rubeen
logo

Глусский

районный исполнительный комитет

Официальный сайт

Адрес: 213879, г.п. Глуск, ул. Кирова, 16
Телефон приемной: 8 (02230) 78-988
E-mail: rik@glusk.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00

У Дзень сям’і на сустрэчу з кіраўніцтвам раёна запрасілі маладыя глускія сем’і


Дзень сям’і — светлае свята, у нашай краіне яго паўсюдна святкуюць, ушаноўваюць сем’і, бо без сям’і чалавек не адчувае паўнаты жыцця, менавіта сям’я стымулюе жыць і працаваць больш старанна, расці і развівацца, рухацца наперад, а сям’я з дзецьмі — самая правільная сям’я. Пра гэта гаварыў старшыня Глускага райвыканкама Аляксей Жураўлёў падчас сустрэчы з маладымі сем’ямі, якая была наладжана 15 мая.

У Глускім раёне 52 жанчыны ўзнагароджаны такой высокай дзяржаўнай узнагародай, як ордэн Маці, 196 сем’яў, дзе выхоўваецца 656 дзяцей, маюць статус мнагадзетных, а ўсяго ў раёне 1180 сем’яў з дзецьмі (2079 дзяцей да 18 гадоў).

Мадэратарам сустрэчы выступіў намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Анатоль Ласоцкі, ён накіроўваў удзельнікаў на адкрыты абмен думкамі, прапановамі, сваім бачаннем таго, што патрэбна змяніць, на якія праблемы звярнуць увагу, каб палепшыць умовы жыцця ў нашым раёне. Моладзь — найбольш актыўная частка грамадства, мае свой асаблівы погляд на розныя рэчы, часта крытычны, па-іншаму мысліць, таму выказаныя ідэі будуць не проста выслуханы, а і ўзяты пад увагу, запэўніў Анатоль Ласоцкі. Размова за чаяваннем і насамрэч атрымалася натуральнай, вольнай, ажыўленай, яе ўдзельнікі жартавалі, дзяліліся ўласным вопытам сямейнага жыцця, сваімі назіраннямі і прапановамі.



Мабыць, самая маладая сям’я з запрошаных на сустрэчу — гэта Лізавета і Аляксандр Грыгор’евы, абодва працуюць у Глускім лясгасе, іх сямейнаму саюзу каля года, першыя ўражанні добрыя, кажуць маладыя муж і жонка, жывуць яны ў сваёй кватэры, бытавую тэхніку набылі за дапамогу, якую ім аказалі на рабоце, пра дзяцей абяцалі падумаць.



Таццяна і Раман Платукіс абодва мясцовыя, яна працуе ўрачом-педыятрам у бальніцы, ён дыспетчарам у РАНС, у сям’і расце дачушка, васьмікватэрны двухпавярховы дом, дзе яны жывуць, размешчаны ў добрым месцы, і калі б з боку камунальнай службы да яго была большая ўвага, то было б і зусім добра.





Раман Цапік у Глускі РАНС прыехаў працаваць па размеркаванні, сустрэў добрую дзяўчыну, ажаніўся з ёй і застаўся ў Глуску, жонка Анастасія — мясцовая, працуе цеплатэхнікам у «Жылкамгасе» (за цёплую атмасферу ў доме можна не хвалявацца). Жыве маладая сям’я ў арэнднай кватэры, дзяцей пакуль няма. Але ж гэта — пакуль.



Старшыня райвыканкама Аляксей Жураўлёў заўважыў: добра, калі моладзь вяртаецца дадому, калі маладыя спецыялісты застаюцца пасля размеркавання, за моладдзю — будучае. А вось з дзецьмі зацягваць не варта, упэўнены шматдзетны бацька (у самога тры дачкі — і нараджэнне кожнай толькі дабаўляла радасці). Летась у раёне нарадзілася толькі 79 дзяцей — гэта мала, так што маладым сем’ям не варта зацягваць з нараджэннем дзетак, дабавіў ён.

У раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях працуе і Максім Шчэрба, яго жонка Анастасія Стральчэня загадвае ФАПам у Старадарожскім раёне (працуе там па размеркаванні), хутка выйдзе ў дэкрэтны адпачынак і прыедзе ў Глуск да мужа. Што да жылля, то, патлумачыла начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва Яўгенія Грыгор’ева, сям’я можа стаць як на агульную чаргу ў райвыканкаме, так і на чаргу па месцы работы мужа: МНС для сваіх супрацоўнікаў будуе жыллё.



Cям’я Байко, вырашаючы жыллёвае пытанне, сама ўзялася за будаўніцтва дома, і справа паступова рухаецца. Раман Байко працуе міліцыянерам-вадзіцелем у раённым аддзяленні Дэпартамента аховы, сам мясцовы, а жонка Валерыя — магіляўчанка, цяпер ужо былая магіляўчанка, таму што другім домам для яе стаў Глуск. У сям’і падрастае дачушка.



Яшчэ больш пазітыву размове дабавіла знаёмства з Віктарам і Таццянай Баярка. Яна працуе бухгалтарам у Цэнтры па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, а ён міліцыянер-кінолаг аддзялення Дэпартамента аховы. Віктар зараз у адпачынку — і гэта цудоўны час, падзяліўся ён прыемнай навіной, тым болей, што вясна, усё цвіце і зелянее, на вуліцах больш людзей, глядзіш на ўсё — і вока радуецца. Цудоўна, што ў Глуску па суботах праводзяцца музычныя вечары, людзі з задавальненнем на іх ходзяць (і маладзейшыя, і ва ўзросце), танчаць, проста прахаджваюцца, размаўляюць. Гэта вельмі добра, карысная справа, перакананы Віктар, патрэбна, каб у людзей была такая магчымасць, каб яны не сядзелі па дамах.



У Глуску жывуць Іван і Анастасія Буйчык, ён індывідуальны прадпрымальнік, яна працуе ў службе «адно акно» райвыканкама. Пакуль што сям’я з трох чалавек (тата, мама і дачушка) займае кватэру ў арэндным доме, але ўзяліся за будаўніцтва свайго. Кіраўнік раёна пахваліў маладых за разваротлівасць і смеласць, бо сам таксама будаваў дом і ведае, што гэта такое. Так, некаторыя цяжкасці ёсць, і адна з іх — адсутнасць пяску, падзяліўся Іван Буйчык, даводзіцца заказваць яго і вазіць з іншага раёна.



Сям’я Казловых, мабыць, адна з самых вопытных сямейных пар, запрошаных на гэту сустрэчу, разам яны больш за 10 год, у іх дзве дачкі, 10 і 6 год, жывуць у сваёй кватэры, працуюць у мясцовых арганізацыях: Анастасія — бухгалтар у райаграпрамтэхзабеспячэнні, Кірыл — электраманцёр раёна электрасетак. Значны сямейны вопыт, дзеці і агульныя клопаты дазваляюць ім рашаць праблемы мірна, на карысць інтарэсам усёй сям’і. Аляксей Жураўлёў пагадзіўся, што дзеці і сапраўды робяць сям’ю больш моцнай, дружнай, самай што ні на ёсць сапраўднай. Што да цяжкасцяў, то яны, так бы мовіць, не ў цягасць. Затое які гэта стымул працаваць, дабівацца большага!



Ды і дзяржава аказвае значную дапамогу сем’ям з дзецьмі. Пра розныя віды выплат падрабязна расказала прысутным начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Алена Кірэй. Начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва Яўгенія Грыгор’ева паведаміла пра тое, як можна набыць, пабудаваць ці адрамантаваць жыллё (галоўная ўмова — з’яўляцца маючымі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў). Галоўны спецыяліст райвыканкама па спорце Ігар Сушчэня запрасіў моладзь актыўна карыстацца і наведваць спартыўныя збудаванні раёна (іх у нас больш за паўсотні). Загадчык сектара культуры Аліна Хлістунова расказала пра магчымасці культурнага адпачынку і развіцця творчых здольнасцей у клубных установах, бібліятэках, музеі, Доме рамёстваў і тут, у гэтым Цэнтры культуры і вольнага часу «Арыён», дзе і праходзіла сустрэча.



На завяршэнні размовы старшыня райвыканкама Аляксей Жураўлёў яшчэ раз павіншаваў прысутных з Днём сям’і, пажадаў моладзі расці, развівацца, прыносіць карысць грамадству, бо моладзь — гэта будучае, і калі яна ёсць — ёсць будучае ў любога горада, вёскі, пасёлка.

Т. ЛУКАШЭВІЧ
Фота Г. АЎТУХОВАЙ




При сканировании соответствующего QR-кода, будет осуществлен переход на портал рейтинговой оценки, и можно будет оценить результат оказанной административной процедуры или услуги работниками Глусского райисполкома

Фотогалерея

© 2007-2024
Глуский районный исполнительный комитет
Официальный сайт