rubeen
logo

Глусский

районный исполнительный комитет

Официальный сайт

Адрес: 213879, г.п. Глуск, ул. Кирова, 16
Телефон приемной: 8 (02230) 78-988
E-mail: rik@glusk.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Понедельник, 21 ноября 2022 15:17

Прадаўцом працаваць цікава!

Прадаўцом працаваць цікава!

За прылаўкам — Галіна Лінкевіч, прадавец магазіна ў вёсцы Гарадок. Па серадах яна гандлюе ў мясным павільёне на Цэнтральным рынку Глуска Галіна Лінкевіч, якая прыйшла працаваць у сельскі магазін пасля выхаду на пенсію, стала адным з лепшых работнікаў Глускага райпо Нам адразу спадабалася працаваць з ёй: усе пакуты фотасесіі Галіна Мікалаеўна Лінкевіч вытрымала без адзінага слова скаргі, а потым з такой жа гатоўнасцю і з добрым настроем адказвала на нашы пытанні.

Не здзіўляйцеся, але з прадаўцом магазіна № 28 вёскі Гарадок мы сустрэліся ў мясным павільёне Цэнтральнага глускага рынка: па серадах яна гандлюе тут мясам. На прылаўку і ў халадзільнай вітрыне — ялавічына, свініна, сала, рабрынкі, грудзінка, пячонка. Вялікай чаргі не збіралася, але пакупнікі падыходзілі ўвесь час. «За сераду прадаю такога тавару на паўтары-дзве тысячы, — кажа Галіна Мікалаеўна, — гэта адчувальная дабаўка ў тавараабарот нашага вясковага магазіна, на сяле за дзень такую выручку не зробіш». Здзіўленне выклікаў і той факт, што прадаўцом Галіна Лінкевіч пайшла працаваць, як выйшла на пенсію, і затрымалася за прылаўкам на 13 гадоў. Усе гэтыя гады ў магазіне яна працуе разам з Галінай Яўгенаўнай Макаравай — пра напарніцу сказала ў першую чаргу, як толькі загаварылі пра работу. Ці трэба казаць, што калектыў склаўся — паміж прадаўцамі дружба, паразуменне і поўны давер, за увесь час работы ні разу не было нястачы, не заплацілі ні капейкі, кажа Галіна Мікалаеўна. А план дапамагаюць выконваць выезды ў райцэнтр і ў гарады (у Мінску за дзень ад 5 да 8 тысяч нагандляваць атрымліваецца). Пытаюся, ці не цяжка ёй ездзіць па базарах ды кірмашах. «Не, — адказвае, — нічога цяжкага, як і ў магазіне, станавіся ды прадавай, рабі сваю справу, ды і вадзіцелі заўсёды дапамагаюць, бо разам жа працуем. Пакупнікі таксама ўсюды аднолькавыя, і ў горадзе, і ў вёсцы, толькі сваіх, вясковых, мы ўсіх ведаем, ведаем, каму што патрэбна, хто што любіць, каму што прапанаваць. Вось сёння, напрыклад, павязу ў Гарадок 10 кілаграмаў ялавічыны, грудзінку прасілі». Зноў-такі дзіўна, але ў той час як большасць яе калег кажуць, што прадаўцом працаваць цяжка, яна кажа, што прадаўцом працаваць цікава. Да таго як прыйсці ў гэту прафесію, Галіна Лінкевіч даволі доўга, 17 гадоў, працавала поварам і буфетчыкам у школьнай сталовай, таксама ў Гарадку. І гэта пры тым, што па адукацыі яна сувязіст — у свой час скончыла Віцебскі тэхнікум сувязі. Прыехаўшы ў Глускі раён за мужам (самі з адной мясцовасці, з Лельчыцкага раёна, яго сюды накіравалі працаваць), па набытай спецыяльнасці не працавала і знайшла сябе зусім у іншай. Знайшла і не шкадуе. Не шкадуе пра гэта і кіраўніцтва раённага спажывецкага таварыства, бо ў асобе Галіны Лінкевіч прадпрыемства знайшло выдатнага работніка, сумленнага, дысцыплінаванага, адказнага. Паважанага сярод калег. Памятаю, калі падчас урачыстасці з нагоды прафесійнага свята сярод узнагароджаных прагучала прозвішча Галіны Лінкевіч, зала заапладзіравала найбольш гучна, найбольш дружна. Я ўжо тады ўзяла сабе на заметку гэтага прадаўца. Яе як выдатнага прафесіянала парэкамендавала рэдакцыі і намеснік старшыні раённага спажывецкага таварыства Таццяна Васілеўна Дзяшчэня, адзначыла пазітыўны настрой прадаўца, прывяла лічбы, што характарызуюць работу. Сярэднямесячны тавараабарот магазіна складае 40 тысяч рублёў, нагрузка на аднаго работніка прылаўка — 20 тысяч, пры нарматыве 16. На лістапад магазіну № 28 вёскі Гарадок даведзены план у 33 тысячы рублёў, на 15-е чысло было ўжо 25, таму можна не сумнявацца, што заданне будзе выканана і перавыканана, а пакупнікі абслужаны, як і заўсёды, хутка і ветліва. І яшчэ такі штрых да партрэта Галіны Лінкевіч. Ведама, не дапускае памылак той, хто не працуе. Здарылася неяк у гарадкоўскім магазіне праверка, а нейкага цэнніка на месцы не было (ці быў, ды не так напісаны), зразумела, гэта было заўважана і прадаўцу выпісалі штраф. Штраф дык штраф, падумала Галіна Мікалаеўна і ў той жа дзень заплаціла грошы. Гэтым яна вельмі здзівіла правяраючага: на яго памяці, прызнаўся ён, калі яна прынесла квіток, гэта першы выпадак, каб прадавец у той жа дзень, ды яшчэ без слоў і спрэчак, заплаціў штраф. «У кожнага свая работа», — смеючыся, расказвала пра гэты выпадак Галіна Лінкевіч. Так, усмешка і памяркоўны характар — яе візітоўка, падумала я. У твар з усмешкай і страла не трапляе, дадала ў размове пра гэтага прадаўца Таццяна Дзяшчэня. І я згодна з гэтым цікавым назіраннем.




При сканировании соответствующего QR-кода, будет осуществлен переход на портал рейтинговой оценки, и можно будет оценить результат оказанной административной процедуры или услуги работниками Глусского райисполкома

Фотогалерея

© 2007-2024
Глуский районный исполнительный комитет
Официальный сайт