rubeen
logo

Глусский

районный исполнительный комитет

Официальный сайт

Адрес: 213879, г.п. Глуск, ул. Кирова, 16
Телефон приемной: 8 (02230) 78-988
E-mail: rik@glusk.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Пятница, 12 августа 2022 12:07

Маладое папаўненне глускіх медыкаў

Маладое папаўненне глускіх медыкаў

Іх чакалі, і яны прыехалі. Сямнаццаць маладых спецыялістаў папоўнілі сяголета штат Глускай цэнтральнай раённай бальніцы. У традыцыйнай сустрэчы, якая была наладжана для іх 9 жніўня, узяў удзел намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Ласоцкі.

«Вы прадстаўнікі высакароднай прафесіі, — сказаў ён, звяртаючыся да маладых спецыялістаў. — Медыцына — сфера абраных, сёння, як і заўсёды, яна запатрабаваная і актуальная. Усе вы, хто прыехаў працаваць у наш раён, для нас вельмі значымыя і патрэбныя нам. Спадзяёмся, што вы замацуецеся ў Глуску, не расчаруецеся ў сваёй справе і станеце класнымі спецыялістамі». Анатоль Ласоцкі адзначыў, што ў нашай раённай бальніцы ёсць свае эталоны, свае прыклады, на каго можна і трэба раўняцца. Найперш гэта заслужаны ўрач БССР Аляксандр Сямёнаў, чыё імя носіць бальніца, гэта ганаровы грамадзянін Глускага раёна і дзеючы хірург Уладзімір Цісіневіч. Не баяцца цяжкасцей, напрацоўваць вопыт і паказаць, што яны дастойныя сваёй прафесіі, пажадаў маладым медыкам Анатоль Міхайлавіч. Са свайго боку паабяцаў быць максімальна адкрытым для прапаноў і ініцыятыў, зрабіць усё мажлівае, каб ім спадабалася ў Глуску і яны захацелі тут застацца, каб змаглі раскрыцца і ў прафесіі, і ў творчасці, і ў спорце, магчымасці для гэтага ў нас ёсць. Існуе меркаванне, і яно, мабыць, у нечым справядлівае, што ўсё новае лепшае за старое, больш крэатыўнае, сучаснае, перадавое. У Глускай раённай бальніцы нямала медработнікаў, што ўжо адпрацавалі патрэбны тэрмін, але, і знаходзячыся на пенсіі, яшчэ застаюцца ў страі, бо амаладжэнне калектыву ідзе даволі марудна. Па гэтай прычыне і яны, вопытныя медыкі, і пацыенты чакалі прыезду маладога папаўнення, чакалі са спадзяваннем, што яно сапраўды праявіць і прадэманструе новыя веды, перадавыя падыходы і метады. З такімі словамі звярнулася да сваіх новых работнікаў галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Ірына Пятрова, пры гэтым адзначыла, што прафесія медыцынскага работніка наколькі высакародная, настолькі складаная, пры гэтым яна не заўсёды цэніцца. «Сёння медыцына ўжо не майстэрства вылячэння, а, хутчэй, сфера паслуг. Пацыенты прыходзяць і чакаюць, што мы акажам ім патрэбную паслугу. Таму памятайце, што вы прыйшлі ў гэту прафесію, каб служыць людзям, — падкрэсліла яна. — Шлях да поспеху і вядомасці пракладваецца настойлівай працай. Лепшыя ўрачы, як правіла, пачыналі свой шлях у раённых бальніцах. Тут і сапраўды вы можаце набыць каштоўнейшы вопыт, вы будзеце вочы ў вочы з пацыентам, з яго праблемай, і вам — прымаць рашэнне і спраўляцца з ёй. Глускай бальніцы 133 гады, і гэта, мабыць, адзіная ў краіне бальніца, што носіць імя не знакамітага вучонага, а простага доктара, заслужанага ўрача БССР Аляксандра Сцяпанавіча Сямёнава. Не параўнаць умовы, пры якіх працаваў ён і якія для медыкаў створаны сёння. На 50 тысяч насельніцтва, якое абслугоўвала мясцовая земская бальніца, былі толькі чатыры чалавекі: урач (доктар Сямёнаў), фельчар, акушэр і санітарка...» «Насельніцтва раёна зараз складае 12 721 чалавек, за сем месяцаў нарадзілася толькі 32 дзіцяці, акрамя ЦРБ і паліклінікі, працуюць тры амбулаторыі ўрача агульнай практыкі і сем ФАПаў, нагрузка на ўрачоў непараўнальна меншая, чым раней, створаны ўсе ўмовы, абсталяваны рабочыя месцы, ёсць магчымасць праводзіць усе абследаванні, прадугледжаныя для бальніцы раённага ўзроўню. Застаецца толькі працаваць. Дакажыце, што вы лепшыя за нас. Няхай гэта бальніца стане для вас трамплінам да новых вышынь. Мы рады, што вы прыехалі да нас, і хочам падзяліцца з вамі сваім вопытам», — сказала Ірына Пятрова. Маладых калег, работнікаў таксама віталі і павіншавалі з першым рабочым месцам, пажадалі ім поспехаў намеснік галоўнага ўрача Жанна Нагорная, галоўны бухгалтар Галіна Сокал, старшыня прафкама Лідзія Царук, старшы інспектар па кадрах Святлана Лук’яновіч, інжынер па ахове працы Ірына Жалудковіч. Усе падкрэслілі, што вельмі рады маладому папаўненню, як ніколі шматлікаму, і спадзяюцца, што размеркаваным у нашу бальніцу спецыялістам тут спадабаецца і яны захочуць затрымацца ў нас. Напрыканцы сустрэчы былі традыцыйныя для такога моманту кветкі і невялікія падарункі. Традыцыйна ж на такой сустрэчы прысутнічалі і карэспандэнты «Радзімы», каб даведацца і расказаць сваім чытачам, хто ў гэтым годзе прыехаў працаваць у нашай бальніцы. Так, гэта ўрач агульнай практыкі Васіль Пятровіч (накіраваны загадчыкам Заеліцкай амбулаторыі, сам ён, дарэчы, лічы, мясцовы, з Завалочыц), урач-педыятр участковы дзіцячай кансультацыі Ірына Лазаковіч (абодва скончылі Гомельскі медуніверсітэт), урачы —анестэзіёлагі-рэаніматолагі паста рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі Анастасія Вітук (Гродзенскі ўніверсітэт) і Ілья Казлоўскі (Віцебскі медуніверсітэт), урач-хірург хірургічнага кабінета паліклінікі Марына Шкатула (Марына Канстанцінаўна з Глуска, вучылася ў Мінску), урач клінічнай лабараторнай дыягностыкі лабараторыі ЦРБ Паліна Батура (Гродзенскі ўніверсітэт). Таксама да работы ў паліклініцы прыступілі памочнікі ўрача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе кабінета ўрача агульнай практыкі Ксенія Крот, Анастасія Немчанка і Таццяна Пашкевіч, усе трое скончылі Бабруйскі медкаледж; Юлія Русая прыйшла працаваць медсястрой хірургічнага аддзялення бальніцы, Ганна Храмых — медсястрой прыёмнага аддзялення, Лізавета Шмуцінская — медсястрой агульнай практыкі кабінета ўрача агульнай практыкі, Мілана Дудаль — медсястрой дняўнога стацыянара, свае спецыяльнасці яны набылі ў Бабруйскім медкаледжы, у гэтай жа ўстанове вучыўся Аляксей Шпак і цяпер працуе фельчарам выязной брыгады аддзялення хуткай меддапамогі, Карына Мухіна скончыла Магілёўскі медыцынскі каледж і накіравана ў Заеліцкую ўрачэбную амбулаторыю фельчарам-лабарантам. Яшчэ два маладыя спецыялісты, што атрымалі размеркаванне ў Глускую ЦРБ, не медыкі, але таксама вельмі патрэбны ўстанове, гэта эканаміст Ксенія Бутанава і юрысконсульт Аляксандр Савянок, абодва — выпускнікі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. «Сяголета да нас прыйшло насамрэч вялікае папаўненне, — сказала ў размове з карэспандэнтам рэдакцыі галоўны ўрач раённай бальніцы Ірына Пятрова, — і ўсе прыехаўшыя спецыялісты нам патрэбны, усім ёсць работа. Аднак, на жаль, не ўсе яны тут застануцца. Кагосьці ў бліжэйшы час прызываюць у армію, хтосьці мае намер і прымае ўсе захады, каб пераразмеркавацца, а хтосьці гэта ўжо зрабіў. Будзем працаваць з тымі, хто застаецца, дапамагаць ім, падказваць. Усе нашы маладыя спецыялісты забяспечаны жыллём, гэта або інтэрнат, або арэндныя, або здымныя кватэры. Дарэчы, згодна з калектыўным дагаворам тым, хто здымае жыллё, для пакрыцця гэтых расходаў выплачваецца сума ў дзве базавыя велічыні. За ўсімі маладымі спецыялістамі замацаваны настаўнікі, іх старэйшыя калегі. Спадзяюся, у нашай раённай бальніцы прыехаўшая моладзь праявіць і рэалізуе свае веды, напрацуе каштоўны вопыт. Жадаю ўсім нам цярпення і ўдачы».




При сканировании соответствующего QR-кода, будет осуществлен переход на портал рейтинговой оценки, и можно будет оценить результат оказанной административной процедуры или услуги работниками Глусского райисполкома

Фотогалерея

© 2007-2024
Глуский районный исполнительный комитет
Официальный сайт