rubeen
logo

Глусский

районный исполнительный комитет

Официальный сайт

Адрес: 213879, г.п. Глуск, ул. Кирова, 16
Телефон приемной: 8 (02230) 78-988
E-mail: rik@glusk.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Вторник, 08 сентября 2020 13:04

Дзень беларускага пісьменства

Дваццаць сёмы Дзень беларускага пісьменства прымала 6 верасня магілёўская зямля. Фестываль слова на гэты раз прайшоў у Бялынічах.

Што ўразіла? Сам горад, вялікі і прыгожы, які напярэдадні свята яшчэ больш, так бы мовіць, раскрыўся ў сваёй прыгажосці і велічы. Нам, жыхарам раўніннай Глушчыны, крыху дзіўнымі былі ўзгорыстыя вулачкі, якія ва ўсе бакі спускаюцца ад цэнтра горада, дзе, уласна, і праходзіла свята. Уразіла само свята, яно, лічу, атрымалася сапраўды агульна-рэспубліканскім, столькі тут было людзей: тых, хто ладзіў майстар-класы, спяваў, танцаваў, выступаў з тэатралізацыямі, і яшчэ больш гледачоў, што прыехалі з розных куткоў краіны, не толькі з Магілёўшчыны. А ўжо колькі прыдумак, колькі цікавых быццам бы дробязяў, якія ўсе разам не давалі засумаваць. Не, сумаваць у Бялынічах не было калі і дзе, хіба што толькі стаміцца. Бо свята пісьменства працягнулася на паўтара кіламетра (афіцыйна, а здаецца, дык і на ўсе тры). Што там было? Імправізаваная бібліятэка, некалькі канцэртных пляцовак, гандлёвыя рады, горад майстроў. Канцэрты духоўнай музыкі, выступленні лепшых аматарскіх калектываў Магілёўшчыны, маладых выканаўцаў, квэст-гульня па творах Уладзіміра Караткевіча, фестываль беларускай кухні «БелаЕжа», выстаўкі — ад раёнаў, устаноў культуры, прафесійных навучальных устаноў, ад прадпрыемстваў. Ў медыяцэнтры былі наладжаны экспазіцыі, прысвечаныя славутым асобам Беларусі.

Асобна колькі слоў трэба сказаць пра тэматычную пляцоўку «Лёс зямлі маёй праз слова», яна ў васьмі тэматычных экспазіцыях адлюстроўвала гісторыю летапісання і друкаванага слова на Магілёўшчыне, асноўныя моманты з гісторыі вобласці, пачынаючы з 13-га стагоддзя (менавіта да гэтага часу належыць фрагмент берасцяной граматы, знойдзены ў Мсціславе). Глускі раён разам з Асіповіцкім, Кіраўскім, Слаўгарадскім і горадам Бабруйскам ладзілі экспазіцыю «СССР — аплот міру і працы (1945–1991 гады)», прадстаўлялі прамысловасць нашага раёна — прамкамбінат, які вырас з невялікай стружачнай майстэрні «Спатры», а пазней, у васьмідзясятыя, стаў мэблевай фабрыкай. Нашы глушчане прымалі ўдзел і ў горадзе майстроў, Соф’я Меснік, Наталля Грашчанка і Аляксей Меснік давалі майстар-класы, а глускія артысты паказвалі тэатралізаваную пастаноўку ды іншым чынам весялілі народ.
Адкрыццё Дня беларускага пісьменства праходзіла якраз бліжэй да цэнтра, на галоўнай сцэне. Але перад гэтым гораду былі ўручаны падарункі, змястоўныя і важкія. Па-першае, з удзелам высокіх гасцей была адкрыта скульптурная кампазіцыя «З’яўленне іконы», прысвечаная Бялыніцкай іконе Божай Маці: Манастырскую плошчу, што каля царквы, упрыгожыў гранітны анёл. Нешта мне падказвае, што гэта месца хутка стане адным з улюбёных для бялынічан, прынамсі, тут вельмі зручна будзе прызначаць спатканні. Таксама ў нядзелю расчыніў свае дзверы і абноўлены мастацкі музей імя Бялыніцкага-Бірулі.
Віншуючы бялынічан і гасцей свята падчас цырымоніі адкрыцця Дня пісьменства, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч сказаў: «Дзень пісьменства аб’ядноўвае тых, хто любіць Беларусь і жадае ёй далейшага развіцця і росквіту. Сённяшняе свята ў Бялынічах дазваляе аб’ектыўна ацаніць развіццё рэгіёнаў Беларусі за апошнія гады». Андрэй Кунцэвіч ведае, пра што гаворыць, бо сам родам з Бялыніч, тут вырас і працаваў, памятае, якім горад быў і якім стаў зараз. Ён таксама зачытаў прывітальнае слова ад Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. «Гэта свята — асаблівая падзея ў культурным жыцці Беларусі, — адзначаецца ў пасланні. — На яго пляцоўках адбываецца шматгалосы дыялог майстроў пяра, пісьменнікаў і паэтаў, пра лёс слова і культуры, сучаснасць і будучыню нашага народа. Тут сустракаюцца, узбагачаючы творчую ніву, літаратура, музыка, жывапіс і іншыя віды мастацтва... Упэўнены, гэтыя вераснёўскія сустрэчы добрая падстава для кожнага з удзельнікаў Дня пісьменства яшчэ раз зразумець, што беларусаў, якога б погляду яны не прытрымліваліся, заўсёды аб’ядноўваюць матчына мова, адзіны лёс і Бацькаўшчына. І гэты каштоўны скарб мы павінны зберагчы для нашчадкаў. Сардэчна зычу ўсім моцнага здароўя, дабрабыту, новых здабыткаў у жыцці і працы».
Цырымонія адкрыцця Дня беларускага пісьменства доўжылася амаль дзве гадзіны і сабрала розных выканаўцаў, ад вядомых і заслужаных, як «Песняры» і Анатоль Ярмоленка, да пачынаючых, маладых і нават самых юных. Са сцэны гучала беларускае слова, аздобленае музыкай, — ад фальклорных да сучасных эстрадных песень.
Музыкі, як і ўсяго іншага, прыгожага, смачнага, цікавага, дзіўнага і адмысловага, хапала на працягу ўсяго свята, на працягу ўсёй фестывальнай вуліцы. Пабываць усюды, пабачыць, паслухаць, паспытаць было проста немагчыма, як і апісаць увесь той настрой, тую атмасферу, што ўладарыла на свяце. У наступным годзе фестываль слова будзе прымаць Капыль, што ў Мінскай вобласці, туды, вядома, не кожны даедзе, але чаму б нам не спадзявацца, што Дзень беларускага пісьменства завітае калі-небудзь і на Глушчыну, якая таксама дала краіне нямала таленавітых пісьменнікаў?


















При сканировании соответствующего QR-кода, будет осуществлен переход на портал рейтинговой оценки, и можно будет оценить результат оказанной административной процедуры или услуги работниками Глусского райисполкома

Фотогалерея

© 2007-2024
Глуский районный исполнительный комитет
Официальный сайт