rubeen
logo

Глусский

районный исполнительный комитет

Официальный сайт

Адрес: 213879, г.п. Глуск, ул. Кирова, 16
Телефон приемной: 8 (02230) 78-988
E-mail: rik@glusk.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Понедельник, 15 апреля 2019 15:39

На местачковых вуліцах

На местачковых вуліцах

Пачынаючы з апошняга тыдня сакавіка ў Глуску актыўна вядзецца добраўпарадкаванне тэрыторый агульнага карыстання і прылеглых да прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый. Работы ідуць у адпаведнасці з пратаколамі даручэнняў старшыні раённага выканаўчага камітэта, справаздачы па тым, што выканана, а што — не, робяцца штотыднёва. У агульнай колькасці кіраўнікам усіх раённых службаў за тры тыдні было дадзена больш за 70 даручэнняў з канкрэтнымі адрасамі, пералікам работ і тэрмінамі іх выканання. Як зазначыў у размове з карэспандэнтам рэдакцыі начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва Дзмітрый Кушын, усе кіраўнікі з разуменнем аднесліся да такіх даручэнняў, калі хто і званіў у аддзел, то для таго, каб штосьці ўдакладніць і параіцца, як лацвей зрабіць работу. У выніку амаль усё запланаванае насамрэч выконваецца якасна і своечасова, часам пераносяцца толькі тэрміны аб’ёмных работ, скажам, уладкаванне ліўнёўкі па завулку Паўночным, расчыстка канала па Пралетарскай вуліцы, рамонт агароджы на яўрэйскіх могілках.

Зрэшты, тое, што раённы цэнтр паступова мяняецца, пазбаўляецца непатрэбнай сухой расліннасці, старых аварыйных дрэў, паламаных платоў і лядашчых будынін з праваленымі дахамі, глушчане заўважаюць самі, бо ад такой маштабнай уборкі, як і ад пабеленых камлёў дрэў, быццам бы пасвятлела на местачковых вуліцах. Прычым не толькі тых, што ў цэнтры. Вось і мы, каб пераканацца, што не толькі «цэнтр ліжуць», паехалі на вуліцу Школьную. Там, як мы дазналіся, раёну газазабеспячэння было даручана знесці адну лядашчую будыніну: яна і выгляд псавала, і суседзі скардзіліся ў райвыканкам, што разводзяцца ды ў двары паўзуць непрыемныя істоты. Але ж знайшлі адрас не адразу, спачатку праехалі міма — да таго ўсё было там знесена, звезена і разраўняна. Выйшаўшая з дома насупраць гаспадыня падзякавала, што ўлада так хутка адрэагавала на просьбу і што работа зроблена насамрэч якасна.

Пабылі мы на рагу завулкаў Вілюгі, Паўночнага і вуліцы Берагавой. Там паўз невялікі ліўнёвы канал за будынкамі гаражоў навялі парадак работнікі Глускага ўчастка электрасувязі РУП «Белтэлекам». І сам канал, і тэрыторыя побач з ім цяпер у поўным парадку: смецце і лісце павыграбана, лішняя расліннасць выдалена і спалена, а паласа зямлі за гаражамі нават заарана. Зроблена ўсё належным чынам, адзначае Дзмітрый Кушын.

Зразумела, што найбольшыя аб’ёмы работ у раённым цэнтры выконваюцца камунальнай службай, у ліку самых прыкметных — абнаўленне лавак у цэнтральным парку, добраўпарадкаванне тэрыторыі перад гасцініцай — тратуар, бардзюры, клумбы, зялёныя насаджэнні. Акрамя таго, «Жылкамгас» пачаў бягучы рамонт жылля: зараз работы вядуцца на доме № 65 па вуліцы Кірава, усяго ў гэтым годзе такім чынам запланавана адрамантаваць 20 дамоў.

Робяць сваю справу і дарожнікі. У прыватнасці, па словах начальніка ДРБУ № 213 Аляксандра Харца, зараз на дарозе ў накірунку вёскі Бабірова вядзецца ямачны рамонт струменна-ін’екцыйным спосабам устаноўкай «Тайфун». Асфальта-бетоннай сумессю пад фрэзу рамантуюць (ямачны рамонт) дарогу на Дуброву, вядуцца работы і на аб’язной у Глуску — для далейшага ўкладання асфальту і завяршэння распачатых там яшчэ летась работ. Не засталіся незаўважанымі глушчанамі і падрыхтоўчыя работы, што пачаліся па вуліцы Максіма Горкага — бліжэй да перакрыжавання з Гагарына. Там, па словах Аляксандра Харца, будзе прадоўжана аўтастаянка, ліўневая каналізацыя, заменены бардзюрны камень, а тратуар зробяць з пліткі.

http://www.glusk.by

Фотогалерея

Разработка и сопровождение
МГКУП «ЦГИС», г.Могилев
© 2007-2018
Глуский районный исполнительный комитет
Официальный сайт