“За два месяцы лета зроблена нямала, — расказвае кіраўнік аддзела. — Калі летась у гімназіі была праведзена маштабная рэканструкцыя будынка, то сяголета тут зрабілі акцэнт на добраўпарадкаванні тэрыторыі, разбілі прыгожыя кветнікі, а яшчэ — адрамантавалі памяшканні музея ткацтва і школьнай бібліятэкі (яны не ўваходзілі ў план рэканструкцыі), набылі і ўстанавілі камеры відэаназірання — усё гэта за пазабюджэтныя сродкі. Адмыслова, па-новаму ўпрыгожылі кветкамі тэрыторыю і ў школе № 1, на самым уваходзе, дзе раней быў школьны агарод, зазелянеў малады газон, таксама ў школе вызначылі і адрамантавалі памяшканне для музея Сяргея Грахоўскага, там ужо ёсць і першыя экспанаты, акрамя гэтага, у школе будзе ўведзена кабінетная сістэма. Пра рамонт школы № 2 і гаварылі і пісалі нямала, таму не буду паўтараць тое, што зроблена, зазначу, што зараз тут таксама праводзіцца добраўпарадкаванне тэрыторыі, завяршаюцца аддзелачныя работы, манціруецца і падключаецца новае тэхналагічнае абсталяванне на харчаблоку. У работу актыўна ўключыўся ўвесь калектыў, чысцяць, наводзяць парадак, збіраюць і расстаўляюць мэблю. Зразумела, летам не сядзелі склаўшы рукі і ў сельскіх навучальна-педагагічных комплексах — паўсюдна праведзены касметычныя рамонты памяшканняў — як у класах, так у дзетсадаўскіх групах, на калідорах і ў іншых памяшканнях. У Завалочыцкім і Усцярхоўскім НПК набылі новыя аўдыторныя дошкі, ва Усцярхах — яшчэ і мэблю для дзіцячага садка. У Заеліцкай і Завалочыцкай школах з’явіліся кнопкі трывожнай сігналізацыі — яны набыты за бюджэтныя сродкі. Не засталіся без касметычнага абнаўлення сацыяльна-педагагічны Цэнтр, Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, Цэнтр творчасці, дзіцяча-юнацкая спартшкола, фізкультурна-спартыўны клуб і, безумоўна, нашы дзіцячыя садкі — тут таксама рамантавалі, што патрэбна, наводзілі парадак у памяшканнях і ў дварах. Да прыкладу, у трэцім садзе сяголета разбілі адмысловую кветкавую кампазіцыю, новы ценевы навес з’явіўся ў Калаціцкім дзіцячым садку, з дапамогай шэфаў тут набылі новыя пакрывалы і музычнае абсталяванне. Мы рабілі аб’езд-прыёмку ўстаноў адукацыі (у тым ліку санаторнай школы і школы мастацтваў), і магу з упэўненасцю сказаць, што ўсе яны, як будынкі, так і тэрыторыі, выглядаюць годна і гатовы да сустрэчы са сваімі вучнямі і выхаванцамі. Дзякуй за гэта кіраўнікам устаноў і калектывам”.
На падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года, па словах Святланы Лісіцы, сяголета было патрачана 45 тысяч рублёў пазабюджэтных сродкаў (платныя паслугі, шэфская і спонсарская дапамога). Акрамя таго, 12 з паловай тысяч рублёў будзе выдаткавана з бюджэту, гэта сродкі на новае халадзільнае і тэхналагічнае абсталяванне, як плануецца, у дзіцячыя ўстановы яно паступіць да 1 верасня. Зараз у аддзеле па адукацыі, спорце і турызме пачалі падрыхтоўку да традыцыйнай жнівеньскай настаўніцкай канферэнцыі, ну а ў школах неўзабаве стануць рыхтавацца да ўрачыстых лінеек Першага званка.
