rubeen
logo

Глусский

районный исполнительный комитет

Официальный сайт

Адрес: 213879, г.п. Глуск, ул. Кирова, 16
Телефон приемной: 8 (02230) 78-988
E-mail: rik@glusk.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Суббота, 13 мая 2023 09:49

Пад мірным небам

Пад мірным небам

Семдзесят восьмы пераможны май Глушчына сустрэла і адсвяткавала ўрачыста, радасна і надзвычай мнагалюдна. Мнагалюдная святочная калона пад гукі марша, з флагамі, кветкамі, шарамі рушыла ад цэнтра Глуска да мемарыяльнага комплексу «Воінская Слава», у многіх у руках былі партрэты салдат Вялікай Айчыннай. Гэта значыць, што Беларусь памятае, хто ваяваў і аддаваў жыцці, хто змагаўся з фашызмам, хто перамог ворага і прынёс мір народам Еўропы.



Дзень Перамогі — самае светлае і радаснае свята, але яно са слязамі на вачах, адзначыў у прывітальным слове на ўрачыстым мітынгу старшыня Глускага райвыканкама Уладзімір Кніга, у гады вайны наш народ праявіў свае лепшыя якасці, стойкасць і мужнасць, працоўную самаадданасць і любоў да Радзімы. «Вайна і Вялікая Перамога сталі часткай нашай душы, — сказаў ён, — але паміж імі — амаль паўтары тысячы дзён і начэй, якія змянілі лёсы многіх людзей, дзясяткі мільёнаў ахвяр. Беларусь дорага заплаціла за перамогу: фашысты ператварылі нашу краіну ў жудасны канвеер смерці, стварыўшы тут 260 канцлагераў і 110 гета, знішчылі сотні беларускіх вёсак. З шасці з паловай тысяч глушчан, якія пайшлі на фронт і ў партызанскія атрады, 4725 загінулі ў баях, 3126 мірных жыхароў загінулі за час акупацыі, 1482 чалавекі былі ўгнаны ў рабства. Гераізм нашых землякоў высока ацэнены Радзімай: звання Героя Савецкага Саюза ўдастоены Сцяпан Антонавіч Калінкоўскі, Ульян Аляксандравіч Рыбак, двойчы Героем стаў Сцяпан Фёдаравіч Шутаў. Няхай памятаць кожнага салдата пайменна немагчыма, мы схіляем галовы перад памяццю ўсіх загінуўшых».



Гэтую памяць ушанавалі хвілінай маўчання. А яшчэ яна захоўваецца ў 135 помніках і абелісках, якія ёсць у нашым раёне, імёны герояў вайны носяць нашы вуліцы, імёны загінуўшых увекавечаны ў раённай кнізе «Памяць». Сёння ў раёне пражываюць два ветэраны вайны: Ніна Уладзіміраўна Кульба, ваявала на 1-м Украінскім фронце, узнагароджана ордэнам Вялікай Айчыннай вайны, Яўген Цімафеевіч Шылаў, удзельнік вызвалення Польшчы, дайшоў да Германіі, узнагароджаны двума ордэнамі Вялікай Айчыннай вайны. «Дзякуй ветэранам за перамогу, загінуўшым — вечная памяць, міру і шчасця — жывым», — пажадаў Уладзімір Кніга.

Таксама пранікнёныя словы пра вайну і дзень сённяшні, пра перамогу і нашу агульную памяць сказалі старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Юрый Бучань і першы сакратар райкама БРСМ Кацярына Ізвозчыкава. Кранальная тэатралізавана-музычная кампазіцыя яшчэ раз нагадала пра вайну, пра апаленыя лёсы людзей, пра тое, як чакалі, як набліжалі перамогу тыя, каму выпала ваяваць. А вось выжыць выпала не ўсім.

У памяць пра іх, у іх гонар глушчане традыцыйна ўсклалі кветкі да помніка Радзіме-маці, каля яго быў зроблены і традыцыйны агульны фотаздымак. Фотадакумент, што беларусы памятаюць.



Памятаюць пераможцаў, шануюць і шырока святкуюць Дзень Перамогі. Галоўнае ўражанне ад сяголетняга свята ў Глуску — яго масавасць: шмат людзей было на мітынгу, шмат сабралася і ў цэнтры гарпасёлка, дзе разгарнуліся асноўныя святочныя дзеянні. Вось прапануецца пакруціць «кола гісторыі» і адказаць на пытанні пра вайну, вось выстава фотаздымкаў розных гадоў, вось фотазона з ваеннай машынай, вось «Сцяна памяці» з партрэтамі салдат, вось бяспройгрышныя латарэйкі, вось багаты на таленты і адмысловыя вырабы горад майстроў (з чым толькі не працуюць нашы народныя ўмельцы?!). Гандлёвыя палаткі спакушаюць рознымі пахамі і прысмакамі. Канцэрт вабіць прыгожымі песнямі і галасамі. Падыходзяць цікаўныя (дарослыя і дзеці) на пляцоўкі ад ратаўнікоў і службы аховы, са стадыёна чуюцца галасы балельшчыкаў, што падтрымліваюць свае каманды (асабліва балелі за сваіх на футболе, матч паміж Глускам і Круглым, на жаль, 0:2). Шмат цікавага і прыгожага было для дзяцей. Настрою дабаўляюць гурткі моладзі ў адмысловым грыме (гэта мемы). Глуск святкуе, адпачывае і радуецца. Добры дзень, добрае надвор’е, добрае свята. Дзень Перамогі.









Т. ЛУКАШЭВІЧ
Фота Г. АЎТУХОВАЙ, І. ГРАМЫКІ, К. СОСІКАВАЙ




При сканировании соответствующего QR-кода, будет осуществлен переход на портал рейтинговой оценки, и можно будет оценить результат оказанной административной процедуры или услуги работниками Глусского райисполкома

Фотогалерея

© 2007-2024
Глуский районный исполнительный комитет
Официальный сайт