• Районный историко-краеведческий музейРайонный историко-краеведческий музей
  • Отделение дневного пребывания для инвалидовОтделение дневного пребывания для инвалидов
  • Мемориальный комплекс Воинская СлаваМемориальный комплекс Воинская Слава
  • ПриродаПрирода
Главная -  Новости -  Новости района

Справы ветэранскія

29.10.2018

Патрыятызм не ўзнікае па чыімсьці ўказанні ці распараджэнні, не з’яўляецца сам па сабе, на пустым месцы — яго патрэбна выхоўваць, крапатліва і пастаянна, дзень за днём, крок за крокам, з малых гадоў. І хто гэта зробіць лацвей за ветэранаў вайны і працы, якія жыццём і справамі даказалі свой патрыятызм, праявілі яго ў дзеянні? Пра гэта і пра некаторае іншае ішла гаворка на пашыраным пасяджэнні прэзідыума раённага савета ветэранаў. Яно праходзіла 23 кастрычніка, а месцам правядзення была выбрана сярэдняя школа № 2. І зусім невыпадкова, што школа, бо тут вучаць дзяцей патрыятызму, прывіваюць любоў да Радзімы. І зусім невыпадкова, што школа № 2, бо якраз у гэтай установе шмат робіцца для таго, каб яе вучні мелі перад вачамі прыклады таго, як жыць, якімі быць і як адносіцца да месца, дзе жывеш, да школы, у якой вучышся. Сведчаннем таму стаў клас гісторыі школы, адкрыты з дапамогай і пры актыўнай падтрымцы былых вучняў (менавіта там і праходзіла пасяджэнне), галерэя эскізаў да ненапісаных карцін нашага народнага мастака Івана Булгакава, ён пэўны час працаваў у гэтай школе, а эскізы сюды перадаў яго сын Аляксандр Булгакаў. Пра ўсё гэта расказала ветэранам, правяла іх па школе яе дырэктар Алена Слічонак, таксама прапанавала цікавую прэзентацыю з фота- і відэа матэрыяламі, а школьнікі цудоўна і прачула выканалі верш пра Глушчыну і песню пра радзіму.

На самым пачатку сустрэчы калег шчыра прывітаў старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Валерый Сураўнёў. Хвілінай маўчання ўшанавалі нядаўна пайшоўшых з жыцця ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра Мікалаевіча Лысака і старшыні ветэранскай арганізацыі ААТ «Зара Камуны» Анатоля Васілевіча Зубрыцкага. З аптымізмам успрынялі навіну пра з’яўленне дзвюх новых пярвічных ветэранскіх арганізацый — ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і ў раённым цэнтры сацыяльнага абслугоўвання. Прадоўжыла размову пра патрыятычнае выхаванне Паліна Сандамірская, старшыня ветэранскай арганізацыі школы № 2. Яна адзначыла, што ў школе кожны прадмет і кожны ўрок так ці інакш спрыяюць выхаванню ў дзецях любові да Радзімы, да яе людзей, гісторыі, цяперашняга і будучага. «Для мяне ж любіць Радзіму — гэта яшчэ і ганарыцца ёю, — сказала Паліна Юр’еўна, — і я ганаруся і нашай краінай, і родным Глускам, і гэтай школай, дзе я вучылася, і яе выпускнікамі, настаўнікамі. І мерапрыемствы, паказаныя ў фільме-прэзентацыі, нацэлены на тое, каб яе сённяшнія вучні таксама маглі бачыць і ганарыцца дасягненнямі сваёй школы, свайго горада».

Прадоўжылася пасяджэнне праглядам відэафільма — удзельніка абласнога конкурсу «Быць годнымі гераічнага мінулага нашай Радзімы». Фільм называецца «Пра тых, хто там быў», яго здымалі Дзмітрый і Аксана Сокал (Аксана Міхайлаўна працуе ў школе № 2), там удала спалучаюцца ўласныя ўражанні і каментарыі, успаміны ўдзельнікаў і сведак страшных падзей вайны, кадры ваеннай кінахронікі. Падчас прагляду многім цяжка было стрымаць слязу... Фільм кранае за жывое, і будзе правільным паказаць яго ва ўсіх школах, прадэманстраваць у працоўных калектывах, каб людзі, асабліва моладзь, ведалі і разумелі, што нясе з сабой вайна, што яна сабой уяўляе, таму што сучасныя баевікі паказваюць зусім іншыя карціны, ствараюць іншы настрой. Такую думку выказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Генадзь Ліпскі, які прыняў удзел у пашыраным пасяджэнні прэзідыума раённай ветэранскай арганізацыі. Як сакратар раённай арганізацыі Камуністычнай партыі ён уручыў Ганаровую грамату з нагоды асабістага юбілею камуністу і ветэрану працы Уладзіміру Чабану. Віншаванні, кветкі і прэмію юбіляр атрымаў і ад раённага савета ветэранаў. Звання ганаровага ветэрана працы з уручэннем нагруднага знака ўдастоены Васіль Меснік. Прэмію ад раённага савета ветэранаў за ўдзел у конкурсе відэафільмаў, прысвечаным 75-годдзю вызвалення Беларусі, Валерый Сураўнёў уручыў Аксане Сокал, Падзяку за актыўную работу па патрыятычным выхаванні моладзі і супрацоўніцтва з ветэранскай арганізацыяй атрымала дырэктар школы № 2 Алена Слічонак. Удзельнікі пасяджэння падтрымалі дружнымі апладысментамі ўсе ўручэнні і ўзнагароды і за чаем прадоўжылі размову аб жыцці і справах.