Старшыня Глускага райвыканкама Сцяпан Чачуха, вітаючы ўдзельнікаў «Зажынак», пажадаў высокіх намалотаў і працоўнага натхнення, адзначыў, што сёлета адных толькі збожжавых і зернебабовых неабходна ўбраць больш за восем з паловай тысяч гектараў. Надвор’е спрыяла, каб ураджай быў добрым. Нямала сіл і намаганняў было ўкладзена. Засталося ўбраць вырашчанае якасна, своечасова, без страт.
Побач са старэйшымі камбайнерамі на працоўную вахту выходзіць і моладзь. Па добрай традыцыі іх пачаставалі квасам, каб моц была, бадзёрасць і настрой, уручылі сувеніры. Да хлебаробаў звярнуўся галоўны аграном аграфірмы «Слаўгарадскі» Генадзь Янушэўскі: «Наперадзе вялікі аб’ём работы. Разлічваем сёлета атрымаць больш высокую ўраджайнасць зерневых. Ужо спрабавалі малаціць ячмень і трыцікале, ячмень даў па 26 цэнтнераў з гектара, трыцікале яшчэ больш. У рабоце ў нас задзейнічана пяць збожжаўборачных камбайнаў, нагрузка на адзін у сярэднім складае 413 гектараў. Будзем старацца, галоўнае — папрацаваць плённа, тады і будзе добры вынік».
Жніўнымі песнямі на раённым свяце віталі ўсіх самадзейныя артысты з народнага ансамбля «Вярбічанька». Духмяны каравай з мукі леташняга ўраджаю паднеслі кіраўніку раёна. Каб намалаціць у гэтым годзе яшчэ больш зерня, па добрым звычаі Сцяпан Уладзіміравіч пераступіў праз зажыначны сноп мінулага года.
Пасля са словамі «Дай, Божа, поля каласістага, а зерня ядраністага!» пайшлі зажынаць першы сноп новага ўраджаю жнейкі. Жанчыны кланяліся ніве, спяваючы зажыначныя песні, сярпамі зразалі каласы, складвалі іх у снапы, перавязвалі іх стужкамі. Першы сноп — сімвал жыцця і дабрабыту, паказчык багацця і гаспадарлівасці — уручылі старшыні райвыканкама Сцяпану Чачуху, невялікія снапы-абярэгі — кіраўнікам гаспадарак, на будучы багаты ўраджай старшыням павязалі «зажыначныя паясы».
На плённую працу ўдзельнікаў жніва блаславіў настаяцель Свята-Богаяўленскага храма Глуска айцец Міхаіл, пасля чаго акрапіў хлебаробаў і тэхніку святой вадой. Самы час выводзіць тэхніку ў поле. Адзін за адным застракаталі камбайны, павольна акунуліся ў хвалі залатых спелых калоссяў. Што ж, у добры час, у добры шлях, глускія хлебаробы!





