы. Быў кінуты кліч па ўсім Савецкім Саюзе — «на вярбоўку». Маглі ехаць усе жадаючыя — адпускалі. Там, у Карэліі, плацілі за працу грошы, што стала стымулам для пераезду многіх сямей з розных куткоў вялікай краіны, у тым ліку і з Беларусі.

Дык вось, як апавядае Тамара Архіпаўна, паехала «на вярбоўку» і іх сям’я — «бацька, маці і нас трое дзяцей, а яшчэ дзядуля з бабуляй, гэта маміны бацькі, і іх яшчэ дзве дачкі і два сыны; усяго 11 чалавек». А ўвогуле з Харомцаў у той 1940 год паехала ў Карэлію восем сямей. Пражылі там нядоўга. Вайна пачалася. 1941 год. Дзядулю са старэйшым сынам забралі на фронт, яны так і не вярнуліся, загінулі, згадвае Тамара Архіпаўна. Яна тады была яшчэ малая, але нешта сама помніць пра вайну, а што апавядала ёй мама. Бацьку Архіпа Іванавіча таксама забралі на службу, але праз некаторы час адпусцілі, бо трое малых дзяцей і жонка цяжарная чацвёртым, павінна хутка радзіць. Адпусцілі да сям’і з дамовай, што як толькі яна родзіць, то ён адразу вернецца на службу.

«А мама вельмі пачала прасіцца і прасіць бацьку ехаць дадому, назад, на радзіму, у Беларусь, у Харомцы, — расказвае Тамара Архіпаўна. — «Вязі мяне дадому, і ўсё тут». Запрэглі дзве пары коней, на адзін воз пагрузілі ўсё сваё бабуля Стэфа з дочкамі і сынам, а на другі — нас дзяцей, маму і ўвесь свой дамашні скарб, прывязалі карову, карміліцу нашу, і паехалі. Даехалі амаль да Ленінграда, спыніліся ў лесе ў паляўнічай хатцы. Там, у гэтай хатцы, у жніўні 1941 года і нарадзіўся малодшы брат. Андрэем назвалі.

У час гэтага незапланаванага прыпынку ў лесе нас выпадкова знайшлі пагранічнікі, забралі нас у Ленінград, у ваенную часць. Пасялілі ўсіх у невялікім памяшканні. Бацьку адразу забралі служыць, далі ваеннае адзенне, ён тут, пры часці, вазіў на кані ўсё, што было патрэбна па гаспадарцы і ваенным. Дадому прыходзіў вельмі рэдка. Але заўжды стараўся нешта з ежы прынесці дзецям. Кармілі сям’ю салдаты. Прыносілі есці тры разы: уранні і вечарам усё з’ядалі дзеці, а абед дзялілі ўжо на дзяцей і дарослых. Ежа была надта бедная, і есці заўжды хацелася. Потым, як увялі картачкі на хлеб, прыходзілася падоўгу стаяць у чарзе за маленькім кавалачкам. Хадзілі па хлеб бабіны дочкі, гэта значыць, маёй мамы родныя сёстры. Дык вось, быў выпадак, што старэйшую з іх, яна была худзенькая, невялікага росту, ледзь не задавілі, заціснулі так, што не дыхнуць, дык малодшая ўпала на калені і па зямлі папаўзла паміж людзей і пачала ўсіх шчыпаць за ногі, каб расступіліся. І ў яе атрымалася. Выратавала сястру, ледзь жывую дадому давяла. А хлеб, калі хто не схаваў ці за пазуху, ці яшчэ куды, то адбіралі проста з рук.

Страшна было. Мёртвых было багата. Іх звозілі на санках у асобнае памяшканне, а потым, як дровы, грузілі на машыны і вывозілі, каб пахаваць. Асабліва шкада было, калі вазілі маладых людзей і дзяцей. Плакалі. Але дапамагчы чым і як? Брат Іван пазнаёміўся неяк з адным дзедам. Зусім незнаёмы чалавек, але вельмі шкада было Івану яго. Бывала, дасць мама Івану скібачку хлеба, а ён крышку адкусіць, астатняе нясе старому. Заўжды дзяліўся, хоць хлопчыку і было толькі 7 год (ён 1935 года нараджэння), а ўжо разумеў гэтае жыццё. Але аднаго разу ён прыйшоў на тое месца, дзе сустракаўся з дзедам, а таго няма. Відно, памёр чалавек. Вельмі перажываў Іван«.

«Дзесьці мо ў 1942 годзе вывезлі нас на параходзе з Ленінграда. Ладажскае возера было свабоднае, — працягвае аповед субяседніца. — Бацьку забралі на фронт. А нас пасялілі ў пасёлку Мінеральныя Воды, у невялічкай хатцы, пол быў з гліны, а ў двары была печ, там і ежу варылі. Калгас там дзейнічаў, далі нам з яго мукі, з яе пяклі праснакі, мёду далі.

Мо дней праз тры, як мы пасяліліся ў Мінеральных Водах, упершыню ўбачылі тут немцаў. Яны хадзілі па хатах і забіралі прадукты. Зайшлі і да нас. А мёд стаяў пад сталом, там стаяла і газа (керасін). А як прыйшлі немцы, маленькі Андрэй палез пад стол і разліў гэтую газу выпадкова. Немец таксама палез пад стол шукаць ежу, а гэтая газа як дала там яму смуроду, дык ён як выскачыць адтуль! Так нам той мёд і застаўся».

У Мінводах сям’я надоўга не затрымалася, згадвае Тамара Архіпаўна: «Мама вельмі хацела дадому. Там, дома, была свая хата, і хлеў, і стопка, а тут па чужых вуглах туляйся. Ды і людзі там свае, і радня. Дарослыя разведалі, як можна даехаць дадому, і дзесьці восенню мы селі на таварняк. Цягнік часта спыняўся, спыніўся ён таксама і перад Растовам. Думалі, што ўжо прыехалі, злезлі з цягніка ўсе, толькі мама апошняй засталася з братам Васем, які якраз спаў. Мама падавала нам рэчы, але не паспела яна ўсё скінуць, як цягнік пачаў рухацца, а мы так і засталіся. І што рабіць? Памянялі падушкі на хлеб і пайшлі пяшком па шпалах за цягніком. Праз двое сутак дайшлі да Растова, там на станцыі нарэшце сустрэліся з мамай. Ну а далей зноў селі на цягнік і паехалі да Бабруйска.

Як сышлі з цягніка, то трэба ж неяк дабірацца да Харомцаў. А дзеці патаміліся, есці няма чаго. Людзі падказалі, што ў горадзе багата пустых хат і можна ў іх пажыць, ніхто не забараняе. Вось у адну з іх непадалёк ад вакзала і засялілася мама з намі, а бабуля з дочкамі і сынам знайшлі другую пустую хату. Парашылі трохі пабыць тут. Мама ўмела шыць. Хадзіла па хатах, шыла людзям буркі. Бывала, дзе знойдзе ці хто дасць якісь шынель, то шыла з яго адзенне. Людзі за тавар і працу давалі ў каго што было — і проса, і бульбу, і зерне...»

Тамара Архіпаўна згадвае такі выпадак: «Брат Іван хадзіў да царквы пабірацца. Аднаго разу і я за ім увязалася. У першы дзень немец даў мне вялікую капейку з арлом і пагладзіў па галоўцы. Прыбегла я дадому — і да мамы: які добры немец! Думала, што добры. Але мама забараніла мне хадзіць да царквы, казала, злупцуюць, не ўцячэш, Іван уцячэ, бо большы, а ты не, бо малая. Я ж яе не паслухалася і пайшла зноў з братам. І здарылася, як мама казала. Як пачалі немцы разганяць, лупіць плёткаю — усе сталі разбягацца. А я спужалася. Так і папала мне добра ад тых немцаў. Ледзьве дадому дабралася. Пасля таго выпадку ўсё жыццё не магла хутка бегаць».

«Аднаго часу зусім не было чаго есці, — працягвае балючыя ўспаміны Тамара Архіпаўна, — і мама вельмі плакала. Яна ўпала на каленцы, абняла ўсіх нас, прытуліла да сябе, і горкія слёзы каціліся па яе твары. А мы, дзеці, яе, як маглі, супакойвалі; казалі, не плач, мама, мы есці не хочам ні сёння, ні заўтра, не хочам ніколі. Вось так і выжывалі.

Бывала, што мама пакідала нас адных дома на старэйшага брата і ішла жабраваць па сёлах ці каму якую працу зрабіць або пашыць што. І прыносіла крыху ежы. Так было і ў той дзень, калі на чыгунцы ўзарваліся цыстэрны з палівам. Мы дома былі адны. Полымя высока шугала ўверх і ва ўсе бакі. А хата, дзе мы жылі, была па вуліцы чацвёртай ад вакзала. Адразу пачала гарэць веранда, а мы — у хаце. Нас праз акно выратаваў малодшы мамін брат, яму было гадоў 15. Хацеў яшчэ штось з хаты вынесці, ды сам чуць не загінуў. Так і засталіся мы на вуліцы ў тым, у чым выратаваліся, галодныя і голыя. А ў гэты час якраз мама вярталася дадому. Убачыла полымя на вакзале і страціла прытомнасць: падумала, што мы ўжо згарэлі ў гэтым страшэнным пекле. Нейкая жанчына дапамагла ёй ачуняць і сказала, што дзеці жывыя. Мама кінула ўсе свае клункі, у якіх быў яе заробак, і пабегла шукаць нас. А мы і былі тут, непадалёк, сустрэлі маму, радаваліся і плакалі».

Пасля гэтага выпадку сям’я пераехала жыць у Глуск. Радні тут было багата: Сакалоўскія, Русаковы... Бабуля Стэфа паехала з дочкамі і сынам адразу ж у Харомцы, хоць людзі казалі заставацца ў Глуску — тут, хоць і немцаў багата, але пакуль спакайней, а Харомцы ўжо некалькі разоў палілі. Маці ж Тамары Архіпаўны з дзецьмі пасялілася ў Русаковых — вось і дах над галавой, і з ежаю радня дапамагала, ужо так не галадалі.

«Мяне і брата Васю неўзабаве, — кажа Тамара Архіпаўна, — забралі ў Барбароў, там жыла маёй бабулі родная сястра, а яе чалавека звалі Якаў. Вельмі яны нас шкадавалі, добра кармілі, глядзелі. Дзед быў у партызанах, але калі прыходзіў дадому, то насіў мяне на плячах, мне гэта вельмі падабалася. Хацелі забраць у Барбароў і Івана, але мама не адпусціла. Старэйшы, ён даглядаў маленькага Андрэя, а мама зарабляла на пражыццё. У Барбарове мы з братам жылі мо тыдні два, а потым прыйшла баба Стэфа, каб забраць нас да сябе ў Харомцы. Вася адразу згадзіўся, а я — не. Як ні ўгаворвалі, ніяк не хацела я ісці ад дзеда Якава і бабулі Наталлі, упіралася, нават укусіла бабулю Стэфу за руку, уцякла, схавалася, і мяне не знайшлі».

«Гэта, можа, выратавала мне жыццё, — уздыхае Тамара Архіпаўна. — Бо ў Харомцах адразу і ціха было, а потым пайшла трывога, што дзесьці непадалёк немцы, і вельмі ж яны лютуюць. Усе з вёскі ўцяклі ў лес, жылі ў буданах колькі часу, ды ежа канчалася, а немцаў у вёсцы так і не было. І бабуля з сям’ёю пайшла дадому. Учыніла хлеб... А ўранні наехалі немцы, усіх сагналі ў адно месца... Багата людзей — сярод іх і баба, і брат Вася, і багата іншай радні — шмат людзей у той дзень спалілі. Каб я тады ад бабы не ўцякла, то і я б згарэла.

Відно, жыць мне наканавана было лёсам. Бо да гэтага я два разы тапілася. Мама мыла бялізну на рацэ, і ветрам навалачку на вадзе надзьмула, а я — малая, які яшчэ розум — неяк на гэту навалачку ўзлезла і пачала тапіцца. Схапілі і выцягнулі з вады. А пасля ў Карэліі ўжо. Пасвіла кароў, то карова неяк зачапіла мяне рагамі за шырокую сукенку, наматала гэтую сукенку на рогі, ну я ў сукенцы і паплыла па Фінскім заліве. Ледзь тую карову злавілі і мяне сарвалі з каровы. Як засталася жыць, аднаму Богу вядома».

Пасля трагедыі ў Харомцах мама забрала Тамару з Барбарова да сябе ў Глуск: «Калі паміраць прыйдзецца, дык будзем разам».

Мая субяседніца тым часам працягвае ўспаміны: «Як пачалі нашы гнаць немцаў, а тыя адступаць, то мама папрасілася ў знаёмых у Хвастовічах схавацца ў склепе. Там, як ішлі баі за Глуск, былі мы з мамаю, яшчэ нейкія тры жанчыны і бацюшка, малады, але з барадою. Бацюшка ўсё маліўся, і жанчыны хрысціліся. Быў такі грукат, што калацілася зямля. Склеп з аднаго боку абваліўся, і бацюшку прысыпала зямлёю аж па горла. Жанчыны рукамі адкапалі яго. І ў той самы дзень, як моцна грымела, праз гадзіны дзве-тры дзверы склепа адчыніліся, усім загадалі выходзіць. Баяліся, але выйшлі. Стаяў салдат, у яго было ружжо. Ён абняў мяне, даў дзве скарынкі хлеба і мовіў: "У мяне такая ж дачушка. Больш не хавайцеся, усіх прагналі". Бацюшка тых салдат благаславіў, перахрысціў і нешта ім паказаў, махнуўшы рукою. Мы вярнуліся ў Глуск».

У Глуску іх і знайшоў пасля вайны бацька. Уладкаваўся ён на працу ў рэдакцыю, згадвае Тамара Архіпаўна, толькі кім, не ведае: «Вось толькі добра помню, як складалі літары, а потым нейкаю качалкаю працягвалі, і газета выходзіла — гэта было там, дзе працаваў бацька».

Пражыўшы ў Глуску гадоў чатыры, сям’я вярнулася на радзіму, у Харомцы. Хата іх згарэла, але засталіся хлеў і стопка, там зрабілі печ, там і жыць пачалі.

«У маці захавалася даведка ад пагранічнікаў, у Ленінградзе яе выдалі, калі забралі ў сям’і чатырох коней і карову: маўляў, пасля вайны маёмасць вернуць ці заплацяць за яе, — расказвае Тамара Архіпаўна. — І бацька пайшоў у Акцябрскі да начальства (Харомцы ўваходзілі ўжо ў склад Акцябрскага раёна). Паглядзелі там на гэтую паперу і адказалі: як разбагацеем, тады і вернем. Пачалі мы самі, сваёй працай нажываць дабро. Бацькі былі працавітыя, талковыя, гаравалі ад цямна да цямна. Сабралі грошай і купілі ў Харомцах хату. Але ў хуткім часе бацька прадаў тую хату, і мы зноў перайшлі ў стопку. А бацька парашыў будаваць новы дом, купіў лес, зрубілі зруб. Але нешта не заладзілася, забараніла ўлада будаваць гэту хату. Так і жылі ў стопцы».

Тамара Архіпаўна к гэтаму часу ўжо скончыла школу, курсы бухгалтараў у Бабруйску і працавала прадаўцом у вёсцы Буда, што за 30 кіламетраў ад Харомцаў. Там ведалі, што няма ў яе сям’і жылля, і старшыня калгаса пашкадаваў дзяўчыну, выпісаў лесу, вось з яго бацька і зрубіў новую хату.

У Будзе мая гераіня пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Ён вельмі прыгожа іграў на гармоніку. Выйшла замуж і стала Тамара Аскерка. Працавала прадаўцом у Парэччы, паштальёнам у Андрэеўцы, у канторы, а недзе ў 1967 годзе сям’я пераехала ў Глуск.

«Узяла мяне на працу на маслазавод дырэктар Таіса Несцераўна Раеўская, — расказвае Тамара Архіпаўна. — Дваццаць пяць год я адпрацавала, цяжка вельмі было, багата чаго на заводзе рабілі і адпраўлялі ў продаж і ў магазіны, і ў розныя куткі былога Савецкага Саюза. А тут якраз адкрылі лясгасаўскі магазін. Думаю, пайду, мо лягчэй будзе». Тры месяцы адпрацавала загадчыцай таго магазіна Тамара Архіпаўна. Зрабілі пералік — вялікая недастача. Згадвае, што надта плакала, бо працавала старанна, па справядлівасці, а тут такое; потым, праўда, знайшлі таго, хто браў, сапраўднага вінаватага. А дырэктар маслазавода, даведаўшыся пра гэту непрыемнасць, пазвала сваю былую работніцу зноў на завод бухгалтарам. З маслазавода Тамара Архіпаўна і на пенсію пайшла. Муж жа яе трыццаць год адпрацаваў цесляром у будаўніцтве, пазней працаваў і кампрэсаршчыкам, і кладаўшчыком; 75 год было Аляксандру Аляксандравічу Аскерку, як ён памёр у 2013 годзе. Няма ўжо і братоў Івана і Андрэя.

«А я вось жыву адна, — кажа Тамара Архіпаўна. — А сэрца баліць. Яно помніць і не жадае забыць усё тое, што было... І зараз нешта такое робіцца нядобрае. Вось гляджу тэлевізар. Паказваюць, як людзі гінуць, дзеткі пакутуюць. Вельмі шкада ўсіх. Бывае, і паплачу, і думаю, што трэба ў міры жыць, берагчы жыццё, яно ж нам адзін раз дадзена».

Іна КІРЫНА
Фота Алены Змітровіч




При сканировании соответствующего QR-кода, будет осуществлен переход на портал рейтинговой оценки, и можно будет оценить результат оказанной административной процедуры или услуги работниками Глусского райисполкома

Фотогалерея

© 2007-2024
Глуский районный исполнительный комитет
Официальный сайт