rubeen
logo

Глусский

районный исполнительный комитет

Официальный сайт

Адрес: 213879, г.п. Глуск, ул. Кирова, 16
Телефон приемной: 8 (02230) 78-988
E-mail: rik@glusk.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Среда, 30 ноября 2022 11:25

Гісторыя пад нагамі. У Глускім раёне ёсць 26 археалагічных помнікаў. Гэта месцы паселішчаў старажытных людзей

Пашчасціла тым мясцовасцям, дзе захавалася шмат помнікаў архітэктуры, ёсць іншыя старажытныя каштоўнасці, якія можна пабачыць на свае вочы і паказаць турыстам. На жаль, Глускаму раёну так не пашанцавала. Але ж тэрыторыя нашага раёна таксама мае старажытную гісторыю — прынамсі, тут ёсць 29 помнікаў, што ўнесены ў спіс Дзяржаўных гісторыка-культурных каштоўнасцей, 26 з іх — археалагічныя помнікі, якімі цікавіліся раней і цікавяцца ў наш час беларускія навукоўцы.

Месцы, дзе знаходзяцца помнікі, ахоўваюцца дзяржавай, і прычыненне шкоды або разбурэнне такога помніка караецца законам. Для таго каб раптам хтосьці не зрабіў шкоду старажытнасцям (археалагічныя помнікі ўсё ж такі зараз знаходзяцца ў межах жыццядзейнасці чалавека), праводзіцца іх пашпартызацыя з абазначэннем ахоўных зон. Акрамя таго, уладальнікі альбо карыстальнікі зямлі (гэта сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, камунальныя і іншыя) у ахоўнай зоне ставяць спецыяльныя шыльды, дзе ёсць інфармацыя пра аб’екты. Усе глушчане і госці нашага мястэчка, напэўна, бачылі такія на гарадскім стадыёне і каля яго. Дапамагаюць уладальнікам зямлі ў гэтым даволі складаным працэсе супрацоўнікі Глускага раённага гісторыка-краязнаўчага музея — менавіта яны склалі большую частку пашпартоў — 22. А яшчэ ў гэтай справе дапамагалі навукоўцы з Нацыянальнай акадэміі навук (шэсць пашпартоў) і Магілёўскі абласны музей (1 пашпарт). На сённяшні дзень ужо складзены пашпарты і ўстаноўлены абноўленыя шыльды амаль на ўсіх аб’ектах. У адну з экспедыцый, калі супрацоўнікі нашага мясцовага музея паехалі да археалагічных помнікаў усталёўваць ахоўныя шыльды, напрасілася і я. Зразумела, што месцы, куды мы прыязджалі, не выглядаюць як добраўладкаваныя турыстычныя аб’екты — гэта звычайныя лес, бераг ракі, поле. Але, калі задумаешся, што менавіта тут шмат стагоддзяў назад пачыналася жыццё на Глушчыне, уяўленне хутка малюе перад вачыма старажытнае гарадзішча з нізкімі драўлянымі хатамі, высокія курганы... Супрацоўнік раённага музея Аляксандр Емяльянаў недалёка ад вёскі Кнышы фатаграфуе месца, дзе ўстаноўлена абноўленая шыльда з апісаннем археалагічнага помніка Канешне ж, зараз ад курганоў засталіся толькі невялікія ўзгоркі. Такія, напрыклад, мы ўбачылі недалёка ад вёскі Барысаўшыны, а дакладней, у лесе паміж рэчкай Камарынкай і вёскай. Мясцовыя так і называюць гэты кавалак лесу — «Горкі». У зборніку даследаванняў Вячаслава Капыціна «Археалагічныя помнікі Глускага раёна Магілёўскай вобласці» напісана, што першым зацікавіўся гэтым месцам яшчэ ў 1930 годзе археолаг Антон Рынейскі. Ён выявіў тут «2 каменных адшчэпкі, з якіх адзін перапалены і 5 ляпных чарапкоў без арнаменту, моцна выветраныя, на пясчаным кліне пры балоце паміж в. Барысаўшчына і Заполле». У 1964 годзе археолаг Леанід Побаль агледзеў гэтае ж месца і выявіў тут паселішча ранняга жалезнага веку і грунтавы могільнік бронзавага веку. Тут жа было знойдзена пахаванне па абраду спальвання. У магільнай яме навукоўцы знайшлі перапаленыя косткі, крамянёвыя прылады, напрыклад, нож з крамянёвай пласціны, разбіты посуд. Менавіта зной-дзены посуд быў самай каштоўнай знаходкай. Яго асаблівасцю з’яўляецца арнамент, арыгінальны не толькі па тэхніцы, але і па сюжэце: у выглядзе шматрадных валікаў з гарызантальнымі лапчатымі ўцісканнямі. Археолаг Леанід Побаль аднёс гэтае пахаванне да археалагічнай культуры шматвалікавай керамікі. Трэба адзначыць, што менавіта пахаванне, якое навукоўцы аднеслі да гэтай культуры, на тэрыторыі Беларусі было знойдзена ў той час упершыню і, канешне ж, патрабавала далейшага вывучэння. У 1977 годзе яго вывучаў Вячаслаў Капыцін, у 1986-м, 1994-м, 1997 гадах працягнуў даследаванне Мікола Крывальцэвіч, у 1987 годзе ўрочышча Горкі даследавалі Наталля Дубіцкая і Міхаіл Лашанкоў, у 2001-м — ізноў Вячаслаў Капыцін. Навукоўцамі, напрыклад у 1987 годзе, на разараным і засеяным кукурузай полі былі знойдзены фрагменты ляпной керамікі бронзавага веку, крамянёвыя прылады працы, рэшткі ляпнога посуду і іншае. І ўсё гэта гістарычнае багацце шмат стагоддзяў было проста пад нагамі, пад калёсамі тэхнікі. Зараз ва ўрочышчы Горкі, на адным з узгоркаў, усталявана шыльда з інфармацыяй пра археалагічны помнік. 1990-я. Археолаг Мікола Крывальцэвіч кіруе пошукавымі работамі Далей наш шлях ляжаў у вёску Жалвінец, дзе знаходзяцца аж два археалагічныя помнікі. Адзін з іх — каля ракі Пціч, другі — у межах вёскі. На правым беразе ракі — селішча ІІ—VIII стагоддзяў. Яно знаходзіцца па абодва бакі ад дарогі ва ўрочышчы з такой жа назвай Селішча. Вячаслаў Капыцін адзначае, што першым у 1930 годзе яго знайшоў археолаг Рынейскі, потым даследаваў Побаль, які знайшоў тут яшчэ і грунтавы могільнік: «у 100–200 метрах ад поймы у пяску каля дарогі былі знойдзены спаленыя косці і кераміка жалезнага веку». У 1990-м даследаванні праводзіла Наталля Дубіцкая, а ў 2001-м — Вячаслаў Капыцін. За ўвесь час археолагамі на працягу 500–600 метраў уздоўж ракі былі знойдзены рэшткі ляпной і ганчарнай керамікі, крыца і іншае. На месцы старажытнага селішча за савецкім часам нават існаваў пясчаны кар’ер, які і разбурыў частку археалагічнага помніка. Месца, дзе знаходзілася селішча II–V стагоддзяў, у межах вёскі Жалвінец прыйшлося крыху пашукаць. Згодна з апісаннем археолага Капыціна, яно знаходзілася на ўзгорку на левым беразе ракі Пціч, у цэнтры вёскі, недалёка ад вясковых могілак, ва ўрочышчы Старыя Клады. Вясковыя могілкі, якія, дарэчы, размешчаны на ўзгорку, сталі асноўным арыенцірам у пошуку археалагічнага помніка. Скрозь агароды і хаты было відаць, што ўзгорак цягнецца і далей уздоўж сядзіб. Восеньская вясковая вуліца была амаль бязлюдная, але з’яўленне чужых людзей выклікала цікавасць, і да нас з двара аднаго з дачных домікаў выйшла жанчына. Калі дазналася, што мы шукаем, нават дазволіла прайсці праз яе сядзібу да ўзгорка, дзе пачынаўся лес. Менавіта тут супрацоўнікі раённага музея і ўсталявалі чарговую шыльду. 1977 год. Побач з вёскай Кнышы.Археолаг Вячаслаў Капыцін робіць запісы ў палявым дзённіку Наступным пунктам экспедыцыі было месца стаянкі перыяду бронзавага веку ва ўрочышчы Лужок каля вёскі Кнышы. Шмат стагоддзяў назад стаянка размяшчалася таксама, як і іншыя селішчы, каля Пцічы. Зараз і бераг ракі, і месца, дзе была стаянка старажытных людзей, параслі дрэвамі, лесам. Упершыню помнік адшукаў у 1930 годзе археолаг Антон Рынейскі, потым, у 1964 годзе, даследаванне праводзіў Леанід Побаль, пазней Дубіцкая і Капыцін. У розныя часы навукоўцы знаходзілі тут пласціны з крэменю, скрабкі, наканечнікі стрэл, рэшткі ляпной керамікі. Падчас нашага невялікага падарожжа мы пабывалі на месцах толькі трох археалагічных помнікаў, але ўражанне засталося, як ад вялікай навуковай экспедыцыі. Магчыма, калі-небудзь беларускія археолагі працягнуць вывучэнне нашых археалагічных помнікаў і знойдуць тут яшчэ шмат цікавых, а можа, і ўнікальных артэфактаў. Дарэчы, некаторыя з археалагічных знаходак мінулых часоў з селішчаў і стаянак, размешчаных на тэрыторыі нашага раёна, усе, хто зацікавіўся, могуць убачыць у раённым гісторыка-краязнаўчым музеі, у зале археалогіі.




При сканировании соответствующего QR-кода, будет осуществлен переход на портал рейтинговой оценки, и можно будет оценить результат оказанной административной процедуры или услуги работниками Глусского райисполкома

Фотогалерея

© 2007-2024
Глуский районный исполнительный комитет
Официальный сайт