На вочны тур абласнога этапа канкурсантаў адбіралі, ацэньваючы дасланыя матэрыялы з вопыту работы. Дарэчы, з нашага раёна першапачаткова было шэсць удзельнікаў у розных прадметных намінацыях, у фінал выйшлі і ездзілі ў Магілёў трое з іх: акрамя Галіны Усік, яшчэ Юлія Грабянькова, настаўніца замежнай мовы гімназіі, і Алена Філіпенка, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Заеліцкай школы. Вочны тур праходзіў з 16 па 20 сакавіка, ад канкурсантаў патрабавалася адказаць на пытанні па педагогіцы і псіхалогіі, даць адкрыты ўрок у незнаёмым класе і правесці майстар-клас для дарослай аўдыторыі.
Галіна Усік для ўдзелу ў конкурсе вырашыла абагуліць вопыт сваёй работы па фарміраванні маўленча-камунікатыўнай кампетэнцыі на занятках па беларускім літаратурным чытанні. Дзеці мала бываюць у беларускамоўным асяроддзі, лічыць настаўніца і імкнецца даць ім на пачатку вучобы як мага большую базу, закласці моцную аснову любові і разумення беларускай мовы. Цікава, што і ўрок, паводле жараб’ёўкі, Галіне Уладзіміраўне давялося весці па прадмеце «Беларуская мова» ў 4-м класе (у яе самой зараз другакласнікі).
На падрыхтоўку да ўрока было меней, чым суткі, але настаўніца амаль не хвалявалася, калі толькі за тое, ці пойдуць на кантакт дзеці, як адрэагуюць на незнаёмага чалавека. А вось за майстар-клас перажывала больш. «Урокі я вяду з задавальненнем, я люблю працаваць з дзецьмі, але я ніколі не мела справы з дарослай аўдыторыяй», — тлумачыць Галіна Уладзіміраўна. Майстар-клас жа канкурсанты давалі для метадыстаў абласнога інстытута развіцця адукацыі (хаця першапачаткова планаваліся студэнты педвузаў). «Калі ў апошні момант высветлілася, што гэта будуць не проста дарослыя, а прафесіяналы сваёй справы, крыху разгубілася, — усміхаецца мая гераіня. — Што я буду гаварыць людзям, якія самі вучаць настаўнікаў?» І хоць напачатку метадыстаў цяжкавата было ўцягнуць у актыўную дзейнасць, потым яны і фізкультхвілінкі рабілі, і інтэрв’ю адзін у аднаго бралі, і казку чыталі, і мультфільм глядзелі-абмяркоўвалі... Дарэчы, першае заданне майстар-класа Галіна Усік звязала з вершам Сяргея Грахоўскага «Ветразь».
Да апошняга выпрабавання — абарона вопыту работы — дапускаліся толькі тры чалавекі, і Галіна Усік трапіла ў гэты лік. І нечакана сама для сябе заняла другое месца. Нечакана, але, на маю думку, заканамерна, бо да гэтага конкурсу і гэтага выніку яе прывялі шматгадовы вопыт работы, прафесійныя адносіны да сваёй справы і, вядома, любоў да дзяцей.

