rubeen
logo

Глусский

районный исполнительный комитет

Официальный сайт

Адрес: 213879, г.п. Глуск, ул. Кирова, 16
Телефон приемной: 8 (02230) 78-988
E-mail: rik@glusk.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Пятница, 10 мая 2019 14:18

Аб’яднаныя агульнай памяццю

Аб’яднаныя  агульнай памяццю

У семдзесят чацвёрты раз Глушчына разам з усёй краінай адзначыла свята Вялікай Перамогі. У лёсе кожнага народа ёсць падзеі, якія і праз стагоддзі аб’ядноўваюць яго, згуртоўваюць, і для беларусаў такая падзея — Вялікая Айчынная вайна. Мы ўсе — і тыя, хто быў сведкам ваеннага ліхалецця, і тыя, хто ведае пра вайну па расказах і ўспамінах, — з’яднаны агульнай памяццю пра яе. Памяць гэта закладзена, здаецца, у нас на генетычным узроўні, і свята Перамогі — нацыянальнае свята, яго сутнасць мы асэнсоўваем не толькі і не столькі розумам, колькі адчуваем на ўзроўні падсвядомасці.

Як нашы прадзеды плячо ў плячо ішлі разам супраць ворага, так і ў святочны дзень 9 Мая 2019 года глушчане дружна разам выйшлі на парад Перамогі. Многія неслі партрэты сваіх родзічаў, якія змагаліся ў Вялікую Айчынную. Так Глуск прыняў удзел у акцыі «Беларусь памятае». На жаль, не было ўжо, як і мінулы год, на гэтым парадзе саміх ветэранаў Вялікай Айчыннай — віншаванні яны прымалі кожны дома.

Шэсце працоўных калектываў традыцыйна ўзяло свой пачатак каля гарадской плошчы і завяршылася каля мемарыяла Воінскай Славы ўрачыстым мітынгам. Кіраўнік раёна Сцяпан Чачуха згадаў пра ўсіх загінулых на франтах і прапаўшых без вестак жыхароў Глушчыны, пра людзей, што былі расстраляны, спалены жывымі, закатаваны ў сваіх вёсках і хатах... У чарговы раз прагучалі імёны нашых землякоў — герояў Савецкага Саюза, і памяць усіх ахвяр вайны глушчане ўшанавалі хвілінай маў-чання. З прамовай на мітынгу выступіў старшыня ветэранскай арганізацыі Валерый Сураўнёў, ад імя моладзі словы падзякі ветэранам сказала вучаніца гімназіі Глуска Ангеліна Долбік.

Свята прадоўжылася ў цэнтры гарпасёлка. Быў канцэрт, падрыхтаваны артыстамі раённага Дома культуры і вучнямі дзіцячай школы мастацтваў. Былі атракцыёны, гульні і конкурсы для дзяцей. Быў кірмаш ад Глускага райпо, а ўстановы раёна пра-давалі і разыгрывалі сувеніры ручной работы. Сельгасарганізацыі і сельвыканкамы падрыхтавалі тэматычныя падворкі.

Ажыўлена было каля фотазоны, створанай супрацоўнікамі раённага краязнаўчага музея: тут можна было не толькі паразглядваць экспанаты, але і сфатаграфавацца з імі — гармонік часоў вайны ў рукі ўзяць, па сапраўдным палявым тэлефоне «паразмаўляць», плашч-палатку накінуць. Тут жа побач свае стэнды з кнігамі разгарнула цэнтральная бібліятэка — падыходзьце, гартайце, калі што зацікавіла. І падыходзілі, і гарталі кнігі пра вайну, пра герояў, думаю, чытачоў у бібліятэцы цяпер яшчэ прыбавіцца.

Не пуставала і пляцоўка каля фотавыставы, якую падрыхтавала наша рэдакцыя: што знайшлі ў архіве газеты, што адшукалася ў асабістых альбомах глушчан (дзякуй усім, хто адгукнуўся на нашу просьбу і падзяліўся фотаздымкамі). Людзі падыходзілі, доўга разглядалі фотакарткі, знаходзілі знаёмых, родзічаў, некаторыя нават пыталіся, ці можна недзе зрабіць копію канкрэтнага здымка.

Нямала народу сабраў канцэрт рок-групы «МAXIMUS» на летняй танцпляцоўцы. Паслухаць сваіх землякоў на іх дэбютнае выступленне ў Глуску прыйшлі не толькі прыхільнікі такой музыкі — і ўнутры «сеткі», і вакол яе сядзелі і стаялі сваякі, суседзі, іншыя глушчане розных узростаў. Спачатку моладзь мо і саромелася танчыць: побач жа настаўнікі і бацькі, але драйв, эмоцыі, якімі дзяліліся артысты з публікай, перамаглі, вымусілі выйсці на танцпол. Гледачы больш дарослыя, разыходзячыся пасля канцэрта, хвалілі музыкантаў і шкадавалі толькі, што тыя ўголас не назвалі свае імёны.

Асобная «гісторыя» разгортвалася на гарадскім стадыёне, дзе праходзіла ў гэты дзень некалькі спартыўных спаборніцтваў. Усе перамогі, таксама як і паказальныя выступленні выхаванцаў секцыі таэквандо, былі ў гэты дзень прысвечаны землякам, якія ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай, а потым будавалі новае жыццё, узнімаючы з руін родную Глушчыну.Турнір па валейболе сабраў чатыры каманды, гэта зборная моладзі Глуска і зборныя трох школ — гарадскіх нумар 1 і нумар 2 і Заеліцкай. У фінале сустрэліся моладзевая зборная і заеліцкія школьнікі, гульня ішла нараўне, але першае месца ў сапернікаў усё ж такі вырвала каманда моладзі. Адпаведна на другім месцы аказаліся валейбалісты з Заеліцы, у барацьбе за трэцяе месца перамагла каманда першай школы райцэнтра. У святочны дзень 9 Мая стартавалі раённыя спаборніцтвы па футболе сярод дзяцей і падлеткаў «Скураны мяч». Першая гульня выпала камандам гімназіі і сярэдняй школы № 2 (2005–2006 года нараджэння), з лікам 5:0 перамогу ўзялі гімназісты. У бліжэйшы час пройдуць астатнія гульні футбольнага турніру. У гонар Вялікай Перамогі таварыскі футбольны матч правялі зборная Глуска і каманда аматараў з Бабруйска, ён закончыўся з лікам 1:1.

Семдзесят чатыры гады прайшло з таго часу, як для мільёнаў савецкіх людзей прагучала радаснае і такое доўгачаканае слова «Перамога». Пераадолеўшы ворага, паклаўшы канец самай страшнай, нават па тысячагадовых мерках гісторыі, вайне, нашы продкі пакінулі нам свой запавет: берагчы мір. Увесь гэты час беларусы імкнуліся гэты запавет выконваць. Спадзяюся, нягледзячы на такі неспакойны зараз свет, памяць пра загінулых і надалей не дасць беларусам забыцца на яго. Добра, каб пра вайну нам нагадвалі толькі салдацкая каша на Дзень Перамогі ды бутафорскія аўтаматы ў фотазонах.

Фотогалерея

Разработка и сопровождение
МГКУП «ЦГИС», г.Могилев
© 2007-2018
Глуский районный исполнительный комитет
Официальный сайт