• Мемориальный комплекс Воинская СлаваМемориальный комплекс Воинская Слава
  • Районный историко-краеведческий музейРайонный историко-краеведческий музей
  • Отделение дневного пребывания для инвалидовОтделение дневного пребывания для инвалидов
  • ПриродаПрирода
Главная -  Новости -  Новости района

Урокі Грахоўскага ў школе яго імя

02.10.2018

У цэнтры імпрэзы, што адбылася напрыканцы мінулага тыдня ў першай школе райцэнтра, была асоба паэта, празаіка, публіцыста Сяргея Іванавіча Грахоўскага. А ў нейкія хвіліны нават складвалася адчуванне, што постаць паэта — не толькі ў цэнтры размовы і ўспамінаў, а побач... Побач з тымі, хто сабраўся ў школе яго імені з нагоды яго 105-гадовага юбілею. Дачка Таццяна Сяргееўна, унук Андрэй, праўнук Іван, сябры паэта, а таксама настаўнікі і вучні нашага раёна.
«Калі людзям з іншых мясцін расказваеш, што такое Глуск, прасцей акрэсліць не геаграфічнае становішча, а назваць імёны вядомых землякоў, што сваімі ўчынкамі і жыццём праслаўлялі і праслаўляюць наш гарадок далёка за яго межамі. Сярод гэтых землякоў — Сяргей Іванавіч Грахоўскі», — заўважыла, адкрываючы імпрэзу, начальнік раённага аддзела па адукацыі, спорце і турызме Святлана Лісіца.
Мерапрыемства называлася «Урокі Грахоўскага», і кожны выступоўца, расказваючы пра сваё знаёмства з Сяргеем Іванавічам, пра яго самога, яго характар, звычкі, узгадваў і тыя ўрокі, якія вынес з гэтага сяброўства, якія могуць служыць запаветам для нашчадкаў і землякоў паэта.
Яго бязмежную любоў да свайго мястэчка адзначалі ўсе прысутныя. «Глуск, Глуск... Мы чулі ад яго гэта слова ў далёкай Сібіры, гэта была для яго зямля абетаваная, і сюды ён імкнуўся нават у самыя цяжкія хвіліны», — гаварыла са сцэны дачка паэта Таццяна Грахоўская і шчыра дзякавала глушчанам, райвыканкаму, усім ініцыятарам юбілейнай сустрэчы і ўсім, хто на яе прыйшоў. Сям’я стараецца захаваць памяць пра Сяргея Грахоўскага не толькі як пра роднага ім чалавека, але і як пра пісьменніка, хоць у нашы дні гэта вельмі нялёгка. З таго часу, як паэта не стала, выйшла ўжо чатыры кнігі яго твораў. Таццяна Сяргееўна падарыла некалькі з іх дзецям, якія цікавяцца паэзіяй і самі спрабуюць пісаць вершы: Дзіяне Жукоўскай, Мілане Сокал і Валерыю Мохневу. Дарэчы, іх вершы таксама прагучалі на мерапрыемстве.
Глуск і глушчане сапраўды займалі ў сэрцы паэта асобае месца. Ужо маючы розныя высокія рэгаліі, займаючы пасады, ён клапатліва дбаў пра сваіх землякоў. Аб гэтым узгадваў вядучы імпрэзы Навум Сандамірскі, якому Сяргей Іванавіч літаральна «выдаў пуцёўку» ў саюз пісьменнікаў. Пра гэта гаварыў і Навум Гальпяровіч, паэт, журналіст, галоўны дырэктар міжнароднага вяшчання Беларускага радыё. Свае ўспаміны пра знаёмства з паэтам і розныя эпізоды з іх сяброўства Навум Гальпяровіч закончыў такімі словамі: «Мне пашчасціла сказаць слова пра Сяргея Грахоўскага на яго радзіме — гэта шчасце і вялікі гонар!»
Адным з падарункаў глушчанам стала кніга вядомага архітэктара, аднаго з аўтараў мемарыяльнага комплексу «Хатынь», Леаніда Левіна, у гэтай кнізе ёсць расповед і пра Сяргея Грахоўскага. Яе перадала Галіна Левіна, дачка архітэктара і сама архітэктар, стваральніца памятнага комплексу на Мыслачанскай гары. У доме Левіных часта бывалі вядомыя асобы, так адбылося і знаёмства Галіны Леанідаўны з паэтам Грахоўскім. «Мы сёння гаворым пра ўрокі. Галоўны ўрок, які дало мне гэтае знаёмства, — уменне сябраваць, шырокі погляд на свет, погляд над... Здаецца, што магло звязваць паэта і архітэктара? Сяргей Іванавіч умеў быць уважлівым да кожнага чалавека і знаходзіць агульныя кропкі», — заўважыла яна.
Узгадвалі прысутныя і сціпласць паэта. Барыс Туміловіч, кардыяхірург, таксама выхадзец з Глуска, успомніў, як аднойчы Грахоўскі здзівіў яго такімі словамі: «Ну што я? Вось ты — аперацыі на сэрцы робіш, колькі чалавечых жыццяў выратаваў!» Сяргей Грахоўскі быў эрудыраваным чалавекам з выдатнай памяццю, якая захоўвала безліч звестак з гісторыі роднага мястэчка. «Калі зрэдку мы разам ехалі з Мінска ў Глуск, то дарога здавалася зусім кароткай — так хутка яна пралятала пад бясконцыя цікавыя расказы Сяргея Грахоўскага», — падзяліўся Барыс Туміловіч.
Пра дзень сённяшні глускай зямлі, пра тое, што робіцца тут для захавання памяці аб паэце-земляку, і пра тое, як увогуле ствараецца культурнае жыццё раёна, гаварылі тыя, хто жыве тут зараз. Слова ад раённай улады трымаў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Цімчанка. «Наш знакаміты паэт пранёс любоў да свайго мястэчка праз гады і выпрабаванні, і гэта нам ад яго ўрок. Райвыканкам на чале са старшынёй Сцяпанам Чачухам робіць шмат, каб глуская зямля квітнела і мянялася да лепшага. А ваша задача і вам наказ — не забывацца на сваю малую радзіму, дзе б вы ні апынуліся», — заўважыў сярод іншага Дзмітрый Цімчанка, звяртаючыся ў першую чаргу да вучняў, што сядзелі ў зале.

Таццяна і Іван Грахоўскія
Дырэктар сярэдняй школы № 1 Валянціна Сыцька адзначыла са сцэны, што і настаўнікі, і вучні шчыра ганарацца тым, што школа носіць імя такога чалавека, выпускніка Глускай сямігодкі, пераемніцай якой і стала першая школа. Пра тое, як выконваюцца запаветы Грахоўскага і захоўваецца сувязь з іншымі землякамі, расказала дырэктар сярэдняй школы № 2 Алена Слічонак. «Сяргей Грахоўскі — гэта зорка, на якую мы будзем заўсёды раўняцца», — прагучала ў яе выступленні. Гучалі на сустрэчы, канешне, і вершы самога паэта — у выкананні вучняў і... праўнука паэта Івана Грахоўскага. Гучала і песня — пра Радзіму, аўтарства і выканання Валянціны Хлань. Пра тое, што глускія маладыя захоўваюць традыцыю ўскладаць кветкі да помнікаў, у тым ліку да помніка знакамітаму паэту, расказала кіраўнік ЗАГСа Ганна Марціновіч.

Кветкі да барэльефа Сяргея Грахоўскага на бульвары, што носіць яго імя, леглі і ў гэты дзень. Іх усклалі вучні, настаўнікі, родныя і блізкія паэта.