А распавесці Васілю Антонавічу ёсць пра што. Васямнаццацігадовым юнаком ён трапіў на фронт, і можна сказаць, у самае пекла — блакадны Ленінград. Усе падзеі таго часу назаўсёды ў падрабязнасцях засталіся ў памяці ветэрана. Назаўсёды ў памяці зіма 1943 года: 22 лютага, калі за адзін дзень загінула шмат баявых таварышаў Васіля Антонавіча, і 23 лютага, калі падчас наступлення фашысцкая куля параніла і яго самога. Нельга забыць холад — калі юнаку прыходзілася падоўгу ляжаць на снезе, голад — суп, больш падобны на ваду, і хлеб напалову з апілкамі, смерць і пакуты салдат ды звычайных людзей. Хіба такое можна забыць, выкрасліць з памяці? Не, ніколі...
Напэўна, лёс такі ў Васіля Антонавіча — жыць доўга, каб расказаць не аднаму пакаленню глушчан, якою цаною здабывалі мір мільёны салдат у Вялікую Айчынную вайну.